Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Ванкувэру — на міністэрскую Галгофу?


У канадзкім Ванкувэры набліжаюцца да разьвязкі ХХІ Алімпійскія гульні. Пад фініш спаборніцтваў беларуская каманда ўпершыню перавысіла ранейшыя мэдалёвыя здабыткі за час выступаў на зімовых Алімпіядах самастойнай камандай. Калі ў 1990-х у актыве беларусаў былі па дзьве ўзнагароды, а зь мінулых і пазамінулых Гульняў удалося прывезьці толькі па адным мэдалі, то сёлета скарбонка папоўнілася адразу трыма каштоўнымі атрыбутамі Алімпіяды. Мала таго, узнагарода фрыстайліста Аляксея Грышына выявілася найвышэйшай вартасьці — дагэтуль даводзілася задавольвацца срэбрам і бронзай. Ці максымальны гэта вынік для краіны, якая падкрэсьлівае сваю спартовую арыентацыю?

У актыў сёлетніх Алімпійскіх гульняў у Ванкувэры можна занесьці чацьвёртую пазыцыю ў лыжнай акрабатыцы Асоль Сьлівец, трэцяе месца ў біятлённым спрынце Дар’і Домрачавай ды срэбны мэдаль яшчэ аднаго лыжніка-стральца Сяргея Новікава. Але беларуская кульмінацыя Алімпіяды — золата 30-гадовага Аляксея Грышына. У 2002-м у Солт-Лэйк-Сіці Аляксей ужо ўзыходзіў на алімпійскі п’едэстал, аднак тады быў толькі трэцім. Сам Грышын пасьля залатога скачка захоўваў стрыманасьць і халодную галаву:

«Натуральна, кожны спартовец ставіць перад сабой задачу-максымум. Я таксама акрэсьліваў перад сабой максымальны вынік і ўрэшце сваёй мэты дасягнуў. А ўвогуле рэцэпт нашых посьпехаў у фрыстайле просты: прафэсійны трэнэрскі штаб плюс вопытныя спартоўцы, а таксама правільна складзеныя пляны падрыхтоўкі. Пры гэтым ніякіх супэрумоваў няма: заля, батут, душ. Танна і эфэктыўна. Замежныя спартоўцы такі спрошчаны варыянт падрыхтоўкі да сэзону выключаюць. Мы адчуваем вельмі вялікую падтрымку заўзятараў. Тлумачэньне тут простае: прывучылі ўсіх да мэдалёў, адсюль і ўвага».

Паказальна, што лідэр Кубку сьвету Антон Кушнір увогуле не прайшоў сіта кваліфікацыі. Ня ўскочыў на прызавое месца і двухразовы прызэр Алімпійскіх гульняў Дзьмітрый Дашчынскі. Дарэчы, Дзьмітрый перад ад’ездам у Ванкувэр казаў, што цягам перадалімпійскага цыклю не было стабільнасьці, а таму дакладна прагназаваць мэдаль было досыць складана:

«У прынцыпе, да Алімпіяды ўсе пабывалі на подыюмах — з шасьці чалавек каманды пяцёра былі на п’едэстале. Але пры гэтым, сапраўды, не было такой стабільнасьці, каб пастаянна вынік быў добры. Неяк так — раз трапіў, а потым усё побач з подыюмам. Але тут прычына яшчэ ў тым, каб пастаянна падтрымліваць спартовую форму. Нам удалося летась, калі якраз быў перапынак, крыху патрэніравацца ў Раўбічах. Шчыра кажучы, нармальнае месца. Адзінае, што трэба крыху там усё давесьці да ладу, крыху дапрацаваць, інфраструктуру стварыць. І тады пры ўдалых умовах надвор’я мы таксама там маглі б трэніравацца. У гарах, як-ніяк, сьнег заўсёды бывае, нават пры адлізе. А вось тут, на раўніне — як падфарціць».

Скачок Дзьмітрыя Дашчынскага ў клясыфікацыі 22 лютага.

Ня вельмі хочуць прывучаць аматараў спорту да сваіх посьпехаў і іншыя спартоўцы. Нагадаем, што ў Канаду выправіліся паўсотні беларускіх атлетаў, палову зь якіх, штопраўды, склалі хакеісты. Для апошніх алімпійскі шлях бясслаўна скончыўся яшчэ на стадыі 1/8 фіналу, хоць спартовыя функцыянэры арыентавалі іх на вынік, ня горшы за дасягненьне Солт-Лэйк-Сіці — 4-е месца. Аднак беларусы фінішавалі нават па-за васьмёркай мацнейшых. Гэтак жа сьціпла скончылася Алімпіяда для лыжнікаў, якія нічым ня ўразілі ні спэцыялістаў, ні заўзятараў. Далёка за «гарызонтам» фінішавалі беларускія прадстаўнікі ў канькабежным спорце і горных лыжах.

Экс-міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў кажа, што напярэдадні Алімпіяды перад кожным спартоўцам ставіцца канкрэтная задача. Але прымусіць чалавека вылузнуцца з уласнай скуры, натуральна, ніхто ня можа:

Аляксандар Грыгараў.
«Можа, якое непаразуменьне і мае месца, але я ведаю, што перад кожным спартоўцам ставіцца задача. Гэтаксама кожны спартовец сабе ставіць арыенціры. А як фармуецца агульны плян падрыхтоўкі? Асабісты трэнэр, спартовец сядаюць, абмяркоўваюць, падпісваюць кантракт зь Міністэрствам спорту і турызму пад канкрэтнае выкананьне задачаў. І ўжо пад гэтыя задачы выдаткоўваюцца фінансавыя сродкі. А інакш як можна фінансаваць проста „ад ліхтара“? Дык тады давайце з такім жа посьпехам мы з вамі паедзем на Алімпійскія гульні? Таксама нядрэнна, праўда ж? (Сьмяецца.) Таму я думаю, што тут ёсьць нейкае неразуменьне бакоў. Хутчэй за ўсё, нехта нечага ўрэшце не зразумеў».

Паралельна зь белай Алімпіядай у Канадзе, у Раўбічах пад Менскам у мінулую нядзелю была зладжаная «Менcкая лыжня» з абавязковым удзелам першых асобаў дзяржавы. Традыцыйны пераможца лыжні, прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка заявіў, што радавацца посьпеху перашкаджаюць вынікі беларускіх алімпійцаў — маўляў, глядзець сорамна, што яны там твораць. Перадусім дасталося на арэхі хакеістам, якія ганьбяць любімую спартовую дысцыпліну Лукашэнкі — хакей. Аднак і іншыя асаблівай пахвалы не дачакаліся:

«Мы не паказваем таго, што маглі б прадэманстраваць, зыходзячы з той увагі, якую мы аддаем спорту. Зусім жахліва выступаюць лыжнікі — няўжо фэдэрацыя не магла назьбіраць у Беларусі дзясятак-другі нармальных спартоўцаў? Гэта ж ня першы год і ня першую Алімпіяду мы правальваем па лыжах! Паглядзім яшчэ на фрыстайл: калі там судзьдзі будуць прыхільныя да Беларусі, то зможам годна выступіць. Тое ж тычыцца і іншых відаў, у якіх мы можам выступаць. Канькабежны спорт, той жа шорт-трэк, кёрлінг — у нас увогуле нейкіх пяць аматараў гэтым займаюцца. Няма той разваротлівасьці, якую дэманструюць нават нашы суседзі. Думаю, што Ванкувэр — гэта нагода для сур’ёзнага аналізу і канкрэтных высноваў».

Хакейная каманда Беларусі фінішавала ў ліку аўтсайдэраў турніру, саступіўшы швэйцарцам.

Хто бязьмежна ў гэтай сытуацыі шчасьлівы, дык гэта Сяргей Новікаў. Калі на фрыстайлістаў рабіўся асноўны акцэнт, а Дар’і Домрачавай прарочылі месца нават вышэйшае за трэцяе, то Новікаву асаблівых пэрспэктываў ніхто не маляваў. А скачок на другую прыступку і ўвогуле ўспрымаецца як вышэйшы за галаву — за ўвесь час выступаў у біятлённай камандзе найлепшым вынікам 30-гадовага спартоўца з Чавусаў было 9-е месца на адным з этапаў Кубку сьвету ў Славеніі. На думку дзяржаўнага трэнэра па біятлёне Аляксандра Бяляева, свой ня самы лепшы ўнёсак у Алімпіяду зрабіла надвор’е. У іншым выпадку можна было б разьлічваць і на большыя здабыткі:

«Шчыра скажу, надвор’е аб’ектыўна ўплывае на вынікі — перадусім яно перашкаджае ў стральбе. У некалькіх мужчынскіх гонках было відаць, што шмат якім спартоўцам не пашэнціла якраз з-за рэзкіх зьменаў надвор’я. Падчас дэбютнай гонкі ў першай дзясятцы апынуліся адразу сем спартоўцаў, якія стартавалі з 1-га па 10-ы нумары. Амаль тры кругі траса была нармальная. А хто пабег пазьней, ужо ўзьніклі праблемы. І на стрэльбішчы было складаней, і па трасе сьлізганьне больш павольнае. Але і майстэрства таксама мае значны фактар. Бо калі б пераможца страляў са штрафам, зрабіў некалькі промахаў, — натуральна, што ён ня здолеў бы заняць першае месца. Тое ж і ў жанчын: каб яны дапусьцілі больш памылак, то не былі б на п’едэстале».

Сяргей Новікаў на 20-кілямэтровай індывідуальнай гонцы 18 лютага.

Намесьнік старшыні камісіі па здароўі і фізычнай культуры Палаты прадстаўнікоў Пётар Южык перакананы, што настаў час правесьці ў Беларусі спартовую дывэрсыфікацыю, а не акцэнтавацца на дысцыплінах, якія апошнім часам не прыносяць заўзятарам асаблівага маральнага задавальненьня. На яго думку, да падрыхтоўкі атлетаў трэба актыўней падключаць рэгіёны — выпадак з Новікавым сьведчыць, што на пачатковым этапе чэмпіёнаў можна рыхтаваць далёка ад сталіцы:

Пётар Южык
«Перадусім, справа не ў рэкордах. Вядома, прэстыжна заваяваць мэдалёў як мага больш, але дзеля гэтага неабходна пашыраць кола дысцыплінаў, у якіх мы маглі б змагацца за ўзнагароды. Да таго ж памылкова ўсё канцэнтраваць выключна ў сталіцы. Сёньня ў абласных цэнтрах ёсьць базы, якія трэба актыўна падключаць да справы. Таксама нельга скідаць з рахункаў раённыя цэнтры, таму што, прыкладам, на Віцебшчыне ў Сеньненскім раёне вельмі добрая спартовая школа па зімовых відах спорту. На Гарадоччыне таксама маюць добры досьвед заняткаў па зімовых дысцыплінах. Новікаў дарос да срэбнага мэдаля з Чавусаў, хоць, шчыра кажучы, я за ягонай кар’ерай нешта не пасьпеў прасачыць. Узьнік як быццам зь ніадкуль».

На сярэдзіну сакавіка заплянаваны сумесны сход Нацыянальнага алімпійскага камітэту і Міністэрства спорту і турызму, падчас якога будуць дадзеныя ацэнкі беларускай нацыянальнай камандзе на зімовых Гульнях у Ванкувэры. Адмыслоўцы не выключаюць, што нарада стане апошняй для шэрагу спартовых трэнэраў і функцыянэраў, адказных за канкрэтныя алімпійскія ўчасткі. Паводле лёгікі, адным зь першых «на дыван» мусіць трапіць хакейны настаўнік Міхаіл Захараў. Насуперак заплянаванаму паўфіналу, каманда Беларусі фінішавала ў ліку аўтсайдэраў турніру. Па сукупнасьці заслугаў тым жа маршрутам мусяць прайсьці адказныя за сытуацыю ў лыжных дысцыплінах, канькабежным спорце ды іншых відах, прадстаўнікі якіх сёлета на Алімпіяду нават не клясыфікаваліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG