Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў НТВ дэпартавалі зь Беларусі


Паводле інфармацыі кіраўніка Менскага бюро НТВ В.Кузьміна журналістаў гэтага тэлеканалу А.Малкава і Ю.Бабенку дэпартавалі зь Беларусі. МУС Беларусі гэтую інфармацыю абвяргае.

Як паведаміў нашаму радыё кіраўнік Менскага бюро НТВ Віктар Кузьмін, расейскіх журналістаў, якія здымалі фільм пра зьніклых, абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У ноч на 15 жніўня яны завяршалі сваю камандзіроўку ў Беларусі і зьбіраліся адправіцца ў Маскву. Аднак знаходжаньне ў Менску скончылася даволі нечаканай разьвязкай. Увечары 14 жніўня супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным вывелі журналістаў з нумара гатэлю Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, дзе яны спыніліся. Па словах пэрсаналу ўстановы, гэтыя ж людзі выпісалі Малкава і Бабенка з гатэлю, пасьля чаго адвезьлі ў адно з двух упраўленьняў унутраных спраў Маскоўскага раёну Менска. Аднак пасьля дзяжурныя абодвух участкаў аспрэчылі падобныя здагадкі.

Пазьней стала вядома, што Аляксея Малкава і Юрыя Бабенка супрацоўнікі спэцслужбаў адвезьлі ў аэрапорт. Там іх пратрымалі ўсю ноч, а першым ранішнім рэйсам адправілі ў Маскву. Прыблізна а 8 раніцы па менскім часе журналісты НТВ прыбылі ў расейскую сталіцу, аднак ад якіх-небудзь камэнтароў з нагоды беларускай камандзіроўкі пакуль устрымліваюцца.

Тым часам, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі інфармацыю пра затрыманьне ў Менску і дэпартацыю зь Беларусі здымачнай групы расейскай тэлекампаніі НТВ абвергла. Прадстаўнік прэсавай службы МУС паведаміў "РИА Новости", што “афіцыйных дадзеных у зводках МУС пра затрыманьне расейскіх журналістаў няма”.

Ад камэнтароў устрымліваецца і кіраўніцтва НТВ. Прадстаўнік прэсавай службы НТВ паведаміў агенцтву "РИА Новости", што з журналістамі “усё ў парадку” і яны знаходзяцца ў Маскве. Іншых падрабязнасьцяў у тэлекампаніі не паведамілі.

Аляксей Малкаў і Юрый Бабенка прыехалі ў Беларусь некалькі дзён таму, каб здымаць фільм аб зьніклых людзях. Вядома, што журналісты ўзялі інтэрвію ў жонкі Віктара Ганчара Зінаіды Ганчар, а таксама ў маці Зьмітра Завадзкага Вольгі Рыгораўны.


Дэпартацыі зь Беларусі
У 1997 годзе быў пазбаўлены акрэдытацыі і дэпартаваны карэспандэнт НТВ Аляксандар Ступнікаў. На думку шматлікіх калег, дэпартацыя Ступнікава наўпрост была зьвязана зь яго рэпартажамі з масавай акцыі пратэсту, якая адбылася 23 сакавіка 97-га году ў Менску і была жорстка падаўлена міліцыяй.

У 1997 годзе быў пазбаўлены акрэдытацыі і нават патрапіў за краты карэспандэнт ОРТ Павал Шарамет.

28 чэрвеня 2003 году МЗС Беларусі пазбавіла журналісцкай акрэдытацыі ўласнага карэспандэнта расейскага тэлеканалу НТВ Паўла Селіна за ягоны рэпартаж аб пахаваньні Васіля Быкава. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прыняло пастанову аб дэпартацыі Селіна і забароне яму ўезду на тэрыторыю краіны на пяць гадоў.

13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. Спадарыню Рамашэўску па прылёце ў Менск ня выпусьцілі з аэрапорту, нягледзячы на тое, што яна мела дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных справаў Беларусі. Памежныя службы анулявалі беларускую візу і дэпартавалі яе з краіны чарговым авіярэйсам у Варшаву.

Дэпартавалі зь Беларусі і расейскіх палітыкаў і палітолягаў, напрыклад, Барыса Нямцова і Андрэя Суздальцава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG