Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Завадзкая: Патрабуйце незалежнага сьледзтва


30 жніўня ў сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень зьніклых людзей. У Беларусі на афіцыйным узроўні не прызнаецца, што ў краіне ёсьць палітычна матываваныя зьнікненьні.

Паводле дадзеных МУС, каля 2 тысяч беларускіх грамадзян лічацца зьніклымі. Сотні людзей знаходзяць даволі хутка — як выяўляецца, яны пакідаюць свае дамы ў выніку канфлікту са сваякамі і потым вяртаюцца самі. Вялікая колькасьць таксама тых, хто зьнікае ў выніку крымінальных здарэньняў ці зьяжджае па сваёй волі, не паведамляючы пра сябе. У міліцыі кажуць, што лёсы прыкладна тысячы зьніклых цягам году-двух будуць высьветленыя, але на той момант зьявяцца новыя зьніклыя, і таму статыстыка зьнікненьняў істотна не мяняецца.

Ёсьць сярод зьніклых беларусаў і катэгорыя, існаваньня якой улада не прызнае. Гаворка пра зьніклых палітыкаў Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага. Іх справы вядуцца з 1999 году, але таямніцы зьнікненьняў не раскрытыя. Яшчэ ёсьць справа апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, які зьнік у 2000 годзе. Па гэтай справе быў суд, за выкраданьне асудзілі трох чалавек, але цела журналіста не знайшлі. Сьвятлана Завадзкая мяркуе, што канчатковае расьсьледаваньне спраў пра палітычна матываваныя зьнікненьні немагчымае пры цяперашнім рэжыме. Але іншай павінна быць і пазыцыя грамадзтва, мяркуе жонка зьніклага журналіста:

Сьвятлана Завадзкая
“Што варта сказаць сёньня? Што патрэбна, каб грамадзкая супольнасьць была больш актыўная, каб яна больш рашуча патрабавала ад уладаў незалежнага расьсьледаваньня гэтых спраў. Можа, тады што-небудзь зрушыцца зь мёртвай кропкі”.

Лідэрам паводле зьнікненьняў людзей на прасторы СНД лічыцца Чачэнія. Як кажа Цімур Ібакаў з аддзяленьня Міжнароднага Чырвонага крыжа на Паўночным Каўказе, тысячы чачэнцаў зьвярнуліся з заявамі пра зьнікненьне іх сваякоў у Міжнародны Чырвоны крыж. “Агульнай лічбы зьніклых ніхто ня ведае, бо людзі зьвяртаюцца ня толькі да нас, а ў розныя няўрадавыя арганізацыі”, — сказаў Цімур Ібакаў. Паводле супрацоўніка Міжнароднага Чырвонага крыжа, пошукі зьніклых у Чачэніі сутыкаюцца з шэрагам пакуль невырашальных праблем:
Ніводная арганізацыя, у тым ліку наша, ня можа сама весьці расьсьледаваньне ...

“Ніводная арганізацыя, у тым ліку наша, ня можа сама весьці расьсьледаваньне. Гэта справа ўлады. Калі гаворка пра Чачэнскую рэспубліку, тут актуальна стварэньне на фэдэральным узроўні адмысловай камісіі з усімі неабходнымі паўнамоцтвамі. Каб маглі зьвяртацца да неабходных устаноў і атрымліваць неабходныя зьвесткі. На нашу думку, толькі такая камісія можа паскорыць вырашэньне гэтай праблемы”.

Я спытаўся ў Цімура Ібакава, колькі было знойдзена людзей, якія зьніклі падчас дзьвюх войнаў Чачэніі з Расеяй і ўжо пасьля прыходу да ўлады Рамзана Кадырава. Мой суразмоўца ня змог назваць гэтую лічбу. “Сытуацыя застаецца складанай”, — сказаў прадстаўнік Міжнароднага Чырвонага крыжа ў Грозным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG