Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гэтыя вучэньні — падарунак для Лукашэнкі"


Галоўнакамандуючыя Ўзброенымі сіламі Беларусі і Расеі — адпаведна, Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў — сёньня праінспэктавалі Абуз-Лясноўскі палігон пад Баранавічамі. Тут у завяршальную стадыю ўступілі апэратыўна-стратэгічныя вучэньні “Захад-2009”, якія пачаліся яшчэ 8 верасьня. Пра палітычны падтэкст супольных вайсковых манэўраў, якія адбываліся на тле шматлікіх ня вырашаных супярэчнасьцяў паміж Масквой і Менскам – меркаваньні экспэртаў


КОЛЯ ПАКАЗАЎ МЯДЗЬВЕДЗЕВУ ПІСТАЛЕТ

РАСЕЙСКІ ЛЕЙТЭНАНТ ЗАРАБЛЯЕ БОЛЬШ ЗА БЕЛАРУСКАГА

ЖЫХАР БАРАНАВІЧАЎ: ГОРАД ЗАКРЫЛІ

Генэрал-маёр у адстаўцы Валерый Фралоў неаднаразова браў удзел у падобных вучэньнях, у тым ліку на Абуз-Лясноўскім палігоне, куды сёньня прыехалі Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў. Ён кажа, што вайсковая сфэра ці не адзіная, якая хоць неяк зьвязвае Беларусь і Расею:

“Армія — адна зь нямногіх арганізацый, у якой захаваўся хоць нейкі парадак. А калі захаваўся, і Ўзброеныя сілы існуюць, то для іх прафэсійнага росту, безумоўна, такія вучэньні толькі на карысьць. І дзякуй Богу, што вайскоўцы Расеі і Беларусі яшчэ крыху ўзаемадзейнічаюць на фоне ўсялякіх малочных, газавых ды іншых войнаў. Хоць адна сфэра захавалася, дзе досыць блізкія па цывілізацыйных падыходах, па мэнталітэце краіны падтрымліваюць нармалёвыя ўзаемадачыненьні. Бо нельга на адным флянгу ваяваць, а на іншым сябраваць. Трэба неяк больш ураўнаважана па ўсіх кірунках рухацца. Таму гэта толькі на карысьць нашым Узброеным сілам. А тое, што зараз будуць гаварыць: маўляў, не да манэўраў, бо таго няма, гэтага не хапае, дык у нас эканомікі няма, у нас прадпрымальніцтва няма. Дык што, і ваенных быць не павінна? Я такі падыход абсалютна не разумею”.

Падпалкоўнік у адстаўцы Мікола Статкевіч гэтаксама неаднаразова браў удзел у вайсковых вучэньнях — перадусім у той частцы, якая тычыцца супрацьпаветранай абароны. Тройчы ўдзельнічаў у баявых стрэльбах на палігоне Ашулук, дзе і зараз знаходзяцца беларускія сілы СПА. На яго думку, калі зь цяперашніх манэўраў і будзе якая карысьць, то толькі Лукашэнку:

“І Лукашэнка, і Мядзьведзеў — кожны застанецца пры сваіх меркаваньнях, але, безумоўна, гэтыя вучэньні — падарунак для Лукашэнкі. Зразумела, Масква іх праводзіць, прынамсі плянавала, як рэакцыю на дзеяньні ЗША, на пляны супрацьракетнай абароны. Глядзіце, якая легендарная геаграфія вучэньняў. Высаджваецца ў Калінінградзкай вобласьці на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора, тут — на самай мяжы з Польшчай. Праўда, так здарылася, што напярэдадні гэтых вучэньняў Амэрыка адступіла, але яны ўжо былі заплянаваныя. Паўтаруся, што для Лукашэнкі гэта — падарунак, бо ён зноў атрымлівае магчымасьць апэляваць наўпрост да расейскай грамадзкай думкі. Якая цана на газ, калі мы гатовыя вас абараняць? Калі Беларусь патрэбная як заслона ад Захаду, то мы ўстаём побач, пад танкі кладземся, а потым вы пра нейкі газ гаворыце, крэдытаў не даяце. Я думаю, на ўсе сто ён будзе скарыстоўвацца”.

Колішні камандзір танкавага палка, экс-кіраўнік танкавай дывізіі Беларускай ваеннай акругі Юрый Сівакоў схільны лічыць, што супольныя вучэньні спрыяюць ня толькі падвышэньню кваліфікацыі вайскоўцаў, але і наладжваньню перамоўнага працэсу ў іншых напрамках:

“Любы орган чалавечы, любы орган дзяржаўны, калі ён ёсьць, то яго неабходна трэніраваць. Інакш ён атрафіруецца. Таму тое, што праводзяцца такія манэўры, дык гэта цалкам лягічна і мэтазгодна”.

Карэспандэнт: “Імправізаваныя баявыя дзеяньні адбываюцца на фоне беларуска-расейскіх гандлёвых спрэчак, якія экспэрты параўноўваюць з эканамічнымі войнамі. Адно іншаму не перашкаджае?”.

“Ёсьць цэлы шэраг аб’ектыўна-суб’ектыўных фактараў: хто ўдзельнічае ў малочных войнах, хто ў якіх іншых. Расея — вельмі складаная краіна. Як бы мы ня крыўдзіліся, але Беларусь — гэта вялікая вёска, дзе мы ўсе на відавоку, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць і адзін аднаго бачаць. А ў Расеі ўсё куды больш складана. Таму адназначна штосьці ацэньваць дастаткова складана. Асабліва, калі ня ведаць усю паднаготную: чые інтарэсы, у якіх сфэрах і як перакрыжоўваюцца. Але любы працэс эвалюцыйнага разьвіцьця, любых перамоваў, ён лепшы, чым канфліктнае супрацьстаяньне. Таму што могуць быць знойдзеныя кропкі паразуменьня, шляхі вырашэньня пытаньняў”.

Як бы мы ня крыўдзіліся, але Беларусь — гэта вялікая вёска, дзе мы ўсе на відавоку, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць і адзін аднаго бачаць. А ў Расеі ўсё куды больш складана
Сёньня расейскія СМІ стракацяць паведамленьнямі, што за месяц ад моманту апошняй сустрэчы Лукашэнкі і Мядзьведзева ў Сочы сьпіс узаемных прэтэнзіяў Масквы і Менска ня толькі не скараціўся, але нават пашырыўся. У тым ліку і ў вайсковай галіне. Беларусь так і не падпісала пагадненьне наконт фармаваньня Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ. У чэрвені Лукашэнка праігнараваў маскоўскі саміт на знак пратэсту супраць абмежаваньня паставак беларускага малака ў Расею. Ня вырашаная пэрспэктыва адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Адпаведнае пагадненьне падпісана яшчэ напачатку года, аднак дакумэнт не ратыфікаваны. Беларускі бок у якасьці абавязковай умовы настойвае на льготных пастаўках расейскіх узбраеньняў і разьмяшчэньні замоваў Міністэрства абароны Расеі на беларускіх заводах, што катэгарычна не прымае Крэмль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG