Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяне сьвету, што нарадзіліся ў СССР


Учора раніцай я прыляцела на навуковы сэмінар па “Грамадзтвах пасьля Чарнобылю” ў нямецкі горад Гэсэн. Малады чалавек, што сустракаў нас у аэрапорце, як высьветлілася, нарадзіўся ў СССР, у сям’і этнічных немцаў, якая у 1990-м годзе пераехала ў Нямеччыну.

Цяпер ён вучыцца на гісторыка, каб займацца Усходняй Эўропай. Расказваючы па дарозе ў гатэль пра навакольныя краявіды, ён сказаў:

– Немцы – яны так будуюць, бо...

– Немцы? А вы сябе кім лічыце?

– Я? Ведаеце, мне здаецца, што ў мяне два сэрцы. Я, вядома, немец, бо я нарадзіўся ў нямецкай сям’і, мае бабуля і дзед гаварылі па-нямецку, і мама і тата таксама захоўвалі нямецкую ідэнтычнасьць, і я тут жыву. Але я таксама рускі, гэта мая частка і таксама мая родная мова. Я не магу ад гэтага адмовіцца. Мабыць, я эўрапеец.

Потым нас з Юрыем Шчарбаком, украінскім пісьменьнікам і дасьледчыкaм, які калісьці першым напісаў пра Чарнобыль, вазіў на машыне хлопец з украінскага Цярнопалю. У яго ня дзьве, а нават тры мовы: нямецкая, украінская і расейская.

Такіх людзей – зь некалькімі мовамі і культурамі – якія яны лічаць аднолькава або амаль роднымі, у сьвеце цяпер шмат. У іх часта складаныя чалавечыя гісторыі, якія ёсьць адлюстраваньнямі сучаснай палітыкі, перадзелу межаў, стварэньня і распаду дзяржаў. А ідэнтычнасьць – рэч сканструяваная, цякучая і зьменлівая. Ужо ніхто ня лічыць, што яна адна і назаўсёды. Хтосьці мяняе адну ідэнтычнасьць на іншую. Неабавязкова нацыянальную. У мяне ёсьць сябра, для якога важней за усё тое, што ён гей...

І як з вандроўнікамі па сьвеце быць? Бо іх будзе ня менш, а больш.

Калісьці, на пачатку 1920-х, Ліга Нацыяў прыдумала “нансэнаўскія пашпарты”, такія часовыя пасьведчаньні для ўцекачоў і “асобаў без грамадзянства”. Іх атрымалі, напрыклад, 320 тысяч армянаў, што ўратаваліся ад генацыду 1915 г. і разышліcя па сьвеце. Потым памянёныя “пашпарты” выдаваліся тым, хто ўцякаў ад расейскай рэвалюцыі – проста сьведчылі, што такі чалавек існуе, але не належыць ні да якай дзяржавы.

Быць уцекачом, вядома, цяжка, і не ад добрага гэта жыцьця. Але праблему вандроўнікаў па сьвеце можна вырашаць і іншым чынам. Калісьці Адам Мальдзіс расказаў пра вельмі элегантнае выйсьце.

На пачатку 1990-х нейкі беларускі гісторык адправіўся ў Вільню працаваць у архіве. Час той быў жудасны, бо грошай не было ні ў кога, і ў таго гісторыка таксама. А ксэракс у архіве ўжо быў. Але цана на паслугі розьнілася: адна – невысокая – была для грамадзянаў незалежнай Літвы, а другая, у некалькі разоў вышэйшая, – для іншаземцаў. Гісторык пакутаваў. Ён быў іншаземцам. Але грошай меў, як наш чалавек. І тады яго сябра, літоўскі паэт, напісаў ліст кіраўніцтву архіву, каб гісторыку дазволілі плаціць па ўнутраным тарыфе, бо ў Сярэднявеччы, пісаў паэт, як продкі гісторыка, так і нашыя жылі ў адзінай дзяржаве – Вялікім Княстве Літоўскім. А таму ён можа быць прыраўнаваны да літоўскага грамадзяніна.

Апошнім часам мне падаецца, што можна пайсьці іншым шляхам: увогуле адмяніць дзяржаву...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG