Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы ў Сочы: халодны мір пасьля малочнай вайны


У Сочы адбылася нефармальная сустрэча кіраўнікоў Расеі і Беларусі. Гэта першыя перамовы Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі ў фармаце сам-насам амаль за паўгода — апошні раз прэзыдэнты абмяркоўвалі надзённыя праблемы ў сакавіку. Але ад таго часу паміж Масквой і Менскам абвастрыўся шэраг пытаньняў — як палітычных, так і эканамічных. Ці ёсьць падставы чакаць пацяпленьня ў двухбаковых стасунках?


СЛУХАЦЬ:


З улікам нефармальнага статусу сустрэчы, інфармацыя з Сочы ўвесь дзень ішла сьціслая. Са спасылкай на Сяргея Прыходзьку, дарадцу расейскага прэзыдэнта, пераважна паведамлялася пра пэрспэктыўныя пляны. 29 верасьня абодва лідэры будуць прысутнічаць на вайсковых манэўрах у Беларусі.

перамовы аб’ектыўна ня могуць ісьці лёгка. З боку Расеі, натуральна, чакаецца прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі; подпіс Беларусі пад актам стварэньня Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня АДКБ
На 27 лістапада заплянаванае паседжаньне міждзяржаўнай рады ЭўрАзЭС, у рамках якога адбудуцца перамовы Мядзьведзева і Лукашэнкі. Таксама спадар Прыходзька агучыў намер Лукашэнкі пасьля кансультацый з саюзьнікамі па АДКБ вярнуцца да пытаньня старшыняваньня ў арганізацыі. Са спасылкай на ананімныя крыніцы расейскія СМІ сьцьвярджаюць, што беларускі бок не ўздымаў пытаньня расейскіх крэдытаў і магчымасьці пашырэньня паставак малочнай прадукцыі і супрацоўніцтва ў газавай сфэры. Палітоляг Пётар Марцаў прадракае кіраўнікам складаны перамоўны працэс, які сочынскім раўндам не завершыцца:

“За апошнія паўгода сфармаваліся прэтэнзіі, якія цяжка вырашыць за адну сустрэчу. Я ня ўпэўнены, што яны здолеюць вырашыць хоць адну праблему, калі кожны будзе трымацца толькі свайго фармату патрабаваньняў. За час відавочнага палітычнага крызісу і Масква, і Менск сфармавалі своеасаблівы пакет узаемных патрабаваньняў, якія ў вялікай ступені ўзаемавыключальныя. Таму перамовы аб’ектыўна ня могуць ісьці лёгка. З боку Расеі, натуральна, чакаецца прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі; подпіс Беларусі пад актам стварэньня Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня АДКБ; газавыя прэтэнзіі (Беларусь маўляў, павінна грошы за газ); сьпіс прадпрыемстваў, якія расейцы хацелі б прыватызаваць. З боку Беларусі — грашовае пытаньне ў першую чаргу: абяцаныя 500 мільёнаў даляраў, 100 мільярдаў рублёў, якія мы прасілі летась у расейцаў. А таксама кошты на газ, адкрыцьцё рынкаў для мясной, малочнай, будаўнічай ды іншай прадукцыі”.

Паводле афіцыйных зьвестак, за першае паўгодзьдзе 2009-га гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і Расеяй скараціўся амаль напалову. Суседні рынак зачыніўся для бальшыні беларускіх вытворцаў, а ўхвалены расейскім урадам новы тэхнічны рэглямэнт пасьлядоўна спрычыніўся да малочнага, газавага, мяснога ды камбайнавага супрацьстаяньня.

Калі два шулеры сядаюць гуляць у карты, то перамагае самы нахабны
Эканамічныя супярэчнасьці ўскладнілі і палітычныя адносіны. Марна чакалі ў Менску чарговага расейскага крэдыту. На пераглядзе дамоўленасьцяў па коштах на энэргарэсурсы настойвае “Газпром”. У сваю чаргу, Крэмль недвухсэнсоўна дае зразумець: згодніцкая пазыцыя Менску ў некаторых пытаньнях пацягне за сабой саступкі з боку Масквы. Па-першае, ад Беларусі чакаюць прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, па-другое — вяртаньня ў фармат АДКБ з далейшым сяброўствам у Калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня (КСОР). Нагадаю, што вынікам малочнай вайны стаў дэмарш Лукашэнкі, які байкатаваў саміт АДКБ і ўхіліўся ад падпісаньня дамовы пра КСОР. У сваю чаргу, абяцаньнямі прызнаць мяцежныя рэспублікі кіраўніцтва Беларусі корміць Мядзьведзева ўжо год.

Вядомая ў Расеі палітычная аглядальніца, вядучая праграмы “Код доступу” на радыё “Эхо Москвы” Юлія Латыніна ў закулісных гульнях палітыкаў ставіць на Лукашэнку. Паводле яе словаў, беларускі лідэр неаднаразова і ў розных сытуацыях дэманстраваў здольнасьці дамагацца патрэбных сабе вынікаў:

“Калі два шулеры сядаюць гуляць у карты, то перамагае самы нахабны. А Лукашэнка стварыў цудоўную для яго сытуацыю, калі значныя для яго эканамічныя пытаньні ён можа разьмяняць на абсалютна другасныя для ўсіх, але якія маюць піар-значэньне. Кшталту сяброўства ў АДКБ. Уласна кажучы, я думаю, ён гэта і разьмяняе. Пры гэтым рэальныя пытаньні, з-за якіх і пачалася спрэчка — у прыватнасьці, пытаньне прызнаньня Паўночнай Асэтыі і Абхазіі — ужо адышлі на другі плян. Бо Лукашэнка ў ходзе вось гэтай разборкі ўвесь час падвышаў стаўкі. То бок ён стварыў сытуацыю, у якой можа атрымаць рэальныя эканамічныя саступкі ў абмен на нічога ня вартыя палітычныя канцэсіі ў выглядзе АДКБ. Але не ў абмен на важкія палітычныя канцэсіі ў выглядзе прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі”.

З боку Мядзьведзева галоўным пытаньнем перамоваў — канечне, прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. З боку Лукашэнкі акцэнт зроблены на выдзяленьне абяцанага стабілізацыйнага крэдыту, а таксама на справу крэдытаваньня АЭС
Беларускі палітоляг Віктар Чарноў лічыць, што цяпер Расея досыць балюча перажывае далучэньне Беларусі да праграмы “Ўсходняе партнэрства”, што сьведчыць пра геапалітычную пераарыентацыю краіны. Увогуле ж, на яго думку, бакі да апошняга будуць трымацца сваёй пазыцыі і пагодзяцца на кампраміс толькі тады, калі адступаць сапраўды ня будзе куды:

“З боку Мядзьведзева галоўным пытаньнем перамоваў — канечне, прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. З боку Лукашэнкі акцэнт зроблены на выдзяленьне абяцанага стабілізацыйнага крэдыту, а таксама на справу крэдытаваньня АЭС. Цалкам можна чакаць, што Лукашэнка будзе шантажаваць Мядзьведзева праз АЭС: маўляў, калі Расея будзе зацягваць з выдзяленьнем першага траншу (1,5 мільярда даляраў з 9-ці), то тады ён можа зьвярнуцца па дапамогу да іншых дзяржаваў, скасаваўшы ранейшыя дамоўленасьці. Натуральна, у адказ Расея нагадае, што Беларусь як бліжэйшы саюзьнік павінна паскорыць працэс прызнаньня мяцежных рэспублік. На што ў адказ Лукашэнка можа сказаць, што Расея мусіць зразумець нашу сытуацыю: мы завязваем адносіны з Эўразьвязам, і факт прызнаньня будзе азначаць, што на ўсіх адносінах з Эўропай будзе пастаўлены крыж”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG