Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бабінічы плянаваліся як эўрапасёлак, а жывем тут, як у племені мумбу-юмбу...”


Напярэдадні вандроўкі Бабінічы --> http://maps.google.com/maps/ms?hl=en&ie=UTF8&msa=0&msid=103600678178428685206.00046355b62ab3e327e28&ll=54.461458,30.436592&spn=0.132506,0.363579&t=h&z=12&iwloc=000481dc4f08b2951c5c3 абляцела злавесная вестка — у найбуйнейшым на Аршаншчыне пасёлку ў 3,5 тысячы насельнікаў «грабанулі» банкамат з поўнай грашовай загрузкай. Паколькі міліцыя дадатковай інфармацыі не падала, накіроўваюся празь непрыбраныя сумёты да крамы, дзе адбылося злачынства. Побач зь дзьвярыма зіхаціць сьвежая пляма. Да мікрафона ж падбягае аўтамабіліст, у якога забуксавала ў сьнезе «дзявятка».


Спадар
: «Нельга праехаць па пасёлку — ня чысьцяць. Людзі па пояс ходзяць у сьнезе…»

Разам з супрацоўнікам ЖЭСа, што праходзіў побач, мне расказваюць вядомыя тут усім падрабязнасьці нашумелага крадзяжу:

Спадары: «Яны залезьлі ўначы, выбілі дзьверы ў краме і з таго боку „грабанулі“… Прыкладна ведаю — дзясяткі мільёнаў…»

Непасрэднай нагодай, каб прыехаць сюды, аднак, паслужыла размова з маім знаёмцам з Бабінічаў — адным зь лідэраў аршанскай апазыцыі, кіраўніком Віцебскай абласной філіі БСДП (Г), спадаром Муханавым. Аршанская рада дэмакратычных сіл адмовілася браць удзел у выбарчых камісіях. Хведар Ягоравіч, 69-гадовы былы начальнік сэлекцыйна-гібрыднага цэнтру, сустрэў мяне на падворку ля свайго катэджа — побач з хлеўчукамі, адкуль даносілася рохканьне, ды акуратна разьбітымі кветнікамі. Дабрадушнасьць гаспадара зьнікла, калі загаварылі пра будучыя мясцовыя выбары.

Муханаў: «Мы страцілі веру ў абяцанкі ўлады ўжо на этапе вылучэньня нашых прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій Аршанскага раённага ды гарадзкога саветаў. Яны нас адфутболілі па-чорнаму. БРСМ, „Белая Русь“, „правільныя“ камуністы. А што датычыць апазыцыйных партый, ніводнага не дапусьцілі — у нас, маўляў, ужо набрана. У сельсавет калі будзем вылучацца, будзем браць участкі, якія можам „накрыць“ сваімі людзьмі і зрабіць дзейсны кантроль. Я ў сельсавет буду вылучацца. Я балятаваўся і ў ВС, Палату прадстаўнікоў, і ва ўладаў за мной замацавалася мянушка „непрахадны“. Галасы проста ніхто ня лічыць. У камісіях з году ў год адны і тыя ж. Наш выбаршчык юрыдычна неадукаваны — іх выпхнуць на датэрміновае галасаваньне, яны пакорліва сядаюць у аўтобус, каб такіх была палова ад усіх выбаршчыкаў. І камісія робіць з галасамі, што трэба…»

Распавядаю суразмоўцу, як пажылая пара, у якой спытаўся, дзе ён жыве, зьлёту назвала мяне «антысаветчыкам». А кабета чамусьці залепятала:

Спадарыня: «Заробак атрымліваем 500 тысяч, гаспадарку трымаем, побач амбуляторыя, ФАК, крама, ашчадкаса, база лыжная — жыць добра…»

Спадар Хведар усьміхаецца:

Муханаў (сьмяецца): «Мяне ведаюць людзі, але ў народзе няма падтрымкі ўлады. Пасёлак будуецца жытлом эўрапейскім, а жывем мы, як афрыканскае племя мумбу-юмбу. Гэта спальны раён без належнай інфраструктуры. Моладзі шмат, дзеткі нараджаюцца. Ёсьць спартовы зал, але няма грошай на ўтрыманьне трэнэраў. Дом культуры 15 гадоў таму пачалі будаваць, а ў мінулым, каб не мазолілі вочы, парэшткі зруйнавалі. І моладзь па вечарах зьбіваецца ў тусоўкі на піва ды больш моцныя напоі. Бабінічы ў раёне — з самым вялікім маладзёжным крыміналам. Вельмі складаныя адносіны з ЖКГ. Не адсочваецца — іх ня ведаюць — „прызначанымі“ дэпутатамі, як разьлічваюцца за цёплую ваду. А беларускія лічыльнікі яе лічаць з нуля градусаў. 40 гадоў пасёлак існуе, некаторыя вуліцы ліхтарыка ня бачылі. Калі адкрыецца асфальт — ямы, калдобіны — ніхто і за гэтым ня сочыць. Вуліца Маладзёжная здадзена 25 гадоў таму — ані каналізацыі, ані дарогі…»

Дзясяткі так званых прэзыдэнцкіх дамкоў пабудаваў тры гады таму найбольш эканамічна трывалы, як лічыцца, жывёлагадоўчы сэлекцыйна-гібрыдны комплекс «Задняпроўскі» на 54 тысячы галоў сьвіней. Дзьвюх жыхарак я перапыніў, акурат калі тыя сьпяшаліся на зьмену. Жанчыны адварочваюць твары — гаварыць згадзіліся ананімна.

Карэспандэнт
: «А ў вас, на жывёлагадоўчым комплексе, пішуць, што мільённыя заробкі…»

Спадарыні: «Мой заробак — 380 тысяч, дыхаючы гноем і салетрай. Вылічаць 120 — 260 на рукі, жыві як хочаш. А працую на рэзьні па 8, а то і па 12 гадзінаў. 240-260 галоў у дзень забіваем. І ўсе так маюць…»

Карэспандэнт: «А рэсьпіратары выдаюць?»

Спадарыня: «Нічога ў нас няма…»

Пераходзім да побытавых умоў пражываньня.

Спадарыні: «Старая кацельная ня цягне — у хатах 16 градусаў. Ацяпляльнікі і грошы за ацяпленьне вялікія. Здавалі ў жахлівым выглядзе — адны сьцены і пясок сыпаўся. Самі шпаклявалі, клеілі. А вунь чырвоненькі дом — людзі ня могуць усяліцца, бо такі холад, сырасьць. ў яшчэ 3-4 дамы будуць здавацца невядома як. А ўвесну, калі пачне таяць сьнег, будзем у такой дрыгве! Будзем хадзіць па калена ў вадзе, затопіць падвалы…»

Падыходжу да таго самага незаселенага, фарбаванага ў бела-ружовыя колеры чатырохпавярховага дома на Спартовай, 22. У адным з пад’ездаў знаходжу вачыма завешаныя фіранкамі вокны. Кватэру адчыняе маладжавы ды хударлявы Аляксей, што 11 гадоў працуе на комплексе машыністам кампрэсарнай устаноўкі. Кажа, што ўсяліўся, бадай, саматугам:

Аляксей: «Прыняты 1 сьнежня, але дакумэнты зь Віцебску па зацьвярджэньні жыхароў не прыйшлі — толькі ключы далі. Заробкі — 400, апошнія 4 гады не растуць — стагнацыя поўная. Здымаюць каэфіцыент на прэміяльныя, ані 13-га, ані 14-га заробку. Мы „плянава-стратныя“. За той год прыбытку не было. У гэтым годзе зьбіраюцца другі калгас „Днепр“ прыяднаць — ня ўверх, а ўніз паплывуць заробкі…»

Дадае ўсё той жа спадар Хведар Муханаў:

Муханаў: «Бабінічы называюцца на паперы аграгарадком з 2008 году. Мы ж мусім у хлеўчыках і птушку хатнюю трымаць, сьвінчо, хто цяля, хто ягня. І я зямлю апрацоўваю. Гэтыя парнічкі псуюць выгляд — але ж куды людзям дзецца?! А што ж у навакольных вёсачках? Там жа паміраюць! Адашкевіч, былы старшыня райвыканкаму, цяпер дэпутат, абагуліў 4 гаспадаркі ў СВК „Купалаўскі“, тры зь іх леглі. Тут калгас „Ленінская іскра“ далучылі да птушкафабрыкі, саўгас „Аршанскі“ — да сэлектарна-гібрыднага цэнтру, саўгас „Бабінічы“ — да „Юбілейнага“. У гібрыдным цэнтры больш на мільярд крадзяжу на дабаўках — заведзеная крымінальная справа. Ведалі пра гэта і Адашкевіч, і Андрэйчанка з аблсавету, але ж дырэктар быў іх чалавек…»

* * *
У другой палове мінулага веку ў паселішчы адбыўся, мякка кажучы, канфуз. Навучаныя мысьліць «інтэрнацыянальна дзёрзка», раённыя начальнікі палічылі, што назва Бабінічы «зьневажае гучаньнем годнасьць простай савецкай жанчыны». Далі ў сельсавет указаньне — перайменаваць. Там назвалі вёску «Сіреневкой» — было шмат бэзу. Неўзабаве трэба было паставіць слупкі на расейскай ды беларускай мовах — дайце веры, «Сіреневка» ды «Бэзаўка». Вэртыкальнікаў у друку назвалі «ўбогімі» і прапясочылі нават на зьезьдзе тагачаснага Саюзу пісьменьнікаў. Бабінічы ізноў сталі Бабінічамі, а пра нечаканае наступства мне апавяла бібліятэкарка раённай бібліятэкі, што тут месьціцца, спадарыня Ірына Цяглова.

Цяглова: «У БСЭ няма ў апошнім выданьні нічога пра вёску Бабінічы — ніякага паданьня. Нібы нічога цікавага, гістарычнага не было…»

У 80-90-х усесаюзную славу Бабінічам прынесла тутэйшая птушкафабрыка, якая гадамі займала першыя месцы ў тагачасных сацыялістычных спаборніцтвах. Цягам 18 гадоў яе дырэктарам быў ушанаваны залатым ды бронзавым мэдалямі ВДНГ спадар Чарняўскі, які зараз, на пэнсіі, абраны старэйшынай пасёлку. Зрэшты, да апошняй сваёй «пасады» ставіцца скептычна:

Чарняўскі: «У пасёлку старэйшына павінен быць са структураў кіраваньня. Хіба можна ведаць усіх людзей? Ну, са сваёй вуліцы — ведаеш, а з Задняпроўскай — людзі тусуюцца, адзін прадае, другі купляе. З Оршы сюды езьдзяць на сьвінагадоўлю…»

Зморшчыны нібы разгладжваюцца на твары ды высокім ілбе суразмоўцы, калі пачынае ўспамінаць пра справу, якой аддаў жыцьцё. Уладзіміра Андрэевіча і зараз тут узгадваюць як «піянэра рынку». Мы сядзім у гасьцёўні даволі сьціплага трохпакаёвага катэджу. Развагі гаспадара слухаю з захапленьнем — як сёньняшнія.

Чарняўскі: «Зараз не кіруюць, а камандуюць. Я прыйшоў, фабрыка была адстаючай. Дысцыпліну ў мяне самі людзі наводзілі. І птушкафабрыка самая багатая арганізацыя была ў рэгіёне. Але ў нас ніхто не пабудаваў вілы, бо за заробак яе пабудаваць нельга. А зарплата даходзіла да мільёна і больш — 60-70% ад тых, хто працуе, чарга ўладкавацца была. У Савецкім Саюзе ўжо працавалі ў рынку. На яйка Д-1 узімку выдаткі на прадукцыю вышэй — ставілі рубель 20, а ўлетку — 80 капеек. Узімку прыватны сэктар „адключаецца“, у нас попыт павялічваецца і ідзе на „ўра“. Я задаваў пытаньне вярхам — чаму паводле такога ж прынцыпу не прадаваць мяса, малако? Кіраўнік павінен падбіраць толькі галоўных спэцыялістаў — тэхноляга, энэргетыка, намесьніка па камэрцыі і г.д. А сярэднія зьвёны падбіраюць сабе брыгады. Я вітаў брыгадны падрад — яны людзей прымалі і самі звальнялі. З пугай мне хадзіць — пустое. А калі самі кіруюць — у іх інтарэс ёсьць падоўжыць дзень, зрабіць рабочай суботу. У нас была і перапрацоўка — травяную муку нарыхтоўвалі, сардэлькі, вяндліну, маянэз рабілі, пельмені. Гандлёвых кропак 15 было…»

Ля сучаснай прахадной птушкафабрыкі, дзе, між іншым, працуе 400 чалавек, зайшоў у пустэльную фірмовую краму. Цэны, якасьць яек нічым не адрозьніваліся ад пасялковых. На сьцяжынцы ў навакольным сасновым гаі спыніў ахоўніка Валерыя, які з сумам распавёў:

Валерый: «Зарплата ня толькі на птушкафабрыцы, але і на „гібрыдзе“ ніякая — я там 28 гадоў адпрацаваў. Гарота, а не жыцьцё. Там ірвеш жывот за 300 тысяч. Пайшоў сюды ў ахову. Грузчыкі па 600-700 атрымліваюць, мы, ахоўнікі — па 260-270. Жанчына б’е птушку 4 дні па 12 гадзін — крыху больш. Дык гэта ж адстаяць! Начальнікам па 2-3 мільёны…»

Алег Мулін, цясьляр з 27-гадовым стажам, сваё абурэньне ды прозьвішча ня ўтойвае — гэта пасьля пераходу 2 гады таму на кантракт, які перазаключаецца штогод.

Мулін: «Заробкі ўніз папаўзьлі — 600 выходзіць. 30% павінны плаціць за кантракт, тут — 5% з паветра ўзятае кіраўніцтвам, нідзе такога няма. І не ад заробку, а ад тарыфнай стаўкі. Мы, хто былі на зьдзельшчыне, страцілі. 500 зарабіў, мушу атрымаць яшчэ 25 тысяч, а атрымліваю менш…»

У кандыдата ў дэпутаты сельсавету, сябра БСДП (Г) спадара Хведара Муханава запытаўся пра пазытыўную праграму, якую той будзе прапаноўваць бабінічанцам:

Муханаў: «Пры тым, што сродкаў у дзяржавы нестае, тыя, якія ёсьць, мэтава не выкарыстоўваюцца. І калі б у сельсавеце былі дэпутаты неабыякавыя, — канечне, было б пастаўлена пытаньне, ці даходзяць сюды ўсе сродкі. Людзі апусьцілі рукі — бачаць, улада жыве сама па сабе, а народ кінуты. Дык вось рукамі самых насельнікаў у 90-х рабілі дзіцячыя пляцоўкі, людзі самі выходзілі. А дэпутаты ня тыя, каго б хацеў народ — не абвастраюць. Вось гэта будзе агучана падчас выбарчай кампаніі — выстаўленыя ацэнкі ўладзе. Пасёлак знаходзіцца ў экалягічна небясьпечнай зоне — артэзіянскія сьвідравіны ля прадпрыемстваў. Выкіды дасягаюць ваданосных пластоў — і ў краны. Мы растлумачым мэханізм, дзякуючы якому можна абраць сваіх дэпутатаў, нягледзячы на супраціў уладаў. І будзем дабівацца. Я веру, што Бабінічы нашы падымуцца…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG