Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь — Расея: ракіроўка альбо перазагрузка?”


Усё больш і больш жыхароў Беларусі выступаюць за тое, каб краіна заставалася незалежнай і сувэрэннай. Пра гэта сёньня паведаміў дырэктар соцыямэтрычнай лябараторыі “Новак” Андрэй Вардамацкі. Паводле ягоных дасьледаваньняў, геапалітычная арыентацыя беларусаў схіляецца ў бок незалежнасьці. Гэтыя дадзеныя спадар Вардамацкі прывёў на міжнароднай канфэрэнцыі “Беларусь — Расея: ракіроўка альбо перазагрузка?”, якая праходзіла сёньня ў Менску.

СЛУХАЦЬ:


Калі перад жыхарамі Беларусі паставіць пытаньне: на што ім трэба арыентавацца — на Расею, Захад альбо самастойную дзяржаву — то бачна, што падвышаецца колькасьць людзей, зарыентаваных на сувэрэнітэт. Калі ж у якасьці арыентыраў пакінуць толькі Маскву і Брусэль, то, як сьцьвярджае Андрэй Вардамацкі, розныя катэгорыі насельніцтва дыямэтральна па-рознаму і арыентуюцца. Напрыклад, моладзь, людзі з вышэйшай адукацыяй, а таксама жыхары Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцей адназначна скіраваныя на Захад. І наадварот, сталыя і малаадукаваныя людзі, а таксама жыхары ўсходніх рэгіёнаў выразна зьвязваюць свае надзеі з Масквой.



Сацыёляг Вардамацкі канстатаваў, што ў цэлым расейская дамінанта ў беларусаў пакуль захоўваецца, але іх сьвядомасьць элястычная. Таму тут шмат што будзе залежаць ад кіраўніцтва Расеі і Беларусі.

Менавіта дачыненьні з Расеяй і сталі цэнтральнай тэмай сёньняшняй дыскусіі. Адзін з арганізатараў імпрэзы, кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, адзначае:

“Такога маштабу канфэрэнцыі былі яшчэ ў часы, калі быў жывы Анатоль Майсеня. А гэта было 13—14 год таму. Пасьля была спроба наладзіць такую канфэрэнцыю яшчэ раз, але яна была сарваная дэпартацыяй зь Беларусі Барыса Нямцова. І вось цяпер новая спроба. Яна вельмі ўдала пасуе да часу, паколькі на гэтую тэму ёсьць попыт. Мільёны людзей, напрыклад, хвалюе, чаму няма ў маскоўскіх крамах “Савушкінага прадукту”. Альбо чаму ў беларускіх будаўнікоў стала менш магчымасьцяў працаваць у Расеі і г.д.”

Так супала, што сёньня ж беларуска-расейскія дачыненьні абмяркоўваюць у Сочы прэзыдэнты Мядзьведзеў і Лукашэнка. Удзельнік канфэрэнцыі, адзін зь лідэраў расейскага руху “Салідарнасьць” Барыс Нямцоў сказаў, што ён асабіста не чакае ад яе нічога добрага, паколькі цяпер гэтыя дачыненьні — на вельмі нізкім узроўні:

“Узровень асабістай непрыязі двух аўтарытарных правадыроў, на мой погляд, зашкальвае за межы разумнага. Выразна бачна — не засталося ілюзіяў, што можна стварыць нешта падобнае да саюзу. Бачна, што Лукашэнка ўсё больш нагадвае калабка з расейскай народнай казкі. Ён чамусьці думае, што няма ў сьвеце лісіцы, якая яго нарэшце зьесьць. Дарэчы, дагэтуль яе так і не знайшлося.

Гэтым саюзам кіруюць два аўтарытарныя ўладары, Пуцін і Лукашэнка. У Пуціна існуе крайняя нелюбоў да Захаду і да Эўропы, у прыватнасьці. І менавіта гэта прымушае яго да пэўных кантактаў з Лукашэнкам. Але мне падаецца, што таталітарныя лідэры ня здольныя да дамоваў. Таму што сутнасьць іх рэжымаў у тым, як захапіць паўнамоцтвы, а ня ў тым, каб імі дзяліцца”.
Крэдыт для Беларусі — гэта падвышэньне заробкаў на 5% бюджэтнікам па ўсёй Расеі


Сёньня ж стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка зноў зьвярнуўся да расейскага кіраўніцтва па крэдыт у 100 мільярдаў расейскіх рублёў. У кулюарах сёньняшняй канфэрэнцыі ад некаторых палітыкаў можна было пачуць, што для Расеі гэта вельмі малыя грошы. Аднак былы першы намесьнік старшыні Цэнтральнага банку Расеі Сяргей Аляксашанка патлумачыў для слухачоў “Свабоды”, што гэта ня так:

“На наступны год фэдэральны бюджэт адмовіўся ад індэксацыі заробкаў. То бок у Расеі ў 2010 годзе ня будзе падвышэньня заробкаў бюджэтнікам, вайскоўцам, фэдэральным чыноўнікам. Цана пытаньня — прыкладна 180 мільярдаў рублёў пры індэксацыі на 10%. Каб зразумець супастаўнасьць лічбаў, зразумейце: крэдыт для Беларусі — гэта падвышэньне заробкаў на 5% бюджэтнікам па ўсёй Расеі”.

Сяргей Аляксашанка таксама сказаў, што калі такі крэдыт усё ж будзе дадзены Беларусі, то яго можна сьмела назваць “палітычным”.

Уладзімер Рыжкоў

Анатоль Ляўковіч


Зьміцер Бандарэнка і Аляксандар Казулін
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG