Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД не рэгіструюць, Нарвэгія прыме заяву


Прадстаўнікі БХД на ганку Вярхоўнага суду
Прадстаўнікі БХД на ганку Вярхоўнага суду

Спрэчка паміж заснавальнікамі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Міністэрствам юстыцыі, якое адмовілася зарэгістраваць партыю, завяршылася на карысьць чыноўнікаў Мін’юсту. Вярхоўны суд прызнаў адмову законнай. Заснавальнікі БХД назвалі рашэньне суду палітычна матываваным.

Сустаршыні і сябры аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі не патрапілі ў судовую залю. Пасьля таго як туды зайшлі прадстаўнікі амбасадаў Нямеччыны і ЗША, прадстаўнік пракуратуры Ўладзімер Ляўданскі, прадстаўнік Мін’юсту Яўген Какуша і журналістка «Свабоды», туды нікога больш не пусьцілі.

Гаворыць сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі:

«Гэта сьмешны малы інцыдэнт, але яскравая ілюстрацыя, як дзейнічае беларуская судовая сыстэма. Нам судовае паседжаньне прызначана на 12:00. І Павал Севярынец, і Дзяніс Садоўскі, і Віталь Рымашэўскі — усе прадстаўнікі БХД былі бяз трох хвілінаў на 12. Але на 2-3 хвіліны раней прыйшлі прадстаўнікі амбасадаў і Мін’юсту. Іх завялі ў судовую залю, а за намі не спусьціліся. Сказалі, што галоўныя пэрсанажы ўжо прысутнічаюць, і могуць абысьціся без прадстаўнікоў БХД».

Сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец выказаў сваё меркаваньне:

«Прысуд палітычны. Вярхоўны суд і Міністэрства юстыцыі, як і органы міліцыі, зьяўляюцца прываднымі пасамі дзяржаўнай машыны. Сёньняшні рэжым баіцца Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Літаральна гадзіну таму мы прэзэнтавалі сьпіс кандыдатаў у дэпутаты на мясцовыя выбары ад БХД прыкладна з 200 асобаў. Не прайшло й году ад стварэньня партыі, а ў нас ужо адзін з самых вялікіх сьпісаў. Гэта палохае ўлады, і таму прысуд быў прадказальны».

Сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі дадаў:

«Я толькі што вярнуўся з Нарвэгіі, дзе сустракаўся зь міністрам замежных спраў. Я распавёў пра сытуацыю ў Беларусі. Я думаю, што бліжэйшым часам будзе прынятая заява міністра замежных спраў Нарвэгіі наконт рэпрэсій супраць БХД, з патрабаваньнем зарэгістраваць партыю».

Летась заснавальнікі БХД двойчы, 28 лютага і 31 кастрычніка, праводзілі ўстаноўчыя сходы. Двойчы ім давалі памяшканьне ў апошні дзень, пасьля заяваў аб правядзеньні сходу на Кастрычніцкай плошчы. І двойчы Міністэрства юстыцыі адмаўлялася зарэгістраваць партыю, спасылаючыся на недакладнасьці ў сьпісе заснавальнікаў.

У дакумэнтах на рэгістрацыю партыі стаіць 1051 подпіс. Паводле Мін’юсту, каля двух дзясяткаў подпісаў — несапраўдныя з-за граматычных памылак ці недакладных зьвестак. Але, паводле заканадаўства, для рэгістрацыі партыі дастаткова 1000 подпісаў.

Судзьдзя Вярхоўнага суду Валянціна Кулік палічыла памылкі ў дакумэнтах, на якія спаслаліся чыноўнікі Мін’юсту, істотнымі. Таму й рашэньне аб нерэгістрацыі партыі БХД прызнала законным.

Павал Севярынец паведаміў «Свабодзе», што судзіцца далей няма сэнсу. У траўні аргкамітэт БХД мусіць вызначыцца наконт мэтазгоднасьці правядзеньня новага, трэцяга паводле ліку, устаноўчага сходу партыі.

«Цалкам верагодна, што мы будзем праводзіць трэці сход. Нацыянальная рада вырашыць гэта ў траўні, і, магчыма, да кастрычніка месяца, калі адбудзецца апошні разгляд па санкцыях у дачыненьні да Беларусі, пытаньне па БХД будзе пастаўлена на парадку дня яшчэ раз».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG