Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульцы й глядыятары


Канстанцін Чарнец
Канстанцін Чарнец

Тады паслухайце, якое пачуцьцё выклікае ў мяне наш накід дзяржаўнай будовы. Гэта пачуцьцё падобнае да таго, якое зазнаеш, убачыўшы якіх-кольвек высакародных, прыгожых зьвяроў, намаляваных на малюнку, а то й жывых, але нерухомых: абавязкова захочацца паглядзець, якія яны ў руху ды як яны пры змаганьні выяўляюць тыя сілы, пра якія дазваляе здагадвацца склад іхных целаў.

Платон. Тымэй


Наш дзяржаўны Левіятан маларухомы, коснаязыкі й задуменны, у адрозьненьне ад якой-небудзь вёрткай, легкадумнай і гаваркой дэмакратыі. Усё ў ім поўнае самавітасьці й самапавагі, млявы погляд яго ўсюдыісных вачэй прымушае зачараванага назіральніка паверыць у раеньне нястомнай думкі там, у чэрапна-мазгавой глыбіні. Вось, напрыклад, сёньня другі дзень такой займальнай падзеі: «Сыстэма ідэалягічнай працы ў Рэспубліцы Беларусь: сучасны стан і пэрспэктывы разьвіцьця» — ахвотнікі сілкавацца ў стракатай залі кафэтэрыю пры «Цэнтральным» мусілі былі заўважыць сіратлівую, але ганарлівую расьцяжку над праспэктам. skalinkina заўважыла, і разгледзела ў манумэнтальнай падзеі дробныя займальныя дэталі. Чаму, напрыклад, саліруе на гэтай «нарадзе-сэмінары» сам кіраўнік Адміністрацыі Макей В.В., а не прадказальная намесьніца кіраўніка Адміністрацыі па ідэалёгіі Натальля Пяткевіч? Блогерка лічыць, што майстры ідэалягічнага цэху схібілі... у абслугоўваньні перадвыбарнага працэсу. Вось так:


«Плянавалася, што для падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў улада высуне падчас выбараў мясцовых па некалькі сваіх кандыдатаў на акругу, каб яны актыўна праводзілі тлумачальную працу. Але ледзь-ледзь па адным кандыдаце наскрэблі. Дый тыя ножкамі акругі таптаць ня будуць. Увогуле, ніякай працы, ніякай сыстэмы й ніякай ідэалёгіі. А вось дзяржаўныя выдаткі на ўтрыманьне штата лайдакоў немалыя».


Дурная галава нагам супакою не дае, значыць разумная павінна даваць ― так, мабыць, вырашылі для сабе ідэалягічныя байцы, за што зараз і выслуховаюць бацькоўскую вымову ў стылі «Ані кроку назад», але дзе «перад» ― гэтая інфармацыя, трэба меркаваць, сакрэтная. Бо патрапіць на зьлёгку разрэклямаваны «сэмінар» чалавеку з вуліцы не наканавана. Я спрабаваў, нават у касе Палаца Рэспублікі жадаў сумленна купіць квіткі, але, на жаль! ― касіркі былі ў поўным няведаньні пра тое, што адбывалася побач за сьценкай. Ідэолягі ў адсутнасьць гледачоў паводзілі сябе ціха: ні табе сьпеваў дзяржаўнага гімну, ні авацыяў, ад якіх скаланаюцца сьцены; пэўна, нават ня дыхалі.


Гэта як патрапіць у калектыў выбарчай камісіі ― таксама нябось патрэбныя запрашальныя квіткі, якія за грошы ня купіш, хітрасьцю ня возьмеш і сілай не атрымаеш. Цалкам казачная задача! А bsdp-brest спрабавалі вырашыць яе з дапамогай законных, судовых сродкаў.


Самым парадаксальным і пры тым адным з асноўных довадаў прадстаўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну г. Брэста С.Савінскай па фармаваньні камісіяў служыць той, што «ўчастковая выбарчая камісія — гэта мабільная група людзей, якая мае працаваць апэратыўна». Выходзіць, як апэратыўная група калегаў-аднадумцаў, скаваная адной мэтай і адным ланцугом, дзе няма

месца іншадумству.


Фі, спадары! Пара палюбіць парадоксы. «Je poetischer, je wahrer (Чым паэтычней, тым сапраўдней)», — намаўляў Наваліс, рамантычны вершапісец і горны інжынэр. Ня дзіва, што судзьдзі адмовілі бяз жалю. І дзе тут сацыял-дэмакратычнае іншадумства? Стылістычныя рознагалосьсі — перадусім, а яны не адчуваюцца. Прынамсі, суд іх не адчуў, не спалохаўся, не прачнуўся. «...Мы лічым сваім абавязкам перад краінай, перад сваім народам і ўсясьветнай грамадзкасьцю садзейнічаць выпраўленьню гэтых парушэньняў...» — так і ўяўляеш, што чалавек у мантыі, чытаючы, душыць позех і піша «караць», бо, як слушна сьцьвярджала казачная прынцэса, гэта карацей, чым «памілаваць». Нагода папрацаваць над стылем і не маркоціцца.


Як не маркоціцца latinista, бо на яго баку птушыная сіла мары. А шэрым шурпатым мячом закону ў яго перад носам размахвае зараз Міністэрства юстыцыі ― адно з самых празаічных месцаў на зямлі.


Прэтэнзіі шматлікія й ня цалкам зразумелыя, толькі чамусьці здаецца, што ўсё гэта з-за нашай актыўнасьці на выбарах у мясцовыя саветы. Асабіста я паспрабую выставіць сваю кандыдатуру па Першамайскай выбарчай акрузе № 56. Час перамагаць.


Сапраўды, мясцовыя выбары сталі нагадваць двубой гульца ў нарды з шахматыстам. Кожны ― знаўца тонкасьцяў сваіх правілаў, а суперніка можа толькі інтуітыўна адчуваць. Прасьцей зусім забыцца пра правілы і зь вясёлым адчаем рынуцца ў безаглядны бой ― вось што параілі камэнтатары прыгнечанаму няўдачамі вэтэрану беларускай палітыкі А. Лябедзьку на форуме naviny.by:


Рабіць спасылкі на сваволю ўлады падчас выбарчых кампаніяў бессэнсоўна. У гісторыі маса выпадкаў, калі апазыцыю ўсяляк прасавалі і забаранялі, але яна ўсё адно прарывалася. Напрыклад, царская ўлада да самага свайго скону забараняла дзейнасьць бальшавікоў. Знаходзіла іх нават у лесе на маёўках і ладзіла разгон. Не дапамагло. Калісьці даволі вядомы Мюлер у Вэймарскай рэспубліцы займаўся разгонам і перасьледам нацыстаў. Скончылася тым, што ён сам узначаліў гестапа. Лепш працуйце на ніве набыцьця ўласнай папулярнасьці, а не скавычыце з нагоды інтрыг улады. Тады й вынік будзе.


Пад такое падбадзёрваньне з асяродзьдзя неабыякавага электарату глядыятарам застаецца толькі выцерці пот і працягнуць прадстаўленьне. Ідэолягаў зь сеткай і трызубцам заахвочвае бізун найвышэйшай Адміністрацыі; апазыцыянэры ў забралах і зь зіхоткімі клінкамі кідаюць расчараваныя позіркі на заходняе крыло амфітэатру. Сярод публікі закіпае нецярпеньне, усё ведаюць, «што» ды «як» рабіць, лепш за саміх байцоў. Можа, ня сёньня-заўтра наведаюцца проста ў круг?


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG