Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Ракіцкі: Мы напісалі і агучылі палітычную міталёгію беларусаў


Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі падводзіць вынікі Маратону “Беларускай Атлянтыды”.

Найперш я хацеў бы падзякаваць тым слухачам і чытачам сайту, хто яшчэ раз, цяпер ужо запар, практычна штодня слухаў і чытаў “Беларускую Атлянтыду”. У гэты “Маратон” увайшлі 25 з 37 перадач цыклю “Жыцьцё і сьмерць мітаў”. Дзякуй Вам за водгукі на сайце, дзякуй за тэлефанаваньні. Дзякуй за дыскусію. Яна была цікавай.

Цыкл “Жыцьцё і сьмерць мітаў” разам са сваёй, ужо практычна сталай для “Беларускай Атлянтыды” камандай беларускіх інтэлектуалаў -- мысьляроў самага высокага ўзроўню, я распачаў 5 верасьня летась. Тады зь Пятром Васючэнкам мы расказалі пра “Утопію Беларусь” -- праект незалежнай, шчасьлівай і вольнай Беларусі, створаны “нашаніўцамі” на пачатку ХХ стагодзьдзя.

Ажыцьцяўленьне гэтага праекту ў ХХ і пачатку ХХІ стагодзьдзя адбывалася драматычна, бо беларускім патрыётам-стваральнікам трэба было пераадольваць (а гэта значыць, ламаць псыхалёгію грамадзтва) разбуральныя міты пра тутэйшасьць, славянства, савецкага чалавека, старэйшага брата, двухмоўны і талеранты народ.

З другога боку – пабудова самастойнага беларускага дому немагчымая без стваральнай, я нават сказаў бы, нацыятворнай міталёгіі. Нацыя не адбудзецца без сваіх высокіх і прыгожых мітаў – маё глыбокае перакананьне, закладзенае ў ідэю праграмы “Беларуская Атлянтыда”. Таму ў гэты самы час беларуская інтэлектуальная эліта стварала сваю новую міталёгію, абапіраючыся на глыбокія гістарычныя карані народу і ягоныя духоўныя прарывы ў сучасным сьвеце. Аналіз мітаў пра балтаў, Грунвальд, Каліноўскага, Радзівілаў, Вільню, БНР, БНФ прагучалі ў праграме, з майго гледзішча, глыбока і пераканаўча.

Такім чынам, у цыкле “Жыцьцё і сьмерць мітаў” праграмы “Беларуская Атлянтыда” мы (не баюся быць нясьціплым) па-сутнасьці напісалі і агучылі палітычную міталёгію беларусаў ХХ – пачатку ХХІ стагодзьдзя. У гэтай міталёгіі адлюстраваныя Беларусь і беларусы такімі, якімі яны сёньня і ёсьць насамрэч. Сааўтарамі гэтай энцыкляпэдыі – зоркі сучаснай беларускай думкі: Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка, Пятро Васючэнка, Тацяна Валодзіна, Алег Гардзіенка, Аляксей Дзермант, Алесь Краўцэвіч, Глеб Лабадзенка, Валянцін Мазец, Тацяна Процька, Зьміцер Саўка, Анатоль Сідарэвіч, Алег Трусаў, Сяргей Харэўскі, Захар Шыбека. Амаль усе дактары і кандыдаты навук. Ганаруся, што на Радыё Свабода я сабраў такую выдатную каманду навукоўцаў і адначасна літаратараў! Мне ўвогуле здаецца, што тым, чым павінны былі б займацца акадэмічныя інстытуты, але не займаюцца з ідэалягічных прычынаў, займаемся мы на Радыё Свабода.

А рыхтуючы “Маратон “Беларускай Атлянтыды”, выбудоўваючы лёгіку яго, я ўбачыў, што гэтыя перадачы кладуцца ў новую кнігу.

Пакуль “Беларуская Атлянтыда” бярэ тайм-аўт на некалькі месяцаў. Працяг абавязкова будзе, бо мы ёсьць закладнікамі такой захапляльнай справы – шукаць сапраўдную і сваю Беларусь.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG