Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16-е: біць альбо ня біць?


Чатыры гады 16-га чысла кожнага месяца актывісты дэмакратычнага руху праводзяць у Беларусі акцыі ў падтрымку палітвязьняў і сем’яў зьніклых апанэнтаў рэжыму. Сёньня такая акцыя салідарнасьці адбудзецца на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Сёньня актывісты дэмакратычнага руху традыцыйна выйдуць на Кастрычніцкую плошчу. Наколькі масавай будзе гэтая акцыя, пакуль казаць складана. Яна прыпадае на пятніцу, а шмат хто са студэнтаў у гэты дзень зьяжджае да бацькоў.

Два месяцы таму акцыю жорстка разагналі, затрыманых удзельнікаў пакаралі штрафамі. У верасьні акцыя на 10 гадавіну зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага таксама была разагнаная. Затрымалі 35 чалавек. Сярод іх быў Мікола Статкевіч. Яго таксама зьбілі. Тыдзень таму яго запрасілі на размову наконт таго інцыдэнту. Вось што ён апавёў:

“Усе гэтыя расьсьледаваньні – нібыта з мэтай усталяваць законнасьць – вельмі сьмешныя. Безумоўна, гэта разьлічана на зьнешняга гледача, на Захад. Спадзяваньне, што санкцыі, рашэньне, пра якія павінна прымацца ў сярэдзіне лістапада, будуць адмененыя.

Я адмовіўся пісаць усялякія скаргі. Але ў пратаколе напісаў, што сьмешна скардзіцца таму, хто аддаваў загады зьбіваць людзей, на таго, хто гэтыя загады выконваў”.

Лідэры АГП, “Маладога Фронту”,“Моладзі БНФ” і “Эўрапейскай Беларусі” заклікалі грамадзянаў прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску 16 кастрычніка а 18-й гадзіне з нагоды Дня салідарнасьці, які адзначаецца дэмакратычнай грамадзкасьцю.
Сьмешна скардзіцца таму, хто аддаваў загады зьбіваць людзей, на таго, хто гэтыя загады выконваў.

Аўтары звароту — Анатоль Лябедзька, Яўген Афнагель, Зьміцер Дашкевіч, Андрэй Крэчка — нагадваюць, што “ў Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі, за кратамі застаюцца вязьні сумленьня Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка і Арцём Дубскі... Толькі дэманстрацыя салідарнасьці праз вулічныя акцыі можа прымусіць улады спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязьняў, як гэта ўжо было раней”, — гаворыцца ў заяве.

Першыя вулічныя акцыі салідарнасьці абыходзіліся без затрыманьняў актывістаў. Спачатку гэта былі джынсавыя стужкі на дрэвах, на сьвяточных ёлках каля ГУМу. Потым дайшло да расклейкі партрэтаў зьніклых і палітвязьняў на сьценах КДБ. Жорсткія разгоны пачаліся пасьля таго, як удзельнікі акцый сталі ладзіць жывыя ланцугі на Кастрычніцкай плошчы, на праспэкце Незалежнасьці, на плошчах іншых гарадоў. Міліцыянты сталі працаваць 16-га ва ўзмоцненым рэжыме. Але маладым людзям удавалася паставіць партрэты зьніклых і запаліць каля іх сьвечкі то ў адным месцы, то ў іншым. За чатыры гады ў пастарунку міліцыі і ў турмах за ўдзел у акцыі салідарнасьці пабывалі сотні чалавек. Штрафамі людзі выплацілі мільёны рублёў.

Пасьля абвяшчэньня так званай “лібэралізацыі” людзей пачалі затрымліваць прэвэнтыўна, яшчэ на падыходах да месца правядзеньня акцыі. Дарэчы, апошнім часам у пастарункі міліцыі разам з актывістамі дэмакратычных арганізацый сталі трапляць студэнты, якія папросту апынуліся каля іх на адной станцыі мэтро.

Тых жа апазыцыянэраў, якія здолелі прайсьці на плошчу, моцна зьбіваюць і закідваюць у аўтобус. Задачу, якую ставіць перад спэцназаўцамі кіраўніцтва – каб не было кадраў жорсткага разгону – тыя разумеюць літаральна і разьбіваюць камэры, ці закрываюць іх, каб фотакарэспандэнты не змаглі зрабіць кадры брутальнага зьбіцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG