Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Кірын: Як у Глуску сьвяткавалі Купальле


Ігар Кірын
Ігар Кірын
У гэтым месяцы чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Ігар Кірын з Глуску адзначае 55-годзьдзе. Пасьля БДУ выкладаў фізыку, быў дырэктарам раённага Дому піянэраў і школьнікаў. За актыўнасьць падчас кіраваньня Глускім камітэтам грамадзкага самакіраваньня быў звольнены, арганізаваў раённы клюб выбарцаў. Цяпер кіруе мясцовым прадстаўніцтвам БХК, зьяўляецца рэдактарам вэб-сайту gluskonline.net, створанага разам з Уладзімірам Мельнікавым (Эстонія). Аўтар шэрагу публікацыяў у нацыянальным друку. Два гады таму стаў першым афіцыйна зарэгістраваным у раёне рэпэтытарам.

Адраджаць старыя традыцыі пачалі з 1997 году, на беразе Пцічы, уначы. Тады на спэцыяльна адбудаванай сцэне выступалі фальклёрныя ансамблі, палала вогнішча, дзяўчаты пускалі вянкі па вадзе, быў нават фэервэрк. Аднак з наступнага году ўсё спрасьцілі: сьвята аганізавалі загадзя, у нядзелю, днём, са звычайным канцэртам і дзіцячай праграмай. Ад таго часу сцэнар без асаблівых зьменаў. Хіба праводзілі начную дыскатэку, якая і была цьвіком сьвята.

Сёлета Купальле прайшло на стадыёне. Сярод мастацкіх калектываў – фальклёрны ансамбль Хвастовіцкага сельскага Дому культуры, ансамбль “Купалінка” РДК. Сучасныя песьні ў выкананьні Міхаіла Абжальяна выклікалі на зялёную танцпадлогу і дзяцей, і дарослых. Акрамя танцаў – шашлыкі, лятарэя...



Канцэрт, валейбол, танцы, чарка-шкварка – так праходзіць у Глуску большасьць сьвятаў.

А вось што згадваюць старажылы з Усьцерхаў і Старога Сяла:

“Асноўная святочная дзея адбывалася на ўзлеску побач з рэчкай або возерам. Да месца, на якім апоўначы распальваўся купальскі агонь, хлопцы зносілі ўсялякую ста-рызну. Дзяўчаты з кветак плялі прыгожыя вянкі. Пасля таго, як заканчваліся асноўныя будзённыя гаспадарчыя клопаты, увесь вясковы люд, пераапрануўшыся ў святочнае адзенне, ішоў да месца запальвання рытуальнага вогнішча. Для здабывання агню нашы продкі крыж-накрыж клалі дзве лучыны, у сярэдзіну якіх устаўляўся яшчэ адзін брусок. Дужы хлопец энергічна круціў гэты брусок у далонях да таго часу, пакуль не з'яўляўся агеньчык. Запаленыя лучыны перадаваліся старэйшаму, найбольш пава-жанаму чалавеку вёскі, які, быццам чарадзей, падыходзіў да вялікага конусападобна-га лаўжа і падпальваў яго. Усё наваколле тым часам напаўнялася гоманам, крыкамі моладзі, песнямі. Полымя шугала ў самае неба. Усё новую і новую сілу надавалі яму старэйшыя вяскоўцы. Ідучы на свята, яны бралі з сабой засохлы «май», які пасля Тройцы не выкідвалі, а спецыяльна захоўвалі ў кашарах да Купалля. Засохлыя бярозкі кідалі ў агонь па чарзе, сем'ямі.



Пакуль пачцівая частка вяскоўцаў выконвала ачышчальны рытуал, моладзь вадзіла вакол вогнішча карагоды, спявала песні:

Наша Купалачка купалася,
На беражочку абдувалася,
На каменьчыку сушылася.
Наша Ганулька журылася,
Як на пасадзе садзілася:
— У мяне свёкарка не родны татка,
У мяне свякроўка не родна мамка.
Ой, будзяць мяне ранюсенька,
Шлюць па вадзіцу маладзіцу.
А я, малада, паслушна была:
Узяла вядзёркі, пасіукала,
Ой, пастукаўшы, сама лягла.
— Не ліха робіш, сам зробіш.
Не ліха робіш, сам зробіш.
Не трасца трасе — сам прынясеш.


Як толькі агонь прытухаў, дзяўчаты пачыналі смажыць яечню, якой частавалі хлопцаў і дарослых мужчын. А тыя не супраць бьілі ўзяць святочную чарку гарэлкі. Пасля вячэрняй трапезы зноўку бясконца звінелі песні, пачыналіся скокі праз вогнішча. Мо-ладзь бралася за рукі I з разгону сягала цераз агонь. За гэтымі, здавалася б, проста забаўляльна-гульнёвымі скокамі хаваўся рытуальны пераход пэўнай часткі вясковай моладзі ў іншы сацыяльны статус — перадшлюбны ўзрост. Менавіта такім пераходам і абумоўлена тэматыка большасці купальскіх песень:

Ой, вы, кумушкі, вы, галубушкі,
Вы й куміцеся, вы й любіцеся,
Вы любіцеся, вы любіце мяне.
Як пойдзеце вы ў вішнёвы сад цвяты зрываць,
Вы сарвіце мне.
Як будзеце вянкі віць,
Дык савійце мне.
А будзеце на мора пускаць,
Дык пусціце мой.
Усе вянкі плывуць,
А мой утануў,
Усе дружкі дамоў ідуць,
А мой не прыйшоў.


Гэты дзявоцкі клопат шукаў надзейнага падмацавання і ў начной варажбе. Далейшы лёс дзяўчаты маглі вызначыць, пускаючы вянкі на ваду. Калі паплыве — чакай увосень сватоў, калі ж патоне — гэта прадказвала нядолю. Найбольш нецярплівыя і смелыя ішлі варажыць на скрыжаванне дарог (як на мяжу двух сусветаў: свайго і чужога, а можа продкаў-прашчураў, якія ўсё ведалі і маглі падказаць ці прадказаць наканаванае шчасце). Яны звярталіся з просьбай-замовай да трыпутніка, які сябраваў з усімі вятрыскамі і ўсё ведаў:

Прыдарожнік прыгожы,
Расцеш пры дарозе,
Бачыш старога і малога,
Пакажы мілога».





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG