Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад дае грошы не пад рэформы, а пад спакой


Міжнародны валютны фонд (МВФ) і Сусьветны банк (СБ), пад уплывам цяперашняга фінансава-эканамічнага крызысу перагледзелі крытэрыі, паводле якіх яны пазычаюць грошы, у бок іх зьмякчэньня.


Цяпер ні МВФ, ні СБ не прапануюць праграмы паэтапных рэформаў, якія ўрад краіны-даўжніка павінен правесьці перад атрыманьнем чарговага траншу пазыкі, а падтрымлівае фінансава праграму эканамічных мераў, прапанаваных самім зацікаўленым урадам. Пазыкі даюцца не пад структурную трансфармацыю эканомікі, а хутчэй за ўсё — пад яе стабілізацыю.

„Цяпер структурныя рэформы разглядаюцца ў шырэйшым кантэксьце выкананьня праграмаў”, — сказаў нашаму радыё Ларэнца Джарджані з дэпартамэнту стратэгіі, палітыкі і кантролю МВФ. — „І гэтыя рэформы не блякуюць выдзяленьня нейкага траншу пазыкаў”.

Падобную палітыку цяпер вядзе і Сусьветны банк.

„Калісьці ў нас было нешта такое як „пазыка дзеля структурнага дапасаваньня”, сказаў нашаму радыё Індэрміт Гіл, галоўны эканаміст СБ на Эўропу і Сярэднюю Азію. — „Цяпер мы ня стаўляем умоваў тыпу „вам трэба было б зрабіць сёе ці тое”. Мы насамрэч выдзяляем грошы пасьля таго, як урад выкагаў тыя крокі, якія былі закладзеныя ў яго ўласных праграмах разьвіцьця”.

Падобную „мяккую пазыцыю” адносна Беларусі займае і Эўрапейскі банк лэканструкцыі і разьвіцьця. Эрык Бэрглаф, галоўны эканаміст гэтага банку, лічыць пошук Беларусьсю крыніць фінансаваньня на Захадзе станоўчым крокам для ўсіх зацікаўленых акрамя, магчыма, Расеі:

„Беларусь у мінулым атрымлівала падтрымку ад Расеі. А цяпер Беларусь просіць падтрымкі ў МВФ”, — сказаў Бэрглаф нашаму радыё. — „Гэта добра паўплывала на кантакты беларускага ўраду з Заходняй Эўропай і астатнім сьветам. Гэта нешта, што трэба моцна вітаць. Тут няма зашмат умоваў. У асноўным, гэта праграма, якая падтрымлівае пачатковыя крокі ўраду ў кірунку рэформы эканомікі”.

Безумоўна, гэты новы сусьветны падыход да змаганьня з крызісам у вялікай ступені паўплываў і на адносіны сусьветных крэдытораў да Беларусі. Нагадаем, што ў студзені сёлета МВФ зацьвердзіў стабілізацыйную пазыку Беларусі вышынёю ў 2,46 мільярда даляраў. А ў чэрвені далажыў Менску яшчэ 1 мільярд. Місія МВФ, якая працавала ў Менску ў жніўні, наогул станоўча ацаніла зрухі, якія адбыліся ў эканоміцы Беларусі цягам апошняга часу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG