Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнкіяна ў падручніках


Усе першаклясьнікі Беларусі — а іх сёлета 89 тысяч — атрымалі сёньня кнігу “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі першаклясьніку”.

Кніга багата ілюстраваная, нямала ў ёй партрэтаў кіраўніка дзяржавы. Як у школьных праграмах і праграмах вышэйшых навучальных устаноў вывучаецца асоба і дзейнасьць кіраўніка беларускай дзяржавы.

Гэта ўжо шостае выданьне кнігі “Беларусь — мая Радзіма”, прычым кожны год ёсьць нейкія зьмены. На пачатку кнігі— зварот кіраўніка Беларусі, які пачынаецца словамі “Мой юны сябра!”, і вялікая фатаграфія Аляксандра Лукашэнкі зь дзяўчынкай-піянэркай. Далей — дзяржаўныя сымбалі Беларусі, герб, сьцяг, гімн. У разьдзеле “65-годзьдзе Перамогі” — фатаграфія кіраўніка дзяржавы з вэтэранамі.У разьдзеле “Беларусь — дзяржава для народа” — таксама фота Аляксандра Лукашэнкі. Сярод спартоўцаў — зноў кіраўнік краіны.

Адзін са старэйшых настаўнікаў краіны, у якога больш за 50 гадоў пэдагагічнага стажу, Алесь Белакоз выказаў з гэтай нагоды такое меркаваньне:

Алесь Белакоз
“Ня з гэтага пачынаць трэба... Калісьці піянэрважатая ў нашай школе вучыла першаклясьніцу вершу пра Маскву і казала: прыкладай руку да сэрца. Трэба, каб першаклясьніца верш пра маму расказвала 1 верасьня, і тады яна сама прыкладзе руку да сэрца. Трэба пачынаць з мамы, потым памаленьку з роднай сям’і, зь вёскі. А ня так, што адразу — Масква, ці адразу — прэзыдэнт”.

Ці шмат партрэтаў кіраўніка дзяржавы наагул у падручніках? Выкладчык гісторыі адной з ВНУ краіны распавёў:

“Кніга па Вялікай Айчыннай вайне выдавалася ў двух варыянтах: для школы і для ВНУ. У варыянце для школы на першай старонцы быў партрэт прэзыдэнта, які віншуе вэтэранаў. А ў варыянце для ВНУ не было гэтага партрэта. У шмат якіх падручніках для ВНУ па грамадзкіх дысцыплінах наагул няма малюнкаў. Партрэты былі толькі ў падручніках па гісторыі ў разьдзеле “Першы прэзыдэнт Беларусі”.

У школьных праграмах па гісторыі Беларусі і па прадмеце “Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава” ў разьдзелах па дзяржаўным уладкаваньні ёсьць асобныя параграфы пра першага прэзыдэнта Беларусі. У некаторых заданьнях на цэнтралізаваным тэставаньні былі пытаньні, зьвязаныя з асобай прэзыдэнта, пытаньні па Канстытуцыі.

Што да вывучэньня асобы прэзыдэнта ў ВНУ, тут шмат што залежыць ад асобы выкладчыка, як той падае інфармацыю:


“Гэтая форма навуковай рацыянальнасьці, то бок як падаецца матэрыял, дазваляе выключыць якія-колечы эмацыйныя характарыстыкі альбо ацэнкі. Можна проста сказаць, што прэзыдэнтам стаў такі чалавек. І ты пазнаёміў з інфармацыяй, і быў убаку — ня даў ацэнак”.

Што да абавязковага курсу ідэалёгіі, які вывучаецца зараз ва ўсіх ВНУ, выкладчык распавёў:

“Там фотаздымкаў няма адназначна, а сама ідэалёгія, па сутнасьці, уяўляе сабой мяшанку сацыялёгіі і паліталёгіі. Там вельмі сухая мова. У кнігах Трашчанка больш эмацыйнасьці, заклікаў, чым у падручніках па ідэалёгіі. Якаў Трашчанок адыёзныя кнігі па гісторыі Беларусі выпусьціў, якія асьвятляюць гісторыю Беларусі ў рэчышчы ідэалёгіі Саюзнай дзяржавы. У ВНУ па іх вучацца студэнты”.



Якаў Трашчанок — былы выкладчык Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскім унівэрсытэце. Ягоны двухтомнік выйшаў з грыфам “Дапушчана Міністэрствам адукацыі” — гэта значыць, што дапаможнік лічыцца базавым, а не экспэрымэнтальным, і паводле яго зараз вучацца студэнты ВНУ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG