Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На што здольны новы кіраўнік Офісу АБСЭ?


Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

18 студзеня прыступіў да выкананьня абавязкаў новы кіраўнік Офісу АБСЭ ў Менску нямецкі дыплямат Бэнэдыкт Галер. Чаму гэтую пасаду вось ужо чацьверты раз займае нямецкі дыплямат? Як разьвіваліся дачыненьні паміж афіцыйным Менскам і офісам АБСЭ і ў якой яны стадыі знаходзяцца цяпер? На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт у міжнародных пытаньняў Андрэй Фёдараў.

Цыганкоў: Адносіны паміж афіцыйным Менскам і офісам АБСЭ зьведалі самыя розныя этапы. На якой стадыі яны знаходзяцца цяпер і што можна чакаць ад іх на фоне пачатку працы новага кіраўніка офісу?

Фёдараў: На сёньня гэтыя дачыненьні знаходзяцца ў даволі спакойнай стадыі — асабліва ў параўнаньні з тым, што было раней. Мандат офісу цяпер у пэўных пытаньнях абмежаваны. Ёсьць пэўныя праграмы, якія вядзе офіс. Яны ў асноўным тычацца навучаньня пэўных людзей (найперш з дзяржаўных структураў), пэўныя эканамічныя, экалягічныя пытаньні. Наколькі я ведаю, на іх выдаткоўваецца ня так і шмат грошай.

Апошнія гады ніякіх істотных супярэчнасьцяў паміж беларускімі ўладамі і офісам АБСЭ не было. Здаецца, офіс у меншай ступені цяпер займаецца дэмакратычнымі пераўтварэньнямі і правамі чалавека, за што яго крытыкуе пэўная частка беларускай апазыцыі

Цыганкоў: Ужо чацьвёрты раз запар пасаду кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску займае нямецкі дыплямат. Ці можна назваць гэта заканамернасьцю?

Фёдараў:
АБСЭ — гэта арганізацыя, створаная не паводле прынцыпу адзіных каштоўнасьцяў, а паводле геаграфічнага прынцыпу.
Зразумела, гэта невыпадкова. Нямеччына займае ў пэўным сэнсе асаблівую пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі сярод краінаў Эўразьвязу. Гэта, вядома, не зусім real politic, але ягоныя элемэнты маюць месца. Як вядома, кіраўнік офісу прызначаецца са згоды беларускага боку. Афіцыйны Менск выказвае сваю большую прыхільнасьць менавіта да прадстаўнікоў гэтай дзяржавы.

Цыганкоў: АБСЭ — гэта такая структура, якая ўключае ў сябе фактычна ўсе краіны Эўропы і рэспублікі былога СССР. Сёлета ў ёй, напрыклад, старшынюе Казахстан. Вы ўжо адзначалі, што офіс АБСЭ ўжо не надае гэтак увагі правам чалавека, як гэта было ў 90-я. Ці можна сказаць, што цяпер гэтая арганізацыя не настолькі эфэктыўная, няма ў ёй згоды паміж многімі сябрамі, каб яна магла прымаць нейкія істотныя супольныя рашэньні?

Фёдараў: Так яно і ёсьць. АБСЭ — гэта арганізацыя, створаная не паводле прынцыпу адзіных каштоўнасьцяў, а паводле геаграфічнага прынцыпу. Туды ўваходзяць і Швэцыя, і Туркмэністан. Тым больш, у АБСЭ дзейнічае прынцып прыняцьця рашэньняў кансэнсусам (альбо кансэнсус мінус адзін, калі размова ідзе пра нейкую краіну). Гэта дае магчымасьць практычна кожнай дзяржаве —ўдзельніцы не дапусьціць прыняцьця таго рашэньня, якое ёй не падабаецца.. Да таго ж у АБСЭ няма ніякіх вагароў уплыву на тыя краіны, якія, з пункту гледжаньня большасьці, не выконваюць свае абавязкі

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG