Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: рэгіструюць «больш-менш нармальна»


Аляксандар Валчанін
Аляксандар Валчанін

Паводле першых назіраньняў удзельнікаў выбарчай кампаніі, на сёлетніх мясцовых выбарах ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ўлады рэгіструюць больш ахвотна, чым на папярэдніх. Аднак казаць, што гэта ўжо стала тэндэнцыяй, пакуль не выпадае — першыя лічбы аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў у Цэнтральную выбарчую камісію пачнуць паступаць з 20 лютага.

15 ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Жодзінскага гарадзкога савету сёньня афіцыйна зарэгістравалі. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў адзін з прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат Аляксандар Ваўчанін:

«Я сёньня быў на паседжаньні выбарчай камісіі. Падавалі дакумэнты тры сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, да якой і я належу. Усе тры — зарэгістраваныя. Таксама зарэгістравалі прадстаўніка ад стваранай партыі БХД, двух „аўганцаў“ ды некалькі беспартыйных вылучэнцаў з дэмакратычнага кола. Папярэдне былі пададзены 15 заявак на стварэньне ініцыятыўных групаў. І ўсе 15 зарэгістравалі. І нават далі магчымасьць выступіць тым, хто таго пажадаў».

Адметна, што на гэтых выбарах подпісы ў сваю падтрымку зьбіраюць ня толькі апазыцыйныя кандыдаты. У прыватнасьці, у тым жа Жодзіне права на гэта атрымалі і галоўны ўрач мясцовай бальніцы, і вайсковы камісар, і вылучэнец ад БелАЗу. Усім ім выдалі пасьведчаньні і падпісныя лісты.

Аляксандар Ваўчанін кажа: тры ініцыятыўныя групы ад АГП маюць намер сабраць разам тысячу подпісаў. Гэта нашмат болей, чым патрэбна для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Але «лішнія» галасы засьведчаць падтрымку насельніцтвам апазыцыйных вылучэнцаў, перакананы спадар Ваўчанін.

«Колькі галасоў трэба сабраць кандыдату ў дэпутаты, каб хапіла для рэгістрацыі?» — з гэтым пытаньнем зьвяртаюся да Мікалая Лазавіка — сакратара ЦВК. Ён тлумачыць:

«У залежнасьці ад тэрытарыяльнага роўню Савету колькасьць подпісаў павінна быць розная. Кандыдату ў абласны і Менскі гарадзкі савет трэба сабраць 150 подпісаў. У раённы савет альбо гарадзкі (для гарадоў абласнога падпарадкаваньня) дастаткова і 75. А ў савет базавага роўню (пасялковы, сельскі) хопіць і 20 подпісаў. Я думаю, кожны, хто жадае стаць дэпутатам, справіцца з гэтай задачай».

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч кажа: ініцыятыўныя групы актывістаў руху пакуль рэгіструюцца «больш-менш нармальна»:

«Мы атрымліваем шмат інфармацыі пра тое, што групы рэгіструюцца. А тыя, хто ўжо атрымаў падпісныя лісты, пачынаюць зьбіраць подпісы. А сям-там нават блізкія да таго, каб сабраць неабходны мінімум. Але я думаю, што будзе пэўны паўтор сытуацыі парлямэнцкіх выбараў 2008 году. Тады пэрыяд збору подпісаў таксама быў адносна спакойны. Аднак у апошнія 5 дзён — датэрміновае галасаваньне і дзень галасаваньня — усё адбывалася, як заўсёды».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG