Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 8 — 14 лістапада


Два тыдні ў Беларусі дзейнічае пастанова Міністэрства эканомікі № 141 аб свабодным цэнаўтварэньні. Яна, па сутнасьці, дазваляе крамам і пастаўшчыкам імпартных тавараў самім вырашаць, па якім кошце прадаваць тавары. Пра што сьведчаць першыя вынікі маніторынгу цэнаў?

Пастановай вызначаны пералік сацыяльна значных тавараў, на якія памеры гандлёвых надбавак абмежаваныя: хлеб, малако, сьмятана, крупы, садавіна і гародніна, лекі. Усяго ў сьпісе 50 пазыцый, цэны на якія па-ранейшаму кантралюе дзяржава. На ўсё астатняе гандлёвыя надбаўкі фармуюцца з улікам каньюнктуры рынку, скасаванае 30-працэнтнае абмежаваньне розьнічнай надбаўкі. Дырэктар Дэпартамэнту цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Ігар Фамін падвёў першыя вынікі дзеяньня дакумэнту:

“Быў праведзены маніторынг цэн да прыняцьця пастановы і пасьля. Рэзкага ўсплёску цэн мы не назіраем. Ёсьць рост цэн па асобных таварных пазыцыях, да прыкладу, невялікі рост па пампэрсах — парадку 8-10%, па масьле жывёльным. Магчыма, канечне, сэзоннае павышэньне цэн да навагодніх сьвятаў. Мы будзем пазыцыі гэтыя маніторыць”.

Акрамя названых пампэрсаў і масла, спажыўцы заўважылі рост коштаў на імпартнае піва і віно, кампутары, запчасткі да іх, іншыя тавары. Пра тое, што цэны пакрысе растуць, кажуць ня толькі звычайныя пакупнікі. Эканаміст Леанід Злотнікаў выказаў такое меркаваньне:

Леанід Злотнікаў
“Цэны могуць пакрысе ўздымацца. І гэта ня толькі таму што гандлёвыя надбаўкі адмянілі, а таму, што калі няма канкурэнцыі, па-першае, з вытворцамі замежных краінаў, у такой маленькай краіне цэны павінны быць высокімі. А па-другое, у нас вялікая інфляцыя, амаль 10% у год. Цэны павінны расьці то на 5%, то на 3%, то на 10%. Да таго ж грошы абясцэньваюцца. Так што кошты будуць павышацца”.

Паводле Мінэканомікі, пры парушэньні парадку цэнаўтварэньня будуць рабіцца суровыя захады. У прыватнасьці, можа быць ужыты адміністрацыйны штраф ды іншыя санкцыі. За грубыя парушэньні парадку цэнаўтварэньня — пазбаўленьне ліцэнзіі. Ад пачатку году 75 суб’ектаў гаспадараньня пазбаўленыя ліцэнзіі альбо яе дзеяньне прыпыненае.

Тым часам Нацыянальны статыстычны камітэт паведамляе: кошты на харчовыя тавары ў студзені-кастрычніку 2009 года вырасьлі на 15% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. У лідэрах — гарбата, кошты на якую вырасьлі амаль на 30%, а таксама бульба — рост 26%. Істотна падаражалі

  • мука (на 23%),
  • малочныя прадукты (на 20,5%),
  • рыба (на 19,5%),
  • яйкі (на 18%).

Цэны на мяса, птушку, каўбасы і вяндліну ў сярэднім вырасьлі на 16%. Менш за ўсё ўзьняліся кошты на садавіну і гародніну — на 2%.


Дрэнны ўраджай бульбы ў Беларусі і затаваранасьць расейскага рынку імпартнай сушанай бульбай з Кітая спынілі працу шэрагу перапрацоўчых прадпрыемстваў. Так, на Магілёўшчыне збанкрутаваў Слаўгарадзкі агароднінасушыльны завод. Маёмасьць прадпрыемства выстаўлена на продаж, а атрыманыя сродкі пойдуць на выплату заробкаў працаўнікам і даўгоў крэдыторам. Агульная сума даўгоў перавышае 750 мільёнаў рублёў.

Гэта, як паведамілі ў адміністрацыі, у асноўным крэдыторскія пазыкі:

“Яшчэ летам сёлета нас прызналі банкрутамі. Пабудавалі тут побач невялікі завод “Слаўгарадзкага харчавіка” ён сушыць тое, самае, што й мы — бульбу, моркву — і нашы працаўнікі ўсе туды пайшлі. Тут на версе пакуль засталіся бугальтары. Засталося ўсяго дзесяць чалавек. Мяркую, што хоць нешта, ня ўсё канечне, але нешта прадаць удасца. Крэдыты ж пагашаць трэба. Мы шмат вінаватыя людзям, таму будзем пагашаць гэта ўсё”.

Прадукцыя прадпрыемства ня здолела выстаяць у канкурэнцыі з кітайскімі аналягамі. У такіх умовах працяглы час працавалі 70 чалавек.

Што да “Слаўгарадзкага харчавіка”, куды сышлі працаўнікі збанкрутаванага заводу, то прадпрыемства згадваў як прыклад марнаваньня крэдытаў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік. “Харчавік” працуе, аднак прыбыткаў не нажывае. На прадпрыемстве сярэднемесячны заробак працаўнікоў — 300 тысяч рублёў. Гаворыць супрацоўніца прадпрыемства:

Кітай дае меншую цану, чым у нас. Зьбівае кошты. У нас Расея ня хоча нічога браць цяпер.
“Кітай дае меншую цану, чым у нас. Зьбівае кошты. У нас Расея ня хоча нічога браць цяпер, бярэ прадукцыю толькі Ліда. Не карыстаемся мы вялікі попытам. Да новага года і Міністэрства абароны, і турмы набываюць сыравіну, а пасьля новага года купляюць у нас суш’ё”.

“Харчавік” — асноўнае прадпрыемства Слаўгарадчыны. Дзеля таго, каб прадпрыемства працавала, павялічаная плошча высеву морквы, буракоў ды бульбы. Раён трапляе ў зону радыёлягічнага забруджаньня.

На Віцебшчыне з-за недахопу сродкаў прыпынена мадэрнізацыя вытворчасьці Глыбоцкага кансэрвавага завода. Яшчэ два перапрацоўчыя прадпрыемствы ў Лёзна і Паставах збанкрутавалі.

На кансэрвавым заводзе ў Паставах рабілі яблычнае віно і кансэрвы з гародніны. На думку Ўладзімера Бароўкі, якому некалі прапаноўвалі ўзначаліць прадпрыемства, завод загубіла няправільнае разьмеркаваньне сродкаў: замест пераабсталяваньня вытворчасьці, грошы укладаліся ў добраўпарадкаваньне райцэнтру:

Занадта шмат грошай ішло на добраўпарадкаваньне, а трэба было выдаткоўваць і на пераабсталяваньне.
“Занадта шмат грошай ішло на добраўпарадкаваньне, а трэба было выдаткоўваць і на пераабсталяваньне. Або прасіць, каб на гэта далі грошы, і, да прыкладу, чыпсы пачаць вырабляць, сокі, віно тое самае. Быў бы завод добры, моцны. Толькі ніхто гэтым не займаўся. І што цяпер? У сельскагаспадарчым раёне людзям няма куды нават здаць лішкі яблыкаў ці гародніны”.

Зь перабоямі працуе кансэрвавы завод у Глыбокім. Прыбыткі прадпрыемства, кажуць супрацоўнікі, ня дужа вялікія, і трымаецца яно перадусім за кошт дзяржаўнай падтрымкі.

З-за недахопу сродкаў завод змушаны перапыніць мадэрнізацыю, якая ацэнена больш як у 4 мільярды рублёў. Прадпрыемства ўжо цяпер ня мае магчымасьці разьлічвацца па працэнтах раней узятых крэдытаў.

У канцэрне “Белдзяржхарчпрам” інфармуюць, што цяперашнія вытворчыя магутнасьці існуючых кансэрвавых заводаў дазваляюць гатаваць 734 мільёны ўмоўных слоікаў кансэрваў з гародніны. А попыт у Беларусі — толькі на 400 мільёнаў тых жа слоікаў. З-за таго, што ад беларускай прадукцыі адмаўляецца Расея, заводы мусяць скарачаць ці спыняць сваю вытворчасьць.


Адной з праяваў крызісу — “цэмэнтная вайна” паміж Літвой і Беларусьсю. Кіраўніцтва літоўскага цэмэнтнага заводу ў Акмянэ заявіла, што 90% паставак беларускага цэмэнту ў Літву не адпавядае стандартам якасьці. Да таго ж, паводле дырэктара прадпрыемства, будаўніцтва ў краіне запаволіла тэмпы, і адзіны ў Літве цэмэнтны завод можа забясьпечыць краіну прадукцыяй айчыннай вытворчасьці.

Беларускія вытворцы называюць заявы літоўскага боку наконт кепскай якасьці беларускай прадукцыі спробай абараніць свой рынак у часе крызісу. Яны лічаць прэтэнзіі надуманымі і сьцьвярджаюць, што якасьць беларускага цэмэнту адпавядае эўрапейскім стандартам: усе тры цэмэнтныя заводы пастаўляюць сваю прадукцыю на ўнутраны рынак і ў суседнія краіны.

Завод “Краснасельскбудматэрыялы” у Ваўкавыскім раёне пастаўляе цэмэнт у Літву і Польшчу. Прадстаўнікі адміністрацыі заводу паведамілі, што прадукцыя, якую пастаўляе завод у краіны Эўразьвязу, адпавядае эўрапейскім патрабаваньням. Гэта цэмэнт адмысловай маркі, і ніякіх заўвагаў наконт яго якасьці з боку літоўцаў не было.

Кіраўніца аддзелу збыту прадпрыемства “Беларускі цэмэнтны завод” у Касьцюковічах Сьвятлана Рубцова назвала выказваньні літоўскага боку антыдэмпінгавай кампаніяй:

“Кожная краіна хоча абараніць свой рынак. У Літве ён (цэмэнт) таньнейшы. Але яны ня могуць нам прад’яўляць прэтэнзіі наконт таго, што наш цэмэнт не адпавядае стандартам эўрапейскай якасьці. Гэта няпраўда. Яны ж бяруць наш цэмэнт. Крычаў збавіў крыху цану, і яны бралі ў іх таксама цэмэнт”.

Яна дадала, што беларускі цэмэнт такі ж, як польскі ці нямецкі. А кошт прадукцыі, якая завозіцца ў Літву, узрастае з-за транспартных і мытных выдаткаў.

На ўсіх беларускіх цэмэнтных заводах паведамілі, што экспэрты зь Літвы штогод прыяжджаюць на прадпрыемствы і самі адбіраюць пробы, неабходныя для таго, каб падоўжыць сэртыфікат. Сэртыфікат СЕ беларускаму цэмэнту выдала незалежная экспэртыза ў самой Літве.


На тле зьніжэньня прыбыткаў усё больш квітнее карупцыя. 33 карупцыйныя злачынствы выкрытыя ў сфэры адукацыі Магілёўшчыны.

Cамыя распаўсюджаныя — злоўжываньні службовым становішчам. Сума стратаў, нанесеных карупцыянэрамі ад адукацыі, складае мільярды рублёў.

Найбольш карумпаванымі прызнаныя Бабруйшчына, Слаўгарадчына, Кіраўшчына, Чэрыкаўшчына, а таксама Магілёў. Намесьніца начальніка абласнога ўпраўленьня адукацыі Сьвятлана Лявонава агучыла факты:

“25 жніўня 2009 году заведзеная крымінальная справа супраць намесьніка дырэктара Магілёўскага абласнога цэнтру фізычнага выхаваньня студэнтаў і моладзі. Ён незаконна пералічваў грашовыя сродкі, больш за 42 мільёны рублёў, на рахунак прадпрымальніка і імі потым завалодаў.

19 кастрычніка 2009 году сьледчым аддзелам пракуратуры заведзеная крымінальная справа па факце атрыманьня хабару ў суме 400 тысяч дырэктарам Мсьціслаўскай дзіцячай спартовай школы. Ён арганізаваў сыстэму атрыманьня хабару ад падначаленых, якія парушалі працоўную дысцыпліну”.

Карупцыянэры арыштаваныя. Колькі яшчэ чалавек пазбаўленыя волі або пакараныя іншым чынам, не называецца. Каб перамагчы карупцыю, чыноўнікі прапануюць узмацніць кантроль за гаспадарчай дзейнасьцю ўстаноў адукацыі. Дзеля гэта стварылі адмысловую камісію.

А ў Менску падчас атрыманьня буйнога валютнага хабару спэцслужбы затрымалі дырэктара ААТ “Гомельпляст”. Вядома, што ў прыватным катэджы дырэктара пад Гомелем правялі ператрус. На праверку забралі джып гаспадара. На заводзе адказваюць, што дырэктар у дадзены момант адсутнічае, зьвязацца зь ім немагчыма. Абавязкі кіраўніка выконвае галоўны інжынэр. Завод “Гомельпляст” — адзінае ў краіне прадпрыемства, дзе выпускаюцца аднаразовыя мэдычныя шпрыцы.

У Беларусі пачала працу група экспэртаў Міжнароднага валютнага фонду. Місія павінна ацаніць выкананьне беларускімі ўладамі праграмы, якая падтрымліваецца крэдытам stand-by у памеры 3,5 мільярда даляраў. Па выніках будзе прынятае рашэньне аб выдзяленьні чарговага траншу крэдыту.

З улікам выдаткаванага пры канцы кастрычніка трэцяга траншу МВФ у памеры блізу 700 мільёнаў даляраў, агульная сума сродкаў для Беларусі перавысіла 2 мільярды 200 мільёнаў даляраў. Сродкі пераводзяцца з улікам штоквартальных справаздачаў беларускага ўраду.

Старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч заявіў, што ўсе патрабаваньні МВФ Беларусь выконвае, таму чарговы транш у аб’ёме прыблізна 700 мільёнаў даляраў можна чакаць яшчэ да канца году.

Зьміцер Крук
Аднак, як лічыць эканаміст Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Зьміцер Крук, стаўка на крэдыты ў цяперашняй сытуацыі не зусім абачлівая. Урад у вялікай колькасьці бярэ міжнародныя крэдыты, ня маючы схемы вяртаньня пазыкаў:

“У цяперашнім стане крэдыты, безумоўна, дапамагаюць беларускай эканоміцы. Але ж, зь іншага боку, няма доўгатэрміновай, асэнсаванай стратэгіі — навошта нам патрэбныя замежныя крэдыты? Часта ўлады тлумачаць неабходнасьць крэдытаваньня менавіта тым, што ў нас невялікі аб’ём пазыкаў, які назапасіўся за папярэднія гады, і гэта падаецца як непасрэдны фактар таго, што трэба рабіць новыя пазыкі. Але пакуль няма асэнсаванай стратэгіі падвышэньня канкурэнтаздольнасьці ў посткрызісны пэрыяд, гэтыя пазыкі наўрад ці можна лічыць эфэктыўнымі”.


Беларускі інвэстыцыйны форум.
Пры канцы тыдня пад лёзунгам “Інвэстуйце ў Беларусь!” адбыўся Беларускі інвэстыцыйны форум. Першы аналягічны інвэстыцыйны форум прайшоў год таму ў Лёндане пры падтрымцы піяр-кампаніі лорда Бэла. Сёлета кантракт з Тымаці Бэлам не падоўжылі, а форум перанесьлі ў Менск. У сталіцу прыехалі 600 дэлегатаў, у тым ліку 450 — з-за мяжы.

Тэма першага пасяджэньня форуму, ініцыяваная ўрадам,- наколькі рэальна для Беларусі ўвайсьці ў трыццатку краін сьвету з самымі спрыяльнымі ўмовамі для вядзеньня бізнэсу? У 2007 годзе Беларусь у гэтым сьпісе займала 115-е месца, у 2008-м — 82-е, сёлета трапіла ў шосты дзясятак. “Урад працягвае эканамічную лібэралізацыю і ставіць на мэце далучыць Беларусь да трыццаткі краін паводле ўмоваў для бізнэсу”, — заявіў на форуме прэм’ер Сяргей Сідорскі. Паводле Сідорскага, сёлета ўрад Беларусі разьлічвае на 6,8 мільярда даляраў замежных інвэстыцыяў. Ужо на форуме беларускі бок гатовы падпісаць канкрэтныя дамовы з інвэстарамі.

Прадстаўнікі замежных інвэстараў віталі такое жаданьне ўраду Беларусі. Але давалі і канкрэтныя парады. У прыватнасьці, Том Крадак-Ватсан, які прадстаўляе на форуме міжнародную кансалтынгавую кампанію “Эрнст энд Янг”, параіў ураду нарошчваць дыялёг зь бізнэсам ды грамадзтвам, спрыяць атмасфэры даверу і далей ісьці па шляху дэкляраванай лібэралізацыі.

Паводле ягоных словаў, “ёсьць яшчэ шмат пазыцыяў, над якімі трэба працаваць. І самая горшая — сплата падаткаў, тут Беларусь знаходзіцца ў самым канцы ў параўнаньні з Расеяй, Украінай, Казахстанам”. Спадар Крадак-Ватсан заявіў, што ёсьць таксама праблемы ў сфэры атрыманьня крэдытаў, абароны правоў інвэстараў, атрыманьня зямельных участкаў.

Беларускі ўрад на гэта адказвае новымі плянамі. У прыватнасьці, стварае інстытут інвэстыцыйных агентаў, абяцае лібэралізацыю ў працэдурах, зьмякчэньні працы кантрольных органаў, радыкальнае скарачэньне ліцэнзаваньня бізнэсу, збліжэньне беларускага бухгальтарскага ўліку з сусьветнымі стандартамі, электроннае мытнае дэкляраваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG