Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавэс прапанаваў Лукашэнку антыімпэрыялістычны саюз


Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс
Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс

Сёньня прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс у часе свайго візыту ў Менск прапанаваў беларускаму кіраўніку А. Лукашэнку стварыць саюз, каб выпрацаваць “адзіную стратэгію, якая б распаўсюдзілася на ўвесь сьвет”.

У Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавэса адбыліся два раўнды перамоваў. Спачатку ва ўрадавым комплексе ў Заслаўі, а пазьней у рэзыдэнцыі на Карла Маркса, 38 у Менску. Кіраўнікі Вэнэсуэлы і Беларусі сьмяяліся, абдымаліся і падкрэсьлена зьвярталіся адзін да аднаго на “ты”. Уга Чавэс наведвае Беларусь у ходзе шматдзённага замежнага туру, у праграме якога нямала так званых “краін-ізгояў”.

“Я прывёз табе прывітаньне з “восі зла”, — сказаў Чавэс Лукашэнку падчас сустрэчы ў Заслаўі, пераказаўшы вітаньні ад лідэраў Кубы, Альжыру, Лібіі й Туркмэністану. Пазьней Чавэс прапанаваў:
Мы павінны стварыць новы саюз рэспублік ...

“Мы аб’яднаем намаганьні, каб нам яшчэ больш згуртавацца, мы павінны стварыць нешта новае, бо сёньняшняя сыстэма служыць для ўзбагачэньня меншасьці, большасьці яна ня служыць. Мы павінны стварыць новы саюз рэспублік. Гэта ня будзе саюз савецкіх ці сацыялістычных рэспублік, гэта будуць свабодныя рэспублікі са сваімі ўласнымі сыстэмамі, але аб’яднаныя ў саюз”, — заклікаў А. Лукашэнку Уга Чавэс.

Спадар Чавэс запрасіў А. Лукашэнку наведаць Вэнэсуэлу ў лістападзе-сьнежні. Лукашэнка пагадзіўся і сказаў:

“Мы праедзем усю Вэнэсуэлу — ад мора да гор, паглядзім шахты, дзе здабываецца вугаль і золата, нафтавыя радовішчы”.

Увогуле, у адрозьненьне ад Уга Чавэса, А. Лукашэнка больш гаварыў не пра геапалітычныя, а пра эканамічныя аспэкты супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай:
Мы табе вельмі абавязаныя ...

“Усе нашыя дамоўленасьці, якія былі да гэтага візыту, і тыя, якія ўзьніклі ў часе гэтага візыту, беларусамі будуць сьвята выконвацца. Хачу табе падзякаваць за тую калясальную падтрымку і дапамогу, якую ты даеш маёй краіне. Нашыя людзі, беларусы ведаюць і пра фінансавую падтрымку, і пра тое, што нашая сумесная нафтавая кампанія пасьпяхова працуе і атрымала першы прыбытак. Скажу табе шчыра: мы табе вельмі абавязаныя. Вашыя прапановы, вашыя просьбы для нас -- закон”.

Паводле А. Лукашэнкі, калі дзьве краіны рэалізуюць сумесныя пляны, то таваразварот паміж краінамі складзе мільярды даляраў. Пакуль што за першую палову 2009 году таваразварот паміж краінамі склаў 133 мільёны даляраў. У аснове беларускага экспарту — аўтамабільная і сельскагаспадарчая тэхніка. Імпарту з Вэнэсуэлы практычна не было.

Андрэй Фёдараў
Афіцыйнай інфармацыі пра тое, колькі і хто атрымаў прыбытку ад першага мільёна тон нафты, здабытай беларусамі ў Вэнэсуэле, пакуль няма. На думку міжнароднага аналітыка Андрэя Фёдарава, гэта можа выклікаць падазрэньні наконт карупцыі альбо сьведчыць пра тое, што сур’ёзных прыбыткаў беларуская дзяржава тут ня мае.

Што да закліку Уга Чавэса да А. Лукашэнкі стварыць нейкі антыімпэрыялістычны саюз, то Андрэй Фёдараў лічыць гэтую прапанову недарэчнай для афіцыйнага Менску, які апошнім часам спрабуе наладзіць адносіны з Захадам:

“Беларусі зараз супрацьстаяць цывілізаванаму, так званаму першаму сьвету, у які ўваходзіць Эўразьвяз, зь якім мы з усіх сілаў спрабуем нармалізаваць дачыненьні, нязручна. Таму ніякай рэакцыі на заклік Чавэса ў Менску ня будзе, нават вэрбальнай, ня тое што дзейснай”.

Шчыльныя адносіны ўрадаў Беларусі і Вэнэсуэлы Андрэй Фёдараў тлумачыць пэўнымі эканамічнымі прэфэрэнцыямі і блізкасьцю мэнталітэтаў і ідэйных поглядаў А. Лукашэнкі і Уга Чавэса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG