Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавэс наведвае МАЗ і сустракаецца з Лукашэнкам


Уга Чавэс прыбыў у Менск.
Уга Чавэс прыбыў у Менск.
Сёньня ў Менск з рабочым візытам прыбыў прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс. Адразу з аэрапорту ён паехаў паглядзець вытворчасьць Менскага аўтамабільнага заводу. Увечары ў яго заплянаваныя перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам у загараднай рэзыдэнцыі “Заслаўе”. Заўтра адбудуцца перамовы дзяржаўных дэлегацый Беларусі і Вэнэсуэлы.

Уга Чавэс прыляцеў у Менск з Італіі зь вялікім спазьненьнем. У сувязі з гэтым давялося скасаваць ягоны публічную лекцыю пра сытуацыю ў Паўднёвай Амэрыцы, якая першапачаткова плянавалася ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Уга Чавэс наведвае Беларусь у ходзе свайго 11-дзённага замежнага туру, у праграме якога нямала так званых “краін-ізгояў”: Лібія, Альжыр, Сырыя, Іран, Туркмэністан. Пасьля Беларусі прэзыдэнт Вэнэсуэлы паедзе ў Расею.

Уга Чавэс бывае ў Беларусі штогод з 2006 году. За гэты час Аляксандар Лукашэнка пабываў зь візытам у Вэнэсуэле толькі адзін раз.

Афіцыйна паведамляецца, што цягам цяперашняга візыту Чавэса будуць абмяркоўвацца пэрспэктывы эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Вэнэсуэлай.

Эканамічны крызіс моцна ўдарыў па беларуска-вэнэсуэльскіх кантрактах. Прыпыненыя новыя праекты ў галіне нафтаздабычы, будаўніцтва ў Вэнэсуэле газаправодаў і аграгарадкоў. Марудней, чым чакалася, ствараюцца заводы па зборцы беларускай тэхнікі.

Нядаўна беларускі ўрад заявіў пра атрыманьне першых дывідэндаў ад здабычы нафты ў Вэнэсуэле. Але маштабы тут сьціплыя, — кажа эканаміст Леанід Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў
“Паводле існуючых кантрактаў Вэнэсуэла плаціць беларусам з тоны здабытай нафты 400 кіляграмаў. Пакуль здабыта мала, крыху болей за мільён тон. Гэта невялікі даход, малапрыкметны для эканомікі краіны”.

Леанід Злотнікаў мяркуе, што ўвогуле разьлічваць на асаблівыя выгады ад супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай — марна.

Дзяніс Мельянцоў
Паводле менскага палітоляга Дзяніса Мельянцова, супрацоўніцтва Менску і Каракаса носіць больш прапагандысцкі характар. На ягоную думку, у свой час Беларусь шукала партнэрства зь Вэнэсуэлай і Іранам, каб паказаць Расеі, што мае партнэраў у сьвеце, апрача яе. Цяпер жа Беларусь спрабуе наладзіць адносіны і з Захадам. Захаваньне кантактаў з Вэнэсуэлай, на думку Мельянцова, асабліва не перашкаджае гэтаму працэсу, бо Беларусь ня робіць свой заходні вэктар замежнай палітыкі галоўным:

“Рэзкае нарошчваньне ўзроўню адносін Беларусі з Эўразьвязам і ЗША — гэта далёка не пераарыентацыя, гэта толькі спроба вярнуцца да нармальнага ўзроўню адносінаў, якімі яны павінны быць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG