Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дыскрымінуюць мужчын у Беларусі


Пра дыскрымінацыю жанчын і мужчынскі шавінізм гавораць вельмі шмат. Што жанчынам лягчэй страціць працу і цяжэй знайсьці, што жанчынам плацяць меней… Што грамадзтва надае жанчынам процьму абавязкаў і абмяжоўвае іх у правах. Пра дыскрымінацыю мужчын кажуць рэдка. А яна — ёсьць.

Паняцьця, якое б адпавядала фэмінізму ў мужчынскім родзе, — няма, патлумачыла адмыслоўца ў гендэрных пытаньнях Юлія Міцкевіч. Аказваецца, фэмінізм — рух за правы жанчын — сёньня крыху перагледзеў кола сваіх інтарэсаў і мужна ўзяў на сябе барацьбу за правы мужчын таксама.

Але мужчыны, якія апякуюцца ўласнымі правамі, ёсьць. Прыкладам, на сайце menalmanah.narod.ru ёсьць разьдзел “мужчынскія правы”. Найперш там пералічаныя тыя правы, якія рэгулярна парушаюцца.

21 стагодзьдзе — эпоха парушэньня правоў мужчын, сьцьвярджае рэсурс. І падае аргумэнты: “Мужчын вымушаюць служыць у войску. Мужчын пазбаўляюць ці абмяжоўваюць у бацькоўскіх правах. Мужчыны пазьней сыходзяць на пэнсію. Мужчыны за тое ж самае злачынства атрымліваюць большае пакараньне”. І гэтак далей.

Аднак кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, стваральніца і старшыня грамадзкай арганізацыі “Беларускі жаночы рух”, лічыць: казаць пра дыскрымінацыю мужчын на фоне дыскрымінацыі жанчын у Беларусі — несур’ёзна:

Ніна Стужынская
“Ва ўсіх сфэрах — ад навуковай да палітычнай — дыскрымінацыя жанчын. На вялікі жаль, у нашым грамадзтве — гэта так. Я з гэтым сутыкаюся, як навукоўца гэта адчуваю. Ёсьць мужчынская салідарнасьць сярод навукоўцаў. Ніколі яны не заўважаць ці не аддадуць належнае, калі ты — жанчына. Ты сярод іх — белая варона”.

Але й мужчыны часам гэтаксама адчуваюць сябе белымі варонамі. Напрыклад, бацькі, якія імкнуцца пасьля разводу застацца для сына ці дачкі — менавіта бацькам. Але далёка не заўсёды тое атрымліваецца. Распавядае псыхоляг Цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня сям’і і дзяцей Жана Міцкевіч:

“Мужчыны зьвяртаюцца, бо шмат сытуацый, калі жонка былая кажа: а я табе не дазволю сустракацца зь дзіцем. Але яна ня мае на гэта права. Паводле закону, забараніць бацьку стасункі могуць толькі, калі ён наносіць шкоду дзецям — фізычную, псыхалягічную, маральную. Таму ў гэткіх выпадках мы накіроўваем іх у аддзел апякунства пры камітэтах адукацыі”.

Але там мужчына мае ўсе магчымасьці зазнаць на сваёй скуры жаночую салідарнасьць. Прынамсі, менавіта такое ўражаньне стварылася ў майго суразмоўцы Валера:

“Жанчына падсьвядома стаіць на баку жанчыны. У мяне склалася ўражаньне, што яны ўспрымалі мяне, як быццам я прыдумляю і маню. У мяне быў адзін з аргумэнтаў, што сын пастаянна распавядае, што хоча быць і жыць са мной. Яны мне адказалі, што дзіця ў тры гады ня можа ўсьведамляць, што яно хоча. Мне здаецца, жанчыны ўспрымалі сытуацыю з жаночага пункту гледжаньня. І карысьці. А я — мужчына”.

Праблема Валера была стандартная: разышліся, суд пастанавіў пакінуць сына жыць з маці. Жонка сказала, што яна супраць кантактаў з бацькам. На думку Ніны Стужынскай, яе паводзіны — папросту эмацыйная аргумэнтацыя дзеяньняў.

“Гэта форма жаночай помсты. За тое, што кінулі, за тое, што не дапамаглі, за тое, што не зразумелі… І дзіця тут выкарыстоўваецца як інструмэнт. На жаль”.

А потым гэты “інструмэнт” вырастае і ўцямлівае: пакуль яго “выкарыстоўвалі”, ён страціў бацьку, распавядае Жана Міцкевіч:

“Ёсьць такія выпадкі: калі дзіцяці было 12, бацькі разышліся. Потым падлетак падрос і ў 15 гадоў пачаліся вялізныя канфлікты. Яны з канфліктамі прыйшлі, зьвярнуліся. А ў выніку высьветлілася што? «Я ніколі не дарую маці таго, што яна адняла ў мяне бацьку. Не дазваляла зь ім сустракацца»”.

Ёсьць дакумэнт, які рэглямэнтуе адносіны ў такіх выпадках — дамова бацькоў пра сумеснае выхаваньне. Але, на погляд Валера, нават калі жонка будзе выконваць усё, што там прапісана, дыскрымінацыя мужчынскіх правоў на бацькоўства ўсё роўна відавочная:

“Паводле заканадаўства, 50 на 50 маюць маці і бацька правоў на стасункі зь дзецьмі. А паводле дамовы — я маю права бачыць сына адзін дзень на тыдзень і правесьці зь ім адпачынак цягам 10 дзён у год. Вось вам і відавочнае парушэньне правоў”.

Ніна Стужынская тлумачыць гэта стэрэатыпам грамадзтва, які — вось парадокс — карэніцца ў дыскрымінацыі жанчын!

Роля мужчыны — гэта нешта такое высокае. А роля жанчыны — вельмі пабытовая. Вось за гэта і расплочваюцца мужчыны.
“Дзеці — гэта роля як бы толькі маці. Гэта прынцып патрыярхальнага грамадзтва. Роля мужчыны — гэта нешта такое высокае. А роля жанчыны — вельмі пабытовая. Вось за гэта і расплочваюцца мужчыны”.

Тыя, хто гэтак “расплаціўся” — хутчэй выключэньне, і яны вартыя падтрымкі, кажа спн. Стужынская:

“Я проста вітаю тых мужчын, якія змагаюцца за свае правы бацькі. І наша арганізацыя гатова іх падтрымліваць. Часьцей бывае наадварот: лёгка адмаўляецца ад сваіх правоў і потым ніколі не вяртаецца да сваіх абавязкаў”.

Апроч дыскрымінацыі права на бацькоўства, ёсьць і іншыя віды парушэньня правоў мужчын, лічыць псыхоляг Жана Міцкевіч:

“Ня купіш мне машыну такую, як я хачу, — я разьвядуся з табой”. “Ты павінен зарабляць многа”. “Ты павінен пабудаваць мне дачу”. Вось гэткія мэркантыльныя заявы — гэта праява эканамічнай дыскрымінацыі. Што тычыцца сэксуальнай, то гэта заявы кшталту “я хачу цябе „вось столькі“. І ты павінен мне гэта, бо гэта трэба дзеля майго здароўя”.

Праблему выхаваньня адэкватных паводзін у статусе мужа і жонкі, у статусе бацькоў і дзяцей трэба пачынаць з маленства, перакананая Ніна Стужынская:

“Ні ў сем’ях, ні ў школах не фармуюцца ўяўленьні пра тое, што ты некалі станеш маці, а ты — бацькам. Не фармуецца ніякага ўяўленьня пра сацыяльную ролю ў будучыні. І потым — вось так вось…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG