Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захворваньняў на пнэўманію па-ранейшаму шмат


Эпідэмія грыпу і ВРВІ дынамічна ідзе на спад. Паводле мэдыкаў, у паліклінікі зьвяртаюцца тыя пацыенты, якія захварэлі раней і цяпер падаўжаюць тэрмін сваіх бальнічных лістоў. Колькасьць жа хворых на пнэўманію застаецца высокая.


Паводле афіцыйных зьвестак, колькасьць зваротаў пачала паступова зьніжацца.

  • на Гомельшчыне - на 4,4%
  • на Магілёўшчыне — на 40,6%.
  • у Меснку - на 79,7%,
  • у Менскай вобласьці — на 26,9%.

Мэдыкі канстатуюць, што большасьць хворых на ВРВІ — гэта дарослыя.

Зафіксавана 165 лябараторна пацьверджаных выпадкаў пандэмічнага грыпу A/H1N1. Вірус сьвінога грыпу выяўлены ў 13 чалавек, якія памерлі ад пнэўманіі.

У сталічных паліклініках значна зьменшылася колькасьць людзей, якія днямі захварэлі на ВРВІ. Але пры гэтым мэдыкі кажуць, што застаецца багата людзей, якія захварэлі на вірусную пнэўманію. А менавіта з пнэўманіяй зьвязаная сур’ёзная небясьпека.

Намесьнік галоўнага ўрача паліклінікі, што ў Цэнтральным раёне Менску, паведаміў “Свабодзе”:

“У нас яшчэ, канечне, людзей у паліклініках нямала. Талённую сыстэму мы адмянілі, таму што ў асноўным людзі прыходзяць, каб вырашыць пытаньне наконт ліста працаздольнасьці. А што да першасных выпадкаў захворваньня, то іх стала значна менш. Візытаў на дом значна стала менш. У асноўным гэта прыёмы ў паліклініцы: хтосьці закрывае бальнічны, у кагосьці былі ўскладненьні, і яны далечваюцца”.

Наконт наяўнасьці мэдычных прэпаратаў лекарка паведаміла:
У аптэках усё ёсьць. Ніхто ня скардзіўся, што нейкіх прэпаратаў не набыў. ...

“У залежнасьці ад стану. Нейкай адзінай сыстэмы няма. І антыбіётыкавая тэрапія ідзе, таму што гэта неад’емная частка лекаваньня. І вітамінная тэрапія. У аптэках усё ёсьць. Ніхто ня скардзіўся, што нейкіх прэпаратаў не набыў. Грып, канечне, раней пачаўся, чым у папярэднія гады, але звычайная сытуацыя”.

Загадчыца тэрапэўтычнага аддзяленьня паліклінікі, што ў мікрараёне Серабранка, таксама пагадзілася са сваёй калегай наконт таго, што колькасьць хворых значна зьменшылася.

“Ну вось у першую зьмену да нас зьвярнуўся 161 чалавек. Дастаткова ў першую зьмену і ў другую. Цяпер прыходзяць закрываць бальнічныя лісты. Першасных хворых, якія цяпер толькі захварэлі, — 11 чалавек. Гэта істотная розьніца. Мы раней працавалі ў суботу і нядзелю. Вялі прыём і візыты дактароў. І гэтыя выходныя таксама. Пнэўманіі ня зьменшыліся. Зусім. ВРВІ — так, зьніжэньне”.

Доктарка паведаміла, што хворых, у якіх мэдык западозрыў пнэўманію, накіроўваюць на рэнтген ці флюараграфію. Калі ставіцца дыягназ “пнэўманія”, людзей адразу шпіталізуюць.

Тым часам мэдыкі атрымалі загад за подпісам намесьніка міністра аховы здароўя наконт антывірусных прэпаратаў. Каб іх набыць у аптэцы, трэба мець рэцэпт на блянку паліклінікі зь пячаткай лекара і ягоным уласным подпісам.

У Менску цяпер можна зрэдку ўбачыць людзей з павязкамі на тварах. Загадчыца тэрапэўтычнага аддзяленьня паліклінікі, што ў Чыжоўцы, выказала думку, што панічны страх перад небясьпечнай хваробай спрыяў таму, што людзі ўважліва паставіліся да прафіляктычных захадаў. Тое, што жыхары сталіцы пазьбягалі месцаў, дзе зьбіраецца шмат людзей, ужывалі часнык, садавіну, вітаміны і прытрымліваліся элемэнтарных правілаў абароны ад вірусаў, на думку мэдыка, і дало такі высокі паказчык зьмяншэньня колькасьці захворваньняў на ВРВІ.

Але што тычыцца колькасьці захворваньняў на пнэўманію, то яна па-ранейшаму застаецца высокай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG