Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вылучэньне ідзе паралельна


Два паралельныя працэсы — вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў і кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісіяў — адбываліся цягам гэтага тыдня.

А вось скончацца яны ў розны час — дакумэнты на дэпутацтва можна падаваць па 15 сакавіка, а на сяброўства ва ўчастковых камісіях — па 7-га.

Палітычныя партыі не сьпяшаюцца падаваць дакумэнты як на рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты, так і на працу ва ўчастковых камісіях. Сакратар ЦК партыі «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў кажа: пакуль патэнцыйныя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты непасрэдна ад партыі вылучаныя толькі ў Менску:

«Мы рыхтуем нашых кандыдатаў на мясцовыя выбары. А таксама рыхтуем партыйныя сходы для іх вылучэньня. У Менску такі сход ужо правялі. Мы вылучылі 21 кандыдата ў сталічны гарадзкі савет. Іншыя сходы правядзем 9, 10, 11 сакавіка. Увогуле плянуецца, што каля 200 чалавек ад партыі менавіта праз партыйнае вылучэньне будуць рэкамэндаваныя кандыдатамі ў дэпутаты».

Аб’яднаная грамадзянская партыя першай назвала сваіх вылучэнцаў ва ўсе абласныя і сталічны гарадзкі саветы. Рыхтуецца вылучэньне і ў дэпутаты ніжэйшых роўняў, — кажа старшыня выканкаму партыі Ігар Шынкарык:

«Мы якраз працуем цяпер над гэтым, рыхтуем неабходныя дакумэнты. І адпраўляем іх у рэгіёны. Яны там праводзяць свае паседжаньні, прыкладам, рады абласной арганізацыі, і называюць кандыдатаў. Дзякуй Богу, у нас там дасьведчаныя людзі ў абласным кіраўніцтве».

Жыхар Капыльшчыны Віктар Дашкевіч вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Менскага абласнога, Капыльскага раённага саветаў і ў сельсавет вёскі Вялікая Раёўка. Агулам яму трэба сабраць у сваю падтрымку як мінімум 150 подпісаў выбарцаў. Спадар Віктар ходзіць ад адной да другой кватэры месьцічаў. Якія ўражаньні пакідаюць такія сустрэчы?

Віктар Дашкевіч: «Іншы раз вечарам вяртаюся ў добрым настроі, а здараецца і горш. Справа ў тым, што большасьць людзей, зь якімі сустракаюся, усё разумеюць і нібыта правільна ацэньваюць цяперашнюю сытуацыю. Аднак і ў іх сьвядомасьці засталася, так бы мовіць, савецкая хвароба абыякавасьці, да якой дадаўся страх перад створанай Лукашэнкам сыстэмай».

Віктар Дашкевіч скончыў у свой час Беларускі палітэхнічны інстытут. Прайшоў шлях ад рабочага да начальніка рамонтна-будаўнічага ўчастка Мінскага рамонтна-будаўнічага трэста ў Капылі. Жанаты. Мае двух сыноў з вышэйшай адукацыяй. Чаму ён імкнецца ў дэпутаты?

«Калі па шчырасьці, то ня я ж вызначаю, колькі наканавана жыць. Але я хацеў бы дажыць да скону ў свабоднай Беларусі. Вось дзеля гэтага аддам усе свае сілы, колькі іх ёсьць».

У Жлобіне актывістка партыі левых «Справядлівы сьвет» Валянціна Шакура зьбірае подпісы, каб вылучыцца кандыдатам у дэпутаты райсавету. У яе акрузе шмат жыве працаўнікоў Беларускага мэталюргічнага заводу. Па ўсім відаць, іх папярэдзілі, каб не падпісваліся за вылучэньне «не сваіх» кандыдатаў.
Я патлумачыла ёй, што свой подпіс можна паставіць нават за пяцёх вылучэнцаў. На гэта жанчына адказала: „Я працую на заводзе, і я баюся“.


«Жанчына, калі я прыйшла да яе й мы сталі гаварыць пра подпіс дзеля майго вылучэньня, паведаміла, што на мэталюргічным заводзе ўжо запатрабавалі падпісацца за прадстаўніка заводу. І яна ўжо ня можа больш падпісацца ні за кога. Я патлумачыла ёй, што свой подпіс можна паставіць нават за пяцёх вылучэнцаў. На гэта жанчына адказала: «Я працую на заводзе, і я баюся».

Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык лічыць: галоўная задача падчас гэтых выбараў — спраўдзіць, ці гатовая ўлада ісьці на дэмакратызацыю грамадзтва. Таму, маўляў, важней сачыць за вылучэньнем і рэгістрацыяй кандыдатаў ад партыйных структураў.

І яшчэ на адну акалічнасьць зьвяртае ўвагу Сяргей Мальчык: трэба пракантраляваць падлік галасоў пасьля выбараў.

«Важней, каб уключылі ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў палітычных партый — вядома, там, дзе будуць балятавацца дэмакратычныя кандыдаты. Бо дзе будзе балятавацца адзін кандыдат ад улады — яны ўключаць туды з радасьцю».

Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў завяршаецца 15 сакавіка. А з 8 па 10 сакавіка пройдзе фармаваньне ўчастковых камісіяў. Іх у краіне будзе амаль 7000.

Выбары ў мясцовыя Саветы адбудуцца ў Беларусі 25 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG