Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі Бандарэнкі не выключаюць, што яго трымаюць ў карцэры


Як паўплывала на сытуацыю з Андрэем Бандарэнкам адмена прысуду прадпрымальніку? Тэрмін вывучэньня справы Аўтуховіча і Асіпенкі сканчаецца праз тыдзень. Чаму ў калёніі не дазваляюць дадаткова апранацца Арцёму Дубскаму?

у кастрычніку Першамайскі суд Менска прызнаў актывіста АГП Андрэя Бандарэнку вінаватым ў крадзяжы маёмасьці фірмы, якую ён сам стварыў. Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
15 сьнежня Менскі гарадзкі суд адмяніў прысуд актывісту АГП Андрэю Бандарэнку. Нагадаю, ў кастрычніку Першамайскі суд Менска асудзіў прадпрымальніка на 7 гадоў нібыта за крадзеж маёмасьці фірмы. У канцы лістападу, не чакаючы разгляду скаргі Бандарэнкі на прысуд, з менскага сьледчага ізалятару яго адправілі для адбыцьця пакараньня ў Бабруйскую калёнію. Там Андрэй Бандарэнка адмовіўся падпісаць дакумэнт, што прызнае сябе вінаватым і абавязваецца “стаць на шлях выпраўленьня” і за гэта быў пакараны карцэрам.

“Паводле закону майго падабароннага мусяць перавесьці ў менскі сьледчы ізалятар, бо да новага разгляду справы судом ён зноў лічыцца не вінаватым, а толькі абвінавачаным”, -- мяркуе адвакат Зьміцер Лаеўскі.

18 сьнежня я патэлефанаваў сястры прадпрымальніка Ірыне Бандарэнка: ці ёсьць зьвесткі, што Андрэя перавялі ў менскі сьледчы ізалятар?

“Наколькі нам вядома, яго ня толькі не перавялі ў менскі сьледчы ізалятар, але і пакінулі ў карцэры Бабруйскай калёніі, прычым ён сядзіць ў адзіночцы”, -- паведаміла Ірына Бандарэнка.

Сястра прадпрымальніка не выключае, што яе брату нават не паведамілі пра рашэньне менскага гарадзкога суду адмяніць ранейшы прысуд і адправіць справу на новы разгляд.


Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і ягоны знаёмы, былы вайсковец Уладзімер Асіпенка таксама сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага.
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіча заканчвае вывучаць матэрыялы справы аб падрыхтоўцы да тэрарыстычнага акту, у чым яго абвінавачваюць разам з былым вайскоўцам Уладзімерам Асіпенкам. Адвакат Павал Сапелка кажа, што засталося літаральна некалькі дакумэнтаў, акрамя таго і час на азнаямленьне амаль скончыўся.

“Мы і без таго мусім закончыць, бо тэрмін азнаямленьня абмежаваны 25-ым чыслом”.

Камэнтаваць матэрыялы справы адвакат адмоўся. Павал Сапелка нагадаў, што 7-га студзеня ў Мікалая Аўтуховіча – дзень народзінаў. Адвакат прапануе людзям, якія падтрымліваюць Аўтуховіча, дасылаць яму ў менскі сьледчы ізалятар віншаваньні. Пра здароўе Мікалая Аўтуховіча Павал Сапелка сказаў:

“Усё нядрэнна, акрамя зубоў. Гэта становіцца ўсё большай праблемай, якую ў сьледчым ізалятары вырашыць немагчыма”.

Паводле зьвестак, завяршае азнаямленьне са сваёй справай і Ўладзімер Асіпенка.

Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага трымаюць ў Магілёўскай калёніі.
На гэтым тыдні маці актывіста Арцёма Дубскага Алена наведала сына ў магілёўскай калёніі, у іх было доўгатэрміновае спатканьне . Акрамя станоўчых успамінаў пра спатканьне ёсьць і вельмі трывожнае – Алена высьветліла, што нават ў цяперашнія маразы яе сыну адміністрацыя не дазваляе апранаць дадатковую вопратку, што робяць іншыя асуджаныя.

“Я сама бачыла ў гэтым турэмным гатэлі, як апранутыя іншыя вязьні. Фактычна як на гражданцы, нават на ўсіх звычайныя курткі”.

Паводле маці, у Арцёма Дубскага ў калёніі ёсьць дадатковая вопратка, але апранаць яе не дазваляюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG