Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мне падаецца, што Паўла Севярынца падманваюць…”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — рэакцыя слухачоў на візыт патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, рэаліі жыцьця беларусаў, водгукі на перадачы нашага радыё.

Пачаўся візыт у Беларусь патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. У зьвязку з чым — такое пытаньне слухача:

Аляксандар Іваноў: “Ці адпавядае хрысьціянскім каштоўнасьцям праведзеная ў Расеі прыватызацыя дзяржаўнай уласнасьці?”

Адказвае грамадзкі рэдактар тыдня — супрацоўнік Хрысьціянскага адукацыйнага цэнтру імя сьвятых Мяфодзія і Кірыла Дзьмітры Шыла:

Дзьмітрый Шыла
“З пункту гледжаньня хрысьціянскіх каштоўнасьцяў такую зьяву, як прыватызацыя, можна толькі вітаць. Бо ў дачыненьні да прыватнай уласнасьці хрысьціянства было заўсёды прыхільным і абараняла як яе самую, так і права чалавека на ўласнасьць. Нагадаю запаведзі: „не ўкрадзі“ і нават „не зайздросьці“ — не пажадай маёмасьці іншага… Так што зьява прыватызацыі хутчэй станоўчая. Іншая рэч — як гэты працэс праводзіцца на практыцы. Аднак тут ужо пытаньне хутчэй канкрэтных выпадкаў. І калі былі нейкія злоўжываньні, то гэта павінна асуджацца”.

Пераходзім ад расейскай прыватызацыі да актуалій беларускага рынкавага сацыялізму.

Спадар: “Стажу няма — пэнсію ня плацяць. Пэнсіі няма — няма чым плаціць за газ, за сьвятло. Сьвятла няма, газ адключылі…”

А зараз — водгукі і развагі слухачоў з нагоды матэрыялаў, пачутых на нашых хвалях ці прачытаных на сайце “Свабоды”.

Спадар: “Пра дыскусію, дзе выказваўся Павал Севярынец наконт гэтак званых ратацый у грамадзкім руху нашым. Хацелася б, каб маладыя і іхнія спадзевы былі рэалізаваныя. Хоць нейкім чынам. Хочацца папярэдзіць Паўла Севярынца, каб ён быў больш пільным і больш энэргічным чалавекам. Складваецца ўражаньне, што ягоныя калегі па так званай новай кааліцыі падманваюць”.

Спадар: “Увесь аналітычны эфір проста здрыгаецца ад камэнтараў, а наша галоўнае незалежнае радыё — Радыё Свабода — чамусьці вось так сьціпла, ці можа гэта нейкая… паліткарэктнасьць? Ну, сябры, давайце ўсё-ткі прымем бок сваіх нацыянальных інтарэсаў: калі для польскай дзяржавы гэта, можа, і трагедыя, то для нас, па сутнасьці, сапраўды станоўчая падзея, бо гэта ўзьяднаньне хоць нейкае, хаця і ня цалкам Заходняй Беларусі, але ўсё-ткі вяртаньне ў кантэкст мэтраполіі часткі нашага народу і нашай тэрыторыі. І прызнаем: мы прайгралі сусьветную вайну, страціўшы шмат народу і тэрыторый, а Польшча выйграла, бо набыла і тэрыторыі, і людзей”.

Працягваем агляд званкоў на “Свабоду” наступным тэлефанаваньнем:

Спадарыня: “Ня трэба вешаць локшыны на вушы грамадзянам Беларусі пра эўрапейскае жыцьцё і ўступленьне ў Эўразьвяз. Толькі да свайго парога, магчыма, Эўразьвяз дапусьціць Беларусь па чале з Лукашэнкам, бо Беларусь не зусім незалежная і самастойная дзяржава, а саюзная з Расеяй.

А напрыканцы — дамо слова слухачу-аптымісту:

Спадар: “Трэба добра памятаць словы Ларысы Геніюш:

“Веру, братцы, хутка скончым мы свой сон,
На сьвет Божы сьмела глянем і напішам свой закон”.

Сьвятыя словы, не забывайце, трэба, як малітву, іх чытаць і сьмялей, сьмялей уступаць у свае правы”.


Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG