Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 4 – 10 кастрычніка


Міністэрства эканомікі маецца скасаваць абмежаваньне гандлёвых надбавак практычна на ўсе тавары. Адмысловая пастанова №141 набудзе моц 28 кастрычніка. Ці прывядзе гэта да росту цэнаў у краіне? Эканамічны агляд тыдня.

Дырэктар дэпартамэнту цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Ігар Фамін лічыць, што кошты паэтапна трэба падняць на 20-30%. Ён спаслаўся на нэгатыўны досьвед: калі сёлета выключылі хімчыстку зь пераліку сацыяльна значных, то тарыфы на яе паслугі падскочылі на 50%. У Мінэканомікі паведамілі, што адпаведныя камэнтары будуць толькі пасьля апублікаваньня пастановы. Старшыня саюзу прадпрымальнікаў імя Куняўскага Георгій Бадзей на пытаньне -- ці чакаць усё ж падвышэньня цэнаў -- адказаў:

“Ня ведаю, трэба запытваць у Міністэрства эканомікі. Ніхто з прадпрымальнікаў не зьбіраецца падымаць цэны. Прадпрымальнікі будуць добра рэагаваць”.

Згодна з пастановай, вырашана “адпусьціць” гандлёвыя надбаўкі практычна на ўсе віды прадукцыі, апроч паўсотні “сацыяльна значных” тавараў. Пад вызваленьне падпадае і імпарт. 30%-е абмежаваньне прадугледжваецца на тавары, якія ідуць для ўласнай вытворчасьці на давальніцкіх умовах.

Камэнтар экспэртаў:
Леанід Злотнікаў
Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, у краіне дэфіцыту няма, таму і ня будзе вялікага росту цэнаў:

“У нас той выпадак, калі затаварыліся прадпрыемствы. Калі амаль што і няма такіх тавараў, па якія ёсьць чэргі. Гэта законы рынку. Калі тавараў дастаткова, адпускай ці не адпускай цэны, а цэны не падымуцца самі. Рынак сам адрэгулюе лепш, чым чыноўнікі. У кароткай пэрспэктыве — на месяц, два, тры — можа і адбыцца невялікае павелічэньне на асобныя тавары. Але ў выніку, гэта толькі карысьць для краіны, калі свабодныя цэны”.

Спадар Злотнікаў назваў вельмі несправядлівымі абмежаваньні па 50 відах тавараў, цэны на якія будуць рэгулявацца.



У сваю чаргу кіраўнік цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць несправядлівымі абмежаваньні па 50 відах тавараў, цэны на якія будуць рэгулявацца:

Яраслаў Раманчук
“Чаму бананы павінны быць сацыяльна значнымі, я ня ведаю. Што ў нас -- Зімбабвэ? Лёгікі там няма. Я разумею, хлеб і малако. Але і малако ў Эўропе ўжо значна таньней, чым у Беларусі. Таму тут няма чаго баяцца сусьветных цэнаў.

Калі ўлады будуць заціскаць цэны і не ствараць канкурэнтнага асяродзьдзя, тады цэны могуць узьляцець, але гэта будзе вельмі кароткі тэрмін. Усё будзе залежаць ад таго, колькі грошай у нашай эканоміцы. Трэба проста менш перашкодаў ствараць для імпарту і прадпрымальнікаў, і тады будзе нармалёвы канкурэнтны асяродак”.


купляйце беларускае


На гэтым тле працягваецца кампанія на выдаленьне з продажу імпартных тавараў. Больш як 200 кантралюючых арганізацый праводзяць масавую праверку ў крамах і на рынках. З гандлю здымаюцца прадукты, на ўпакоўцы якіх недастаткова інфармацыі пра якасьць харчоў, альбо вышыня шрыфту меншая за 2 мілімэтры.

Акцыянэрнае таварыства “Амега” у Віцебску — дылер расейскай кампаніі “Данон”, якая вырабляе кісламалочныя прадукты “Растишка”. Але, як тлумачыць намесьнік дырэктара гандлёвага дому “Амега” Аляксей Казлоўскі, зьявіліся праблемы -- апошнія патрабаваньні занадта строгія:

Колькасьць інфармацыі, якая патрабуецца, проста нерэальна разьмясьціць на ўпакоўцы маленькага тавару — гэта сыркі, дзіцячыя ёгурты, да прыкладу “Растишка”. Там баначка зусім маленькая, а напісаць трэба і з чаго зроблена, і што ўтрымлівае… Дастаткова жорсткія патрабаваньні да стандартаў. І кантроль будзе яшчэ больш жорсткі. Вы ж разумееце, мы больш хочам прадаць свайго. Хаця й зь беларускай упакоўкай бываюць праблемы”.

Праз неадпаведнасьць беларускай упакоўкі перадусім церпяць крамы: санстанцыя спаганяе зь іх, і таваразнаўцам даводзіцца весьці ліставаньне з прадпрыемцамі-вытворцамі. Таму, гаворачы пра жаданьне “прадаваць сваё”, спадар Казлоўскі мае на ўвазе беларускіх вытворцаў, а ня сетку крамаў “Амега”, дзе прадаецца шмат папулярнага імпартнага тавару:

“Той, хто глядзіць па тэлевізіі расейскую рэкляму малочных прадуктаў, думае, што абавязкова гэта ўсё трэба пакаштаваць: маўляў, так ад гэтага паляпшаецца здароўе, кажуць! А мы вымушаны казаць пастаўшчыку: слухай, хлопец, у цябе тут з упакоўкай нядобра, і адмаўляцца браць тавар”.

***

Вынікі праверак санітарнымі службамі харчовых крамаў на Гарадзеншчыне сьведчаць: найчасьцей кантралёры забараняюць гандаль расейскім імпартам. У першыя дні праверак прад’яўлены прэтэнзіі да расейскі харчоў-- маўляў, упакоўка не адпавядае беларускім стандартам. Вось што распавядае загадчыца адной з гарадзенскіх крамаў:
сокі “Мая сям’я” зараз здымаюць з прылаўкаў ...

“Спрабуюць выяўляць неадпаведнасьць імпартнага тавару беларускаму стандарту, пераважна, гэта датычыць расейскага тавару. Яны сядзяць з лінейкамі і цалкам усё замяраюць. Колькі гадоў гандлявалі сокамі “Мая сям’я”, а зараз іх здымаюць з прылаўкаў”.

Загадчыца аддзела Гарадзенскай абласной санэпідэмстанцыі Марыя Руўкіна патлумачыла, што татальныя праверкі адбываюцца на загад міністра:

“Тэрыторыя й памяшканьні не заўсёды прыбраныя, знаходзім харчы пратэрмінаваныя, харчы, на якія адсутнічаюць дакумэнты аб якасьці бясьпекі і так далей. Зрэшты, як і штогод, выяўляюцца адны і тыя парушэньні”.

У Менску днямі адбылася нарада супрацоўнікаў рэгіянальных цэнтраў стандартызацыі. На яе запрасілі прадстаўнікоў буйных гуртавых фірмаў, якія пастаўляюць тавары з замежжа. Ад іх запатрабавалі ў самы кароткі час прывесьці ў адпаведнасьць зь беларускім заканадаўствам маркіроўку на ўвезенай прадукцыі.

Камэнтар экспэртаў:
Аляксандар Фадзееў
Загадчык аддзела Інстытуту СНД Аляксандар Фадзееў лічыць, што ў Беларусі адбываецца чарговая кампанія дыскрэдытацыі расейскіх тавараў:

“На беларускіх паліцах вы ня ўбачыце ранейшых расейскіх тавараў. Я сам таму сьведка. Ну, вось дайшла справа і да прадуктаў харчаваньня. Гэта факт несумленнай канкурэнцыі зь беларускага боку. Натуральна, што Расея на гэта адкажа”.

6 кастрычніка ў Маскве прайшлі перамовы прэм’ер-міністраў Расеі і Беларусі. Уладзімер Пуцін, прымаючы Сяргея Сідорскага, адзначыў, што гэтая сустрэча — толькі нагода для абмену інфармацыяй пра тое, як разьвіваюцца кантакты ў сфэры эканомікі. Пры гэтым Пуцін нагадаў, што Беларусь карыстаецца беспрэцэдэнтнымі льготнымі ўмовамі ў гандлі з Расеяй і застаецца адным з самых буйных пастаўшчыкоў шэрагу тавараў, сярод якіх мяса і малако. Таксама Расея прыраўняла беларускіх пастаўшчыкоў з расейскімі пры ажыцьцяўленьні дзяржзакупаў:

Уладзімер Пуцін
“Беларусь працягвае карыстацца самымі льготнымі ў СНД, ды і ва ўсім сьвеце, без усялякага перабольшваньня, цэнамі на энэрганосьбіты. Гэта тычыцца і газу. Самыя танныя тарыфы і самыя танныя цэны на газ — у Беларусі. І па нафце — паніжанае мыта, якое дае магчымасьць беларускім нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам быць загружанымі поўнасьцю і ажыцьцяўляць дастаткова вялікі аб’ём экспарту, які прыносіць значныя прыбыткі ў цьвёрдай валюце ў беларускі бюджэт”.

У сваю чаргу Сяргей Сідорскі выказаў намер павялічыць таваразварот з Расеяй у наступныя тры месяцы, паколькі гэты паказьнік за 8 месяцаў 2009-га ўпаў да ўзроўню 2005 года.

Яскравай праявай крызісу – звальненьне кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў


У Магілёве разьвітаўся з пасадай дырэктар мэталюргічнага завода Леанід Маркаў. Абласная вэртыкаль неаднойчы крытыкавала кіраўніцтва прадпрыемства за няўменьне прадаваць вырабленае. У жніўні, як заявіў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік, на складзе быў назапашаны чатырохмесячны запас прадукцыі:

Пётар Руднік
“Маркаў сёньня не дырэктар Магілёўскага мэталюргічнага завода, бо і мінулым годам не выконваў прагнозных паказьнікаў, і гэтым годам не выконвае”.

У лютым намесьнік дырэктара Андрэй Варламаў зьвязваў цяжкасьці на прадпрыемстве з сытуацыяй на зьнешніх рынках, куды пастаўлялася 70% вырабленага. Тады на складзе было 52% незапатрабаванай прадукцыі — стальныя трубы й чыгуннае ліцьцё.

Экспэрты не выключаюць, што звальненьне Маркава стане папярэджаньнем для іншых прамыслоўцаў: паводле афіцыйных крыніцаў, аб’ём незапатрабаванай прадукцыі ў рэгіёне вымяраецца сотнямі мільярдаў рублёў.

Усяго ж на прадпрыемствах Беларусі аб’ём незапатрабаванай прадукцыі складае больш як 6 трыльёнаў рублёў. Найбольш яе на прадпрыемствах машынабудаваньня і мэталяапрацоўкі — больш за 3 мільярды.

У час “малочнай вайны” з Расеяй былі звольнены адразу чатыры дырэктары малочных заводаў. Сярод іх — дырэктар Аршанскага малочнага камбінату Уладзімер Грабоўскі. На камбінаце лічаць, што ён стаў закладнікам сыстэмы і выпадковай ахвярай крызісу -- маўляў, уладам трэба было кагосьці паказальна пакараць. На сайце малочнага камбіната нават разьмясьцілі “разьвітальнае слова” да Грабоўскага, пажадаўшы яму новай годнай працы.

На камбінаце згадваюць, што былы кіраўнік імкнуўся зрабіць усё магчымае, каб разгрузіць склады. У прыватнасьці, за пару тыдняў да звальненьня распачаўся выпуск прадукцыі пад новымі гандлёвымі маркамі, каб прыцягнуць новых патэнцыйных пакупнікоў. Але ні гэтыя, ні іншыя захады не дапамаглі.

З-за байкоту Расеяй мясной прадукцыі пацярпеў Слонімскі мясакамбінат. Менск абвінаваціў тамтэйшага дырэктара Вячаслава Наруту. Сярод прычынаў звальненьня называлі невыкананьне пляну, а таксама прысутнасьць антыбіётыкаў у прадукцыі. Маўляў, гэта стала адной з прычынаў таго, што расейскія ўлады забаранілі ўвоз мяса ў Расею. Але за дырэктара ўступіўся калектыў прадпрыемства, былі сабраныя подпісы за тое, каб не караць дырэктара. Не атрымала падтрымкі прапанова звольніць дырэктара і на паседжаньні акцыянэраў. Гэта, бадай, адзіны прыклад, калі калектыву ўдалося адстаяць свайго кіраўніка. Вячаслаў Нарута зноў працуе дырэктарам акцыянэрнага таварыства “Слонімскі мясакамбінат”.

У Беларусі ў час эканамічнага крызісу замененыя больш як 150 кіраўнікоў розных узроўняў, у тым ліку СПК і перапрацоўчых прадпрыемстваў. У прыватнасьці, толькі ў канцэрне “Беллесбумпрам” сёлета сваіх крэслаў пазбавіліся дырэктары прадпрыемстваў “Рэчыцадрэў”, “Гомельшпалеры”, Добруская папяровая фабрыка “Герой працы”. Да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнуты кіраўнікі МАЗа, Менскага маторнага завода, БелАЗа, “Амкадора”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG