Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалаю Аўтуховічу ў турме адмаўляюцца лячыць зубы


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч можа пачаць чарговую галадоўку — з прычыны адсутнасьці большасьці зубоў. Сваякі наведалі ў турме Ўладзімера Асіпенку. Арцёма Дубскага узнагародзілі прэмія «Хартыі −97» за мужнасьць у змаганьні за правы чалавека.

Галоўнай навіной гэтага тыдня ў справе Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі з Ваўкавыску стала тое, што яны завяршылі азнаямленьне з крымінальнай справай, паводле якой іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы да тэрарызму. Адвакаты Павал Сапелка і Тамара Сідарэнка лічаць віну сваіх падабаронных недаказанай і таму плянуюць зьвярнуцца з хадайніцтвамі да сьледчых, каб тыя спынілі справу.

Як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч, які ўлетку трымаў трохмесячную галадоўку? Адвакат Павал Сапелка кажа, што ягоны падабаронны Аўтуховіч мае тэрміновую патрэбу ў паслугах стаматоляга-пратэзіста, але адміністрацыя менскага сьледчага ізалятара на гэта не зьвяртае ўвагі:

«Аўтуховіч частку зубоў, якія паводле прыроды мусяць быць ў роце, носіць у кішэні. А ў мэдычнай дапамозе яму адмаўляюць, спасылаюцца на тое, што гэта нібыта ня тая патрэба, каб вывозіць яго з турмы ў цывільны шпіталь. У выніку калі раней Аўтуховіч трымаў галадоўку паводле нейкіх працэсуальных меркаваньняў, то хутка ён можа зноў пачаць галадаваць проста таму, што ня зможа есьці».

Уладзімера Асіпенку 23 сьнежня ў сьледчым ізалятары наведалі сваякі. Дачка Асіпенкі Людміла перадала вязьню дыплём аб узнагароджаньні яго прэміяй грамадзкай ініцыятывы «Хартыя-97» за мужнасьць у змаганьні за правы чалавека. Паводле Людмілы Асіпенкі, яе тата быў вельмі ўсьцешаны ўвагай грамадзтва:

«Выказаў вялікую падзяку ўсім, і вам, журналістам, за тое, што яго падтрымліваеце. Яму вельмі прыемна атрымліваць лісты, адчуваць падтрымку. Гэта дае яму сілы цярпець усё гэта і чакаць лепшага».

«Тата казаў, што крымінальная справа супраць яго складаецца толькі з меркаваньняў сьведак, а сапраўдных доказаў у ёй няма», — распавяла Людміла Асіпенка.

Прэмію «Хартыі-97» за мужнасьць ў змаганьні за правы чалавека атрымаў і вязень магілёўскай калёніі Арцём Дубскі. Прэмію ўручылі 23 сьнежня ягонай маці, Алене Дубскай.

Вязьня Бабруйскай калёніі прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку мусілі вызваліць з карцэру і накіраваць ў менскі сьледчы ізалятар да новага судовага паседжаньня паводле ягонай справы, аднак гэтага не адбылося. Сястра Бандарэнкі Ірына паведаміла 25 сьнежня:

«Адвакат зь мінулага тыдня адпраўляе ў калёнію запыты, але адтуль нічога не паведамляюць. І ён ня звоніць. Таму мы нічога ня ведаем».

Андрэй Бандарэнка
Уладзімер Асіпенка
Мікалай Аўтуховіч
Арцём Дубскі

У кастрычніку Першамайскі суд Менску прызнаў актывіста АГП Андрэя Бандарэнку вінаватым у крадзяжы маёмасьці фірмы, якую ён сам стварыў. Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. 15 сьнежня менскі гарадзкі суд адмяніў прысуд Андрэю Бандарэнку і адправіў справу на новы разгляд. Тым часам прадпрымальніка пакаралі ў калёніі карцэрам.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і ягоны знаёмы, былы вайсковец Уладзімер Асіпенка таксама сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага трымаюць ў Магілёўскай калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG