Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра дэмакратыю ў сям’і – і па-за межамі...


Калі на мінулым тыдні “The New York Times Magazine” (нядзельны дадатак да газэты “The New York”) надрукаваў вялізны дакумэнтальны артыкул пад назвай “Шлюб Абамы,” той адразу ж зрабіўся цэнтрам сапраўды нацыянальнай палемікі.

Аўтарка, журналістка Джодзі Кантар ня толькі атрымала шматлікія камэнтары і заўвагі чытачоў, але нават запрашэньні даць колькі інтэрвію ў іншых сродках масавай інфармацыі. Зразумела, што часткова “ажыятаж” вакол артыкулу зьвязаны з агульнай цікавасьцю да прыватнага жыцьця палітыкаў, якія зараз зрабіліся мэдыйнымі зоркамі. У Амэрыцы з часоў Джаклін Кенэдзі стыль, гардэроб, манеры, харызма, заняткі, адукацыя і выхаваўчыя прынцыпы першай лэдзі разглядаюцца ў якасьці “нацыянальнага набытку” – ці проста разглядаюцца пры кожнай магчымасьці. Да таго ж Мішэль Абаму, якая лічыцца “іконай стылю,” часта параўноўваюць з жонкай прэзыдэнта Кенэдзі.

Але не гардэроб Мішэль і нават ня бачная усім закаханасьць першай пары, якая вымушана пражываць сваё прыватнае жыцьцё публічна, ёсьць галоўнай прычынай нацыянальнай цікавасьці да “шлюбу Абамы.” Павестка дня Абамы, калі той быў яшчэ толькі кандыдатам у прэзыдэнты, была пабудавана вакол мэтаў пашырэньня дэмакратыі. Прэзыдэнт і яго жонка ў пэўным сэнсе складаюць адзіную палітычную каманду; амаль два дзесяцігодзьдзі яны вядуць палеміку ня толькі наконт таго, ці можа палітыка быць эфэктыўным сродкам дасягненьня сацыяльных зьменаў, але і пра тое, ці ўвогуле магчыма сумяшчаць яе са шлюбам, як магчымая роўнасьць дома пры няроўнасьці за яго межамі, што такое “роля айца” і як яна зьвязана зь фізычнай прысутнасьцю – альбо, часьцей, адсутнасьцю мужчыны ў хаце і г.д. Гледзячы на гэтую пару, грамадзяне робяць высновы адносна сутнасьці дэмакратыі: як працэсу, як мэты і проста як ладу жыцьця, той кропкі, дзе суадносяцца прыватнае і палітычнае. “Шлюб Абамы” – гэта частка яго палітычнага брэнду.

Якім чынам, пытаецца Джодзі Кантар, рэалізуецца ў вашай сям’і роўнасьць – і адразу ж разумее, што трапіла на гарачую тэму. Ведаеце, кажа Мішэль, ён прэзыдэнт Злучаных Штатаў. Ён увасабляе моц дзяржавы. Зразумела, што ў палітычным сэнсе мы ня роўныя. “Але мы роўныя у сям’і, і мы на гэта працуем,” – адказвае Абама. У час пабудовы сваёй палітычнай кар’еры ён працаваў з жыхарамі небясьпечных раёнаў, выкладаў у прэстыжнай Школе права чыкаскага ўнівэрсытэту, потым быў абраны ў Сэнат. Часта прыяжджаў дамоў толькі на выхадныя. Калі нарадзіліся дзеці, Мішэль часам брала дачку на працу, бо яе падводзіла бэбісітарка. Было вельмі цяжка. Але я рабіў усё, што толькі мог, кажа Абама, я прыяжджаў у той жа дзень, як у мяне канчаліся заняткі, я рабіў усё, што было патрэбна. Прадукты і аплата рахункаў – гэта было на мне поўнасьцю. Быў момант, калі мне здалося, што Мішэль адчувае сябе няшчаснай, і я паабяцаў, што я змагу гэта зьмяніць. Я сказаў, што знайду, як удзельнічаць больш.

Гэтыя разважаньні – наколькі прэзыдэнт браў удзел ў зьмене пампэрсаў, і як адчувала сябе яго жонка, і што значыць “роля айца”, і якое гэта мае дачыненьне да дэмакратыі – нагадалі мне адну вельмі кароткую размову. Яна адбылася ў мяне з палітолягам, што працаваў у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Даволі малады чалавек, ён ня так даўно пабраўся шлюбам, і я спыталася пра яго жонку, якая на той час даглядала іх малое дзіця, бо шмат часу ён праводзіў у Вільні, дзе зараз месьціцца ЭГУ. “Як яна там, увесь час з дзіцём?” – спыталася я. “А што ёй?” – зьдзіўлена пажаў ён плячыма. Было зразумела, што думка пра тое “што ёй” – што тут увогуле ёсьць пра што гаварыць – ніколі не прыходзіла яму ў галаву. Пытаньне, так сказаць, не праблематызавалася. Я ўзгадала гэтую размову, таму што той малады чалавек належыць да гордага племя тых, хто змагаецца – ці верыць, што змагаецца – за дэмакратыю на Беларусі. Па-за межамі адной “асобна ўзятай” сям’і.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG