Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Траціна заробку – на лекі


Сёньня Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўдакладніла, што колькасьць лябараторна пацьверджаных выпадкаў так званага сьвінога грыпу дасягнула 179. Гэта на 14 выпадкаў больш, чым тыдзень таму. З прычыны эпідэміі грыпу застаюцца закрытымі 238 школаў. Сярод хворых амаль 60% дарослых і 40% — дзеці.

Колькі каштуе беларусам ратавацца ад грыпу? Чым і як лечацца хворыя? Сёньня адказы на гэтыя пытаньні высьвятлялі рэгіянальныя карэспандэнты “Свабоды”.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Фармацэўты: “Мы разумеем, што ў людзей ня столькі грошай, каб траціць іх на лекі”

На Магілёўшчыне ў сярэднім на набыцьцё сродкаў прафіляктыкі ад грыпу й вострых рэсьпіраторных захворваньняў людзі трацяць да трыццаці тысяч рублёў. Ажыятаж на гэтыя прэпараты ў рэгіёне спаў, аднак попыт застаецца высокім. Мэдыкі не выключаюць, што наперадзе наступная хваля эпідэміі.

У аптэках выбар супрацьгрыпозных лекаў стаў больш разнастайным, аднак, прызнаюць фармацэўты, некаторыя зь іх застаюцца дэфіцытнымі.

Дэфіцыт на лекі пакуль застаецца

“Няма той жа аксалінавай мазі, аднак мы замяняем іншымі лекамі. “Таміфлю” ёсьць ува ўсіх аптэках па рэцэптах. У аптэках стала цішэй. Мы цяпер пра камэрцыйную струнку забылі. На некаторыя прэпараты мы стараемся зрабіць меншую нацэнку, бо разумеем, што ў людзей ня столькі грошай, каб траціць іх на лекі”, — зазначае супрацоўніца аб’яднаньня “Фармацыя”.

На тое, каб набыць супрацьгрыпозныя лекі, людзям даводзіцца выкладаць зь сямейнага бюджэту нямала грошай:

Спадарыня: Тысяч дваццаць пяць, трыццаць. Адзін прэпарат бярэш, потым другі. Тое падышло, тое не. Вось так лечысься”.

Спадарыня: “Мы наагул лекі набывалі ў Расеі. Пачак “Арбітолу” 250—290 расейскіх рублёў каштуе. Яе хапае на дзень, на два. Гэта калі лячыцца. Для прафіляктыкі хапае адной пачкі на пяць дзён”.

Ёсьць і тыя, хто пакуль лекаў не набываў:

Спадарыня: “Па-першае, нічога няма. Па-другое, я не паддаюся паніцы. Я не зьбіралася набываць дзьвесьце гэтых наморднікаў, груба кажучы. Сям’ю Бог мілаваў. Я ж малілася Богу”.

Спадарыня: “Сама працую ў навучальнай установе. Школу нашу зачынялі на карантын, дзеці хварэлі. Як сама? Ратуюць цыбуля, часнок…”

Узровень захворваньняў на грып і вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі ў рэгіёне застаецца высокім. Па мэдычную дапамогу зьвяртаюцца штодня амаль чатыры тысячы чалавек. Палова зь іх — дзеці.

Мэдыкі кажуць, што чакаецца другая хваля грыпу

У рэгіёне зачыненыя на карантын сем школаў.

Што да грыпу A (N1H1), то, паводле мэдыкаў, ён выяўлены ў 25 чалавек. Колькасьць памерлых ад пнэўманіі павялічылася. Пры канцы мінулага тыдня прызнаваліся толькі два сьмяротныя выпадкі.
Ад пнэўманіі на сёньняшні дзень памерлі пяць чалавек па горадзе Магілёве ...

“Ад пнэўманіі на сёньняшні дзень памерлі пяць чалавек па горадзе Магілёве”, — прызнаў галоўны лекар управы аховы здароўя Магілёўскага гарвыканкаму Аляксандар Старавойтаў.

У прыватных гутарках лекары прызнаюць, што колькасьць хворых на пнэўманію, якая выкліканая грыпам, у Магілёве сягае тысячы.

Яны папярэджваюць, што чакаецца другая хваля грыпу. У тое, што першая істотна спала, людзі ня вераць. Магілёўскія шпіталі перапоўненыя хворымі.

ВІЦЕБШЧЫНА


З-за дарагоўлі на лекі людзі зьвяртаюцца да народных сродкаў

Тры папярэднія тыдні на Віцебшчыне назіраўся рост колькасьці захворваньняў на грып і ВРВІ. Жыхарам абласнога цэнтру давялося сутыкнуцца ня толькі з дэфіцытам супрацьвірусных сродкаў, але й з тым, што амаль усе лекі падаражэлі.

Дваццаць таблетак “Рэмантадыну” перад эпідэміяй грыпу каштавалі ад 2 да 7 тысяч рублёў, у залежнасьці ад фірмы-вытворцы. А цяпер — амаль 15 тысяч рублёў, прычым адной упакоўкі сям'і зь чатырох чалавек ня хопіць і на два дні.

Звыклая “аскарбінка” — вітамін С — каштуе ўжо не паўтары тысячы, як раней, а амаль чатыры тысячы.

“Я ведаю, што кроплі ў нос падаражэлі ў два з паловай разы, таблеткі падаражэлі. Так што я цяпер хатні лекар-знахар: ужываю мёд, лімоны, алоэ”, — распавядае спадарыня Людміла, зь якой мы пазнаёміліся на кірмашы “Сьвет мёду”, што праходзіць гэтымі днямі ў віцебскім лядовым палацы.

Спадарыня Людміла распавяла, што мусіла зьвярнуцца да народных сродкаў пасьля таго, як на пачатку месяца набыла для дачкі-студэнткі прафіляктычных лекаў адразу на 140 тысяч рублёў — у Менску арбідолу, рэмантадыну і марлевых павязак на той час ужо не было. Падрыў сямейнага бюджэту змусіў зьвярнуцца да народных сродкаў. Аднак на сёньняшні дзень і яны каштуюць нятанна.

За кіляграм пчалінага мёду гандляры просяць ужо 36 000 рублёў

Мёд і “антыхваробная” рэкляма
Лімоны, якія нядаўна каштавалі 6 тысяч за кіляграм, каштуюць ужо 7.200. А на кірмашы “Сьвет мёду” за кіляграм карыснага натуральнага прадукту просяць ужо 30—36 тысяч, хаця ў дзяржаўнай пчалярскай краме ён зусім нядаўна каштаваў усяго каля 22 тысяч.

Высокія кошты гандляры падмацоўваюць аповедамі пра высокую супрацьгрыпозную эфэктыўнасьць: ці не на кожнай пасудзіне зь мёдам вісіць абвестка, ад якіх хваробаў ён дапамагае, і ВРВІ там на першым месцы.

І амаль кожная гандлярка сьпяшаецца падказаць свой уласны выратавальны рэцэпт ад грыпу і пнэўманіі:

Гандляркі ня толькі прадаюць мёд, але й прапануюць уласныя рэцэпты ад грыпу
“Бераце мёд і цёплае малако. Або з вадой, калі так п’яце. А можна проста лыжачку — і ў рот. Ён там будзе ў горле трохі шкрэбсьці, пашчыпваць, але гэта добра, старайцеся не запіваць. Гэта як сродак ад тэмпэратуры, прастуды, запаленьня лёгкіх, галаўнога болю…”

Замест дарагіх лекаў людзі набываюць шкарпэткі з сабачай поўсьці

Але на мядовым кірмашы гандлююць ня толькі мёдам, і ня толькі мёд карыстаецца попытам у жыхароў Віцебску, якія спрабуюць засьцерагчыся ад хваробы.

Замест дарагіх аптэчных прэпаратаў людзі бяруць шкарпэткі, панчохі ды паясы, вязаныя зь нітак з сабачай поўсьці, а таксама бальзамы ды мазі з сэрыі пад назвай “Кедр”. Гандляры прапануюць іх для расьціраньня грудзей пры пнэўманіі і як сродак ад катару. Іхны лекавы эфэкт лябараторна не даказаны, але “кедравыя” сродкі таньнейшыя за тыя, што можна набыць у аптэцы, і людзі спрабуюць эканоміць.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Лячэньне каштавала больш за 100 тысяч рублёў пры заробку ў 300 тысяч

У вясковых амбуляторыях на Гарадзеншчыне хворыя на прастуду імкнуцца набываць лекі, якія прапісвае ўрач, не зважаючы на кошты, часта высокія, — абы вылечыцца.

На Гарадзеншчыне колькасьць хворых на ВРВІ і грып зьмяншаецца. Лекары сьцьвярджаюць, што апошнім часам людзей на прыём зьвяртаецца меней.

У адной зь вясковых амбуляторый Івейскага раёну лекарка Алена распавядае, што хворых было шмат, даводзілася нават уначы езьдзіць на выклікі, асабліва калі хварэлі дзеці.

Што тычыцца лекаў, са слоў дакторкі, то нібыта ўсяго хапала і нават маглі прывозіць нешта неабходнае на заказ. Праўда, лекарка кажа, што на кошты вяскоўцы зьвярталі ўвагу.

Спадарыня: “Больш прызначалі антыбіётыкі, таму што людзі вельмі моцна кашлялі. Давалі цэтрыаксон, цэфазалін і іншыя. Цэтрыаксон — ампула каштавала 1300 рублёў, цэфазалін — 1700. Вось і лічыце: даросламу за курс лячэньня — 34 тысячы на цэтрыаксон і 22 тысячы на цэфазалін”.

“Калі хочаш яшчэ жыць, то купіш лекі, колькі б яны ні каштавалі”

Спадарыня, якая прабыла на бальнічным 12 дзён, кажа, што за гэты час аддала амаль палову свайго заробку, хаця купляла ня ўсе лекі, якія ёй прапісвалі — бо некаторых папросту не магла знайсьці ў аптэках.

Спадарыня: “Значна даражэй, чым летась, лекі каштуюць. Да прыкладу, цэтрафіаксін каштуе 30 тысяч, а гэта толькі ўколы на пяць дзён. А калі браць дадаткова тыя ж сіропы ад кашлю і іншае — мне лячэньне абышлося трохі болей за 100 тысяч пры маім заробку ў 300—312 тысяч”.

Лекарка з амбуляторыі ў Івейскім раёне зьвяртае ўвагу на тое, што сёлета прастуднымі захворваньнямі былі напалоханыя нават старэйшыя людзі і ўсе імкнуліся альбо самі наведацца да яе, альбо выклікалі лекара на дом. Яна ўзгадвае, як людзі казалі пра кошты на лекі.

“Казалі так: захочаш жыць, купіш усё. Гэта бабулькі так казалі. І, ведаеце, куплялі нават дарагія прэпараты”.

У вясковай амбуляторыі, што ў Ваўкавыскім раёне, лекарка, спадарыня Ванда, таксама распавядае, што людзі імкнуліся браць усе лекі, якія ім выпісвалі, хоць кошты на антыбіётыкі для вяскоўцаў немалыя.

“Ну, да прыкладу, калі пнэўманія, то недзе 70 тысяч за ўколы на курс лячэньня. Вось…”

А ў Лідзкім раёне лекар вясковай амбуляторыі, спадар Пётра, распавядае: акрамя мэдыцынскіх прэпаратаў, вяскоўцы не забываюцца на народную мэдыцыну і нават прыносяць рэцэпты ў амбуляторыю.

“Цыбуля, часнок, той самы мёд, ліпавы цьвет заварваюць. Карыстаюцца з таго, што ведаюць”.

“Мы беражэм лекавыя зёлкі, а яны ратуюць нас”

Пісьменьнік Лявон Вашко жыве ў Мастах побач зь Нёманам, каля сасновага бору, і ў барацьбе з хваробамі ўжывае менавіта прыродныя сродкі.

Пры слове “грып” Лявон Вашко ўспамінае перш сям’ю сыбірскіх пустэльнікаў Лыкавых, пра якіх раней шмат паведамлялі газэты. Лыкавы жылі асобна ад людзей і не хварэлі, а потым, калі іх перасялілі ў горад, дык яны паўміралі ад грыпу, ад інфэкцый, кажа Лявон Вашко. А як ён сам засьцерагаецца ад грыпу?

“Вырву грыбок-другі, пакрышу ў гарэлку, закапаю пад яблыню...”

Вашко: “Для падтрыманьня імунітэту што я раблю? Я зёлкі зьбіраю, суніцы, вось яна цьвіце вясной, вырву з коранем, падсушу і тады гарбату п’ю. Вельмі добра падвышае імунітэт грыбок вясёлка, вырву грыбок-другі, пакрышу ў гарэлку, закапаю пад яблыню, пару тыдняў пачакаю, а тады лыжку сталовую раніцай. Захочацца, дык і ўвечары вып’ю, і ў абед. Ён добра аднаўляе імунітэт, хочацца жыць і весяліцца”.

Якія яшчэ зёлкі выкарыстоўвае супраць хваробаў пісьменьнік Лявон Вашко і хто яму перадаў гэтыя веды?

“І чабор добра, і мята, і сьвятаяньнік таксама”

Вашко: “І чабор добра, і мята, і сьвятаяньнік рву, расьліны, вядомыя ўсім. Ідзеш у лесе, бачыш — цьвіце, адарвеш: сьвятаяньнік вельмі добра з чаборам, галінку мяты можна ўкінуць. У мяне быў знаёмы Герасімаў, на журфаку выкладаў. Ён такі траўнік быў, турыст. Нейк хадзілі ў вандроўкі, ён мне шмат паказаў, па кніжках таксама ведаю. Увогуле ёсьць ідэя ўсе нашы зёлкі вывучыць, ёсьць лічбавы фотаапарат. Яны, можа, не даюць імгненнага эфэкту, як лекі сучасныя, што празь дзьве гадзіны пачынаюць дзейнічаць, можа, травы пачынаюць праз тыдзень дзейнічаць, але яны разам з намі жывуць, адным паветрам дыхаюць, мы іх беражэм, яны нас”.

Менск


На грып у гэтым сэзоне рызыкуе захварэць кожны пяты жыхар Менску. Пра гэта паведаміла загадчыца эпідэміялягічным аддзелам Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Алена Фісенка. Ад пачатку эпідэмічнага ўздыму (43-ці тыдзень году) грыпам перахварэлі каля 5 % гараджанаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG