Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЮБОЎ. Тыдзень з блогерам _extraneus_


_extraneus_
_extraneus_
“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе _extraneus_.

На наступным тыдні дзяжурства па “Аблозе” пяройме ku-palinka.

Любоў…


Найцікавейшая і самая даравальная з усіх чалавечых слабасьцяў; творца ўсяго добрага, узвышанага, моцнага, цёплага і чыстага; адзіны разумны і задавальняючы адказ на пытаньне пра сэнс чалавечага існаваньня…

Ах, ах, ах.

Таго, хто, стаміўшыся ад палітыкі-шмалітыкі, завітаў сюды ў спадзеве на чытво ў духу Даніэлы Сьціл — чакае жорсткае расчараваньне: у сёньняшнім аглядзе мы пагаворым пра менш салодкія рэчы. Хаця і пра любоў.

ТАЧКІН, ЛЮБОЎ МАЯ


Той, хто чытаў заўчорашні агляд, будзе сьмяяцца, але экспэрт Тачкін зноўку нагадаў пра сябе.

Гэтым разам аб’ектам ягонай аналітыкі стаўся рынак жыльлёвых аблігацыяў. Пры ўсёй любові да творчасьці Тачкіна, зараз здолеў дачытаць толькі да словаў “Мне, як шараговаму спажыўцу…”

Пардон, спадар рыэлтар, гэта вы — “шараговы спажывец”? І ў справе барацьбы за квадратныя мэтры вы з намі, чэлядзьдзю бескватэрнай, па адзін бок барыкадаў? Можа, вы яшчэ і рыэлтарскім канторам не давяраеце? А што думае пра гэта вашае начальства?

Камэнтары чытачоў:

“Тачкін, падобна, яшчэ не чытаў 367 Указ, паводле якога жыльлёвыя аблігацыі прыроўненыя да долевага будаўніцтва і афіцыйна прызнаныя паўнапраўным інструмэнтам рынку долевага будаўніцтва”.

“Выглядае, у рэдакцыі з Тачкіным эксклюзіўная дамова. Покуль яна ня скончыцца, мы будзем кожны тыдзень атрымліваць асалоду ад чарговага выс… твору геніяльнага мэнэджэра”.


І атрымліваем жа!

БАЛТАФІЛІЯ


Kryviec нястомна бамбардыруе сьвядомасьць чытачоў балтафільскімі матэрыяламі і посьціць “больш-менш адэкватную мапу з пазначэньнем гістарычнай Літвы — ядра вялікалітоўскага гаспадарства”:

У XIII-XIV стст. — сьцьвярджае kryviecфактычна ўвесь гэты абшар быў балцкамоўным, на ўсходзе ён супадаў з тэрыторыяй пашырэньня тапонімаў на -ішкі.

Сам зь цікаўнасьцю разгледзеў мапу. І чыста па-абывацельску не магу зразумець адзін ключавы момант у развагах як балтафілаў, так і (зямля пухам) Ермаловіча. Адкуль гэтая ўпэўненасьць, што гістарычная Літва — там, дзе месьцяцца аднайменныя вёскі? Які рэзон называць паселішча “Літвой”, калі навокал — і так нібыта суцэльная Літва? Дзе тады сэнсаадрозная функцыя найменьняў? Можа, усё якраз наадварот, і наяўнасьць “літоўскіх” тапонімаў паказвае акурат на тое, што сама Літва — дзесьці ў іншай мясцовасьці?

Паселішчы з назвай “Крывічы”, напрыклад, лякалізаваныя дзе заўгодна, толькі не на ўласна крывіцкіх землях. Зэльвенскі, Мядзелскі, Салігорскі раёны… Шмат сьлядоў у тапаніміцы Беларусі пакінулі ў свой час і прускія бежанцы (ніхто ж ня стане шукаць Прусію на Палесьсі?). Дык мо і гістарычную Літву трэба ссунуць на поўнач ад Нёмана і на захад ад Заслаўя?..

ЗЯМЛЯ ПАД МУЖНЫМІ КРЫЛАМІ


Zmicierbielapol вярнуўся з вандроўкі па роднай Барысаўшчыне і паказаў сябрам беспрэцэдэнтны, здаецца, узор народнага драўлянага дойлідзтва:



“Крыўскі арол, — з захапленьнем піша zmicierbielapol у сваім постынгу „Імпэрскі стыль па-вясковаму“ — мужна глядзіць наперад, пільнуючы родную вёску, дом і тутэйшую зямлю ад ворагаў… Нічога не схаваецца ад яго вачэй, імклівых крылаў, моцных кіпцюроў і цьвёрдай дзюбы… Зямля пад мужнымі крыламі…”

На дух не выношу імпэрыяў, а вось арол спадабаўся. Можа, ніякі ён не імпэрскі? Як-ніяк, нармальны годны птах, а не дзьвюхгаловая пачвара.

ЛЮБОЎ ДА РЭЙТЫНГАЎ


Фрэндстужка гэтымі днямі літаральна забітая размаітымі рэйтынгамі. Блогер rubon http://rubon.livejournal.com/59764.html зьмясьціў у сябе допіс пра месцы Беларусі ў сьвеце. Вось некаторыя вытрымкі:

  • 1 месца ў сьвеце па колькасьці арыштаваных
  • 1 месца ў сьвеце па вытворчасьці бульбы на душу насельніцтва
  • 2 месца ў сьвеце па спажываньні моцнага алькаголю на чалавека
  • 2 месца ў сьвеце па колькасьці вязьняў на 100 тысяч насельніцтва
  • 3 месца ў сьвеце па колькасьці самагубстваў на 100 тысяч насельніцтва
  • 5 месца ў сьвеце па тэмпах скарачэньня насельніцтва
  • 6 месца ў сьвеце ў сьпісе самых курачых краінаў
  • 13 месца ў сьвеце па колькасьці карыстальнікаў ЖЖ — дарэчы, як у сувязі з гэтым не прыгадаць выказваньне Katechizis “Ад харошага жыцьця ў жж ня пішуць”.
  • 78 месца ў сьвеце па якасьці жыцьця
  • 82 месца ў сьвеце па індэксе глябальнай канкурэнтаздольнасьці
  • 139 месца ў сьвеце па сярэдняй працягласьці жыцьця
  • 151 месца ў сьвеце па ўзроўні свабоды слова
  • 167 месца ў сьвеце ў рэйтынгу эканамічнай свабоды
  • 188 месца ў сьвеце па індэксе свабоды прэсы

Падобную працу зрабіў і malishevsky.

ЛЮБОЎ І СПОРТ


А шмат хто з блогераў імкнецца напоўніцу скарыстаць летнія часіны для актыўнага адпачынку.

_tarka_ піша пра байдаркавую вандроўку па Нёмане, а некаторыя нядрэнна адрываюцца і не выяжджаючы з сталіцы. Як кажуць у сеціве, комэнты жгуць.

Вось і ўся любоў:)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG