Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэсуэльскі клін у беларуска-расейскія нафтавыя пагадненьні


Ці можа быць эканамічна абгрунтаваным праект дастаўкі вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь праз Адэсу на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод? Ці могуць паўплываць на беларуска-расейскія нафтавыя пагадненьні беларускія дамоўленасьці з Вэнэсуэлай?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць: зь Менску — палітоляг Сяргей Богдан, з Масквы — дэкан Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.

Сяргей Богдан
Кірыл Коктыш
Віталь Цыганкоў


«Вэнэсуэльская нафта можа ўнесьці блытаніну ў беларуска-расейскія разьлікі»


Цыганкоў: «Паведамленьне пра тое, што вэнэсуэльская нафта будзе паступаць непасрэдна ў Беларусь праз порт Адэсы для перапрацоўкі на Мазырскім НПЗ, стала ня толькі сэнсацыяй, але і спарадзіла цэлых шэраг загадак. Ці можа быць рэнтабэльным такі маршрут нафты? На якіх умовах танкеры з нафтай пройдуць праз шматлікія пралівы — Басфор, Дарданэлы і гэтак далей? Ці мяняе сытуацыю ў нашым рэгіёне такое вялікае паступленьне нафты з Паўднёвай Амэрыкі?»

Коктыш: «Паколькі невядомая рэнтабэльнасьць гэтага праекту, то пакуль цяжка даваць цьвёрдыя ацэнкі наконт яго мэтазгоднасьці альбо авантурнасьці. Калі казаць пра зьмены энэргетычнага балянсу Беларусі, то відавочна, што набыцьцё нафты за акіянам наўрад ці можа быць больш рэнтабэльным, чым набыцьцё нафты ў суседняй Расеі. Але заблытаць нейкія разьлікі паміж Расеяй і Беларусьсю гэтыя пагадненьні могуць.

Той уплыў, якія вэнэсуэльскі праект можа зрабіць — гэта ўнясеньне пэўнай блытаніны ў беларуска-расейскія нафтавыя разьлікі і фактычнае карэктаваньне беларуска-расейскіх нафтавых пагадненьняў, якія, як добра вядома, Менск не задавальняюць».

Цыганкоў: «Сяргей, ці няма тут уражаньня, што Менск у сёньняшняй сытуацыі вырашыў любым коштам знайсьці альтэрнатыву расейскай нафце? Ці можа гэты праект быць стратэгічным?»

«Па-за адкрытай афіцыйнай статыстыкай ёсьць яшчэ нешта»


Богдан: «Вэнэсуэльскі праект мае пад сабой магутны „адміністрацыйны рэсурс“ у выглядзе палітычнай волі кіраўніцтва дзьвюх краінаў. Гэта можа быць даволі істотнай папраўкай — прынамсі, на той час, пакуль Лукашэнка і Чавэс пры ўладзе. Таму, кажучы пра рэнтабэльнасьць — у звычайных умовах гэта вельмі праблематычна. Але гэтая палітычная акалічнасьць, магчыма, падвышае мэтазгоднасьць паставак вэнэсуэльскай нафты. Пакуль, аднак, гэты праект выглядае вельмі складаным з пункту гледжаньня ягонай эканамічнай абгрунтаванасьці».

Цыганкоў: «Чаму Уга Чавэс пагадзіўся, як выглядае, даць нейкія саступкі беларусам, каб гэты праект выглядаў узаемавыгадным? Ці тут нейкі ваенны аспэкт, ці адыгралі пэўную ролю тыя гарадкі і заводы, якія паабяцалі будаваць у Вэнэсуэле беларусы?»
Афіцыйная статыстыка мала апраўдвае такое цеснае супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай. З Бразыліяй гандлёвыя сувязі ў разы большыя.


Богдан: «Я зьвярну ўвагу на тое, што калі ўзяць структуру замежнага гандлю Беларусі і параўнаць яе з палітычнымі кантактамі, з геаграфіяй разьмяшчэньня беларускіх прадстаўніцтваў, то можна сказаць, што афіцыйная статыстыка мала апраўдвае, напрыклад, такое цеснае супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай. З Бразыліяй гандлёвыя сувязі ў разы большыя. То бок гэта азначае, што па-за адкрытай афіцыйнай статыстыкай ёсьць яшчэ нешта. Што гэта? — можна толькі здагадвацца і будаваць нейкія тэорыі, якія, аднак, у найбліжэйшай пэрспэктыве немагчыма спраўдзіць».

Цыганкоў: «Ці могуць паўплываць на беларуска-расейскія нафтавыя пагадненьні беларускія дамоўленасьці з Вэнэсуэлай? Выглядае, што яны былі зробленыя ў самы патрэбны момант, калі Менск вельмі актыўна патрабуе адмяніць мыта на расейскую нафту. Ці адрэагуе Масква на беларускія пагадненьні з Вэнэсуэлай?»

«Размова не ідзе пра ажыцьцяўленьне нейкай пасьлядоўнай стратэгіі»


Коктыш: «Я б не сказаў, што гэта нейкі рэальны адказ. Дыпляматычна — так, гэта дэманстрацыя таго, што Беларусь можа знайсьці альтэрнатыву расейскай нафце. Але гэта б спрацавала, калі б Расея выкарыстоўвала нафту як нейкую палітычную зброю. Аднак Расея гандлюе нафтай па сусьветных коштах, якія вызначаюцца на біржы. Казаць, што існуе нейкая розьніца, якая нафта набываецца — расейская, іранская ці вэнэсуэльская — нельга».

Цыганкоў: «Вы хочаце сказаць, што Расея не выкарыстоўвае свае энэргарэсурсы як элемэнт геапалітыкі?»

Коктыш: «Расейскія энэргарэсурсы прадаюцца па тых самых сусьветных коштах, што і іншыя. Няма ніякай коштавай розьніцы, дзе набываць нафту, яе цана вызначаецца на тых самых біржах.

Што тычыцца нейкага беларускага прарыву на вэнэсуэльскай тэрыторыі — дай Бог, каб яно так было. Адшукаць нейкія рынкі збыту, калі ўсе рынкі губляюць — гэта можа быць даволі добрым прарывам і дазволіць беларускай эканоміцы неяк замацавацца і атрымаць падпорку. Вядома, гэта ня будзе альтэрнатывай расейскаму рынку, але гэта можа стаць нейкай нагой, на якую можна абаперціся. Але гэта ня той праект, які можа стаць лякаматывам для ўсёй беларускай эканомікі. У гэтым сэнсе альтэрнатывы расейскай эканоміцы пакуль няма».

Богдан: «На жаль, размова не ідзе пра ажыцьцяўленьне нейкай пасьлядоўнай стратэгіі, што відаць і пры аналізе эканамічных і палітычных стасункаў Беларусі. Тут ідзецца пра тое, каб залатаць нейкую дзірку. Я нагадаю, што праекты паставак вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь былі дэкляраваныя яшчэ ў 2007 годзе.

Надта далёкая Вэнэсуэла ад Беларусі, каб стаць хаця б нават той нагой, пра якую казаў Кірыл. Гэтая магчымасьць пастаўляць адтуль нафту нават нікому не прыйшла б у галаву, каб не асаблівыя адносіны паміж кіраўнікамі абедзьвюх краінаў».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG