Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 18 – 24 кастрычніка


Станоўчая дынаміка на разгрузку запасаў гатовай прадукцыі дала збой: за верасень тэмп разгрузкі складоў зьнізіўся больш чым у чатыры разы.

Яшчэ ў сакавіку ўрадавай пастановай кожнаму органу ўлады былі даведзеныя заданьні на захаваньне прымальных суадносінаў запасаў да сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці. Аднак практычна ўсе вядучыя ведамствы, якія фармуюць асноўныя аб’ёмы прамысловай вытворчасьці, гэтыя заданьні правалілі. З эканамічным аглядам тыдня Ігар Карней.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, запасы прадукцыі ў ліпені зьнізіліся на 465 мільярдаў рублёў, у жніўні – на 604 мільярды, а ў верасьні – толькі на 143 мільярды. Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на 1 кастрычніка на складах знаходзілася прадукцыі на суму больш за 6 трыльёнаў рублёў, што складае амаль 78% да сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці прадукцыі. Паказьнік крыху меншы за папярэднія падлікі (студзень-жнівень, калі лічба дасягнула 80%), але зьнешняе аздараўленьне тлумачыцца выключна падзеньнем вытворчасьці. Меней выраблена -- то і меней перакачуе на склад.

Інтэрнэт-газэта “Ежедневник” па выніках студзеня-верасьня склала топ-20 неліквідных тавараў беларускай прамысловасьці (на падставе дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту).


Прадукцыя
Суадносіны запасаў да сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці,%
1. Бытавыя гадзіньнікіу 35,8 разы
2.Электрапыласосыу 29,3 разы
3.Ільняныя тканіныу 9,8 разы
4.Шарсьцяныя тканіныу 5,4 разы
5. Падшыпнікі качэньняу 4,4 разы
6.Мэталярэжучыя станкіу 4,1 разы
7.Крупау 3,9 разы
8.Грузавыя аўтамабіліу 3,6 разы
9.Баваўняныя тканіныу 3,3 разы
10.Кансэрвы гародніныяу 3,3 разы
11.Шкло будаўнічаеу 3 разы
12.Тэлевізары299,9
13.Паліто і паўпаліто284,9
14. Панчохі і шкарпэткі278,3
15.Каньяк271,5
16.Курткі227,3
17.Керамічная плітка226,5
18.Прэсавыя машыны225,0
19.Малочныя кансэрвы208,8
20.Аўтобусы202,5

Найбольшыя праблемы з запасамі існуюць у лёгкай прамысловасьці, дзе суадносіны да сярэднемесячнай вытворчасьці складаюць 188%. У машынабудаваньні і мэталяапрацоўцы -- 161%, лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлёзна-папяровай прамысловасьці -- 98%. Гэтаксама сваімі запасамі адзначаюцца аўтамабільная галіна, дзе запасы перавышаюць сярэднемесячную вытворчасьць у 3,3 раза, а таксама станкабудаўнічая і інструмэнтальная -- 266%, тэкстыльная -- 209%.

Усё актыўней да гандлёвага супрацоўніцтва з дзяржаўнымі вытворцамі заклікаюцца юрыдычныя і фізычныя асобы. Але ці дастатковыя захады ведамстваў? Намесьнік начальніка ўпраўленьня маркетынгу і супрацоўніцтва з краінамі СНД Міністэрства прамысловасьці Ўладзімер Дзямко кажа, што для патэнцыйных пасярэднікаў ствараюцца найлепшыя ўмовы гандлю:

“Устойлівыя двухбаковыя сувязі цяпер маюць да 30% прадпрыемстваў Мінпраму. У апошні час прынятае даволі нядрэннае рашэньне Менскім трактарным заводам. МТЗ дае магчымасьць як фізычным, так і юрыдычным асобам набываць іх прадукцыю, у прыватнасьці трактары, з растэрміноўкай плацяжу да 1 году. Аналягічнае рашэньне нядаўна прынятае і Менскім аўтазаводам, якое дазваляе набываць машыны ў лізінг пад 9% ад кошту штогод. Але і ў першым, і ў другім выпадку патрабуецца забесьпячэньне матэрыяльнай здольнасьці”.

***

Ад 1 студзеня 2010 году набывае моц прэзыдэнцкі ўказ №510, які, на думку чыноўнікаў, мусіць дадаць аптымізму прадпрымальнікам. Перадусім лібэралізацыя закране працэдуру праверак прадпрымальніцкай дзейнасьці, ад якіх шмат гадоў пакутуе асноўная частка гандляроў. У прыватнасьці, ня будзе падставай да праверкі заява ананімнага “добразычліўца”, а таксама ўпершыню ў гісторыю органаў кантролю дэкляруецца прэзумпцыя невінаватасьці – пакуль правапарушэньне не даказанае, караць нельга. Аднак кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Калінін кажа, што за зьнешнім фасадам лібэралізацыі яшчэ хаваецца шмат недаробак:
наступны крок – лібэралізацыя Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях ...

“За гэтым дакумэнтам павінен быць зроблены наступны крок – лібэралізацыя Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях. Таму што, на наш погляд, ён вельмі жорсткі, шэраг нормаў маюць карны характар, некаторыя артыкулы проста адпужваюць нашых грамадзянаў ад заняткаў прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Лічым неабходным скасаваць, у прыватнасьці, артыкул 23.17, які прадугледжвае штраф у памеры 10% за тэхнічныя памылкі пры афармленьні адпаведных дакумэнтаў. Такая норма зараз ужо папросту супярэчыць духу ўказу №510”.

Разам з тым Міністэрства эканомікі абяцае спрашчэньне прадпрымальнікам іх дзейнасьці. Паводле прадстаўніка ведамства Аляксандра Ліхачэўскага, да канца году мяркуецца зьяўленьне ўказу аб скасаваньні ліцэнзаваньня асобных відаў дзейнасьці. Цяпер дакумэнт дапрацоўваецца згодна з распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі пераглядзець існуючы пералік. Аднак, на меркаваньне экспэртаў, наўрад ці з ліцэнзійнага сьпісу зьнікнуць такія стратэгічныя віды як пастаўка нафтапрадуктаў, гандаль алькаголем, тытунём, рыбай, лесам і г.д. – усё тое, што даўно знаходзіцца пад непасрэдным кантролем Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта.

***

На тле згортваньня эканамічнай актыўнасьці зноў паўтараюцца праблемы з пастаўкамі жывёлагадоўчай прадукцыі ў Расею. У чэрвені забарона “Расспажыўнагляду” на ўвозу малочнай прадукцыі вылілася ў сотні тысяч даляраў стратаў, пацярпелі дзесяткі беларускіх вытворцаў. У сьпісе чарговых штрафнікоў, складзеных іншым ведамствам -- “Рассельгаснаглядам” -- Глыбоцкая птушкафабрыка, акцыянэрныя таварыствы “Беллакт” з Ваўкавыска, дзяржаўны малаказавод №2 і “Бабуліна крынка” з Магілёву.

Ваўкавыскі “Беллакт” вырабляе дзіцячае харчаваньне. Забарона на ўвоз прадукцыі ў Расею выклікае ў кіраўніцтва занепакоенасьць. Гаворыць намесьнік дырэктара па камэрцыйных пытаньнях Аляксандар Алексяйчук:

“У нас ёсьць кодэкс на прадпрыемстве: камэнтаваць узаемаадносіны з Расеяй у частцы абмежаваньня пастаўкі прадукцыі “Беллакту” на расейскі рынак ня будзем. Ці ёсьць там ўнутраныя нейкія, падводныя рухі? Напэўна, ёсьць. А нейкія там палітычныя моманты — гэта ня нашая справа. Мы за якасьць сваёй прадукцыі адказваем, мы яго гарантуем. Таму ёсьць заканадаўчыя моманты, і ўсе гэтыя рэчы мы будзем у рамках закону вырашаць”.

На Магілёўшчыне пад абмежаваньні “Рассельгаснагляду” патрапіла адно з найвялікшых малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў “Бабуліна крынка”.

У прыёмнай кіраўніка пацьвердзілі, што абмежаваньні маюць месца, аднак у чым канкрэтна палягаюць прэтэнзіі -- пакінулі без камэнтару. Прычыны ўвядзеньня санкцыяў застаюцца невядомымі і для камітэту сельскай гаспадаркі й харчаваньня Магілёўскага аблвыканкаму:

“Толькі тое, што на сайце “Рассельгаснагляду”. Больш ніякіх афіцыйных дакумэнтаў у нас няма. Моманты ўсе урэгуляваныя, аднак тым ня менш інфармацыя такая праскочыла. На колькі яна праўдзівая – гэта ўжо другое пытаньне. Гэтае пытаньне на сумленьне расейскага боку”.

На сайце “Рассельгаснагляду” адзначаецца: у прадукцыі “Бабулінай крынкі” падчас узмоцненага лябараторнага кантролю неаднаразова выяўляліся антыбіётыкі. Спэцыяліст у сельскай гаспадарцы Віктар Страчанка лічыць прэтэнзіі расейцаў да беларускіх вытворцаў абгрунтаванымі. Прычыну трэба шукаць у вытворчасьці малака, ад якога залежыць якасьць прадукту:
Пахадзіла даярка, кукіш патрымала ў кішэні й пайшла рабіць сваю працу ...

“Ніхто ў калгасах не глядзіць за станам жывёлы. Так, мы сёньня зрабілі прышчэпку, сказалі, колькі там дзён не здаваць малако. Ніхто за гэтым не глядзіць. Трэба плян, трэба іншае. Прыяжджае спэцыяліст з раёну, тлуму наробіць і паехаў. Пахадзіла даярка, кукіш патрымала ў кішэні й пайшла рабіць сваю працу”.

Глыбоцкая птушкафабрыка таксама апынулася ў сьпісе штрафнікоў -- у яйках нібыта выяўленыя шкодныя антыбіётыкі. У камэрцыйным аддзеле лічаць абвінавачаньні на свой адрас абсалютнай недарэчнасьцю:

“Гэта нейкая недарэчнасьць. Ня можа быць у нас антыбіётыкаў, бо яны не прымяняліся для лекаваньня птушак. І наш санітарны кантроль робіць аналіз кожнай партыі яек, што йдуць на экспарт. І не было выяўлена антыбіётыкаў. Можа, канечне, у нас розныя мэтодыкі, альбо ў Расеі некае супэрсучаснае абсталяваньне. Але ўсё адно – гэта нечаканасьць, як грымоты зь яснага неба”.

Прадстаўнік адміністрацыі кажа, што на прадпрыемстве зь мінулага году працуе ўласны цэх у вырабе камбікармоў пераважна з уласнай сыравіны. Так што наўрад ці антыбіётыкі маглі трапіць у ежу, спажытую птушкамі.


Аляксей Аляксеенка, кіраўнік інфармацыйнага аддзелу “Рассельгаснагляду”
Суразмоўца "Свабоды" зьвярнуў увагу на тое, што праблемы ў якасьці прадукцыі на экспарт мусяць вырашаць самі вытворцы. Ён спаслаўся на нядаўнія прыклады Літвы, Польшчы й Даніі:

“Яны пільна прааналізавалі на якасьць сваю прадукцыю. Прайшліся па кожным ланцужку. І пасьля пачалі наводзіць парадак. І зараз, пасьля расейскай інспэкцыі гэтых прадпрыемстваў, мы палічылі магчымым аднавіць пастаўкі замежнай прадукцыі. Увогуле, сытуацыя блізкая да цяперашняй у Беларусі”.

Пры гэтым Аляксей Аляксеенка цалкам абвяргае палітычную скіраванасьць цяперашніх прэтэнзіяў “Рассельгаснагляду” да вытворцаў зь Беларусі.

Тым часам Міжнародны валютны фонд выдзеліў Беларусі чарговы транш крэдыту stand-by памерам 700 мільёнаў даляраў. З улікам гэтага сума дапамогі Беларусі перавысіла 2,2 мільярда даляраў. Калі беларускі ўрад выканае ўсе патрабаваньні МВФ, то да красавіка 2010 году атрымае агулам больш за 3,5 мільярда даляраў. Падрабязнасьці ў кіраўніцы прадстаўніцтва МВФ у Беларусі Натальлі Калядзінай:
“Наша праграма разьлічаная на 15 месяцаў і агляды праводзяцца кожны квартал. То бок абавязковыя паквартальныя агляды. Другі агляд, які разглядаў выкананьне паказьнікаў на канец чэрвеня, быў завершаны ўчора. А ўжо цяпер, праз два тыдні, прыяжджае місія па трэцім аглядзе. І гэта ніяк не зьвязана зь нейкімі просьбамі Менску, гэта ўсё адбываецца ў рамках той жа самай праграмы. Тады, калі будзе завершаны трэці агляд, то будзе выдадзены чарговы транш — прыкладна столькі ж, колькі і зараз. Усё залежыць ад курсу даляра да СДР (спэцыяльныя правы запазычаньня — РС)”.

Аднак некаторыя аналітыкі робяць высновы: маўляў, такім чынам МВФ працягвае фінансавую падтрымку цяперашняга рэжыму. У той час як нават сталы беларускі донар — Расея — адмаўляецца фінансаваць неэфэктыўную эканоміку Беларусі. Гаворыць эканаміст Леў Марголін:
Крэдыты праядаюцца ці дазваляюць падтрымліваць курс беларускага рубляe ...

“Думаю, што вялікай карысьці гэтыя крэдыты не прынясуць, хоць, безумоўна, яны дазваляюць беларускай уладзе ўратавацца. Крэдыты, якія даюць Беларусі, дазваляюць зноў адсоўваць на нейкі неабмежаваны пэрыяд рэформы ў беларускай эканоміцы. А без рэформаў мы ўсё роўна ня выратуемся. Адзін крэдыт, другі крэдыт — гэта ж ня можа доўжыцца вечна. Яны папросту праядаюцца ці дазваляюць падтрымліваць курс беларускага рубля. Мы ж усе бачым, што кожны месяц сальда плацёжнага балянсу ўвесь час адмоўнае. І вось такія крэдыты дазваляюць яго выраўноўваць”.

У сваю чаргу зацягваецца чаканьне Менскам расейскага стабілізацыйнага крэдыту. Рашэньне пра крэдыт у памеры 2 мільярды даляраў Масква прыняла пры канцы 2008 году. З гэтай сумы пералічана 1,5 мільярда даляраў, аднак апошні транш расейскі Мінфін прыпыніў, матывуючы гэта неабходнасьцю ўважліва ацаніць пэрспэктывы вяртаньня крэдыту. Да таго ж, напачатку кастрычніка міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын наўпрост заявіў: Расея ня дасьць Беларусі апошні паўмільярдны транш.

За апошнія два гады Расея выдала Беларусі крэдытаў на суму звыш 3 мільярдаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG