Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка налічыў 18 «саюзных» праблемаў


Па выніках пасяджэньня ў Маскве Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы падпісана дэклярацыя з нагоды дзясятай гадавіны дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, а таксама дамова аб разьвіцьці вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва і пагадненьне аб стварэньні інфармацыйна-культурных цэнтраў, прыняты саюзны бюджэт.

Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў падвялі вынікі перамоваў. Паводле расейскага прэзыдэнта, такія сустрэчы вельмі карысныя, бо падчас абмеркаваньня «вельмі складаных тэмаў, выказваючы спрэчныя пазыцыі, выходзячы на кампраміс, мы ўрэшце садзейнічаем таму, чым павінны займацца. Як прэзыдэнты нашых краін мы садзейнічаем паляпшэньню якасьці жыцьця нашых грамадзянаў».

Паводле Лукашэнкі, сёньня разгледжаны цэлы комплекс пытаньняў: «А гэта праблемы. Іх было васямнаццаць. Гэта і пытаньні паліўна-энэргетычнага комплексу, фінансавыя, абароннай прасторы, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, нашай бясьпекі. Гэта комплекс пытаньняў па зьнешняй палітыцы, мы прынялі адпаведнае рашэньне. Палову часу прысьвяцілі пытаньням забесьпячэньня неабходных мераў па актывізацыі гандлю паміж нашымі краінамі».

Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што «саюзная дзяржава — гэта не хімэра».

Паводле Дзьмітрыя Мядзьведзева, у цэнтры ўвагі перамоваў быў плян сумесных дзеяньняў па мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу. Ён адзначыў, што праблемы яшчэ застаюцца.

«Мы тут праводзілі і будзем праводзіць палітыку, накіраваную на дапамогу і падтрымку беларускай эканомікі», — сказаў расейскі прэзыдэнт.

Паводле Дзьмітрыя Мядзьведзева, на перамовах дасягнутае прынцыповае рашэньне пра тое, як далей будзе ісьці супрацоўніцтва ў энэргетычнай сфэры. Маўляў, яно ня створыць цяжкасьцяў Беларусі:

«Мы сёньня абмяркоўвалі цэлы шэраг магчымых разьвязак. У тым ліку мы прынялі, па сутнасьці, прынцыповае рашэньне станоўча адказаць на розныя звароты, якія тычацца таго, як далей будзе адбывацца супрацоўніцтва ў нафтавай сфэры. Пра тыя разьвязкі, якія падрыхтаваны, нам дакладуць нашы калегі віцэ-прэм’еры. Я думаю, што на сёньня гэта найбольш важнае рашэньне, якое будзе садзейнічаць разьвіцьцю энэргетычнага супрацоўніцтва, як мінімум, ня створыць цяжкасьцяў нашым беларускім партнэрам. У той жа час зробіць наша супрацоўніцтва ў гэтай сфэры больш сучасным».

Паводле Мядзьведзева, бакі дамовіліся інтэнсыфікаваць ратыфікацыю пагадненьня, якое тычыцца проціпаветранай абароны і іншых.

Сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі замест плянаванай гадзіны цягнулася каля пяці гадзін. Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што падчас перамоваў у вузкім складзе бакі спрабавалі наблізіць пазыцыі па пытаньнях, якія выклікаюць рознагалосьсі.

Дзьмітрый Мядзьведзеў выказаў спадзяваньне, што ў Расеі і Беларусі будзе самая высокая ступень інтэграцыі ў зьнешняй палітыцы.

Наступнае пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы пройдзе ў Менску ў ліпені 2010 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG