Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пануе расейшчына — толькі трактары зь лядоўнямі беларускія”


Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 8 ліпеня.

Днямі Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ ўхваліла рэзалюцыю “Пра аб’яднаньне падзеленай Эўропы”. У дакумэнце асуджаюцца абодва найбуйнейшыя таталітарныя рэжымы ХХ стагодзьдзя — нацызм і сталінізм. Аўтары рэзалюцыі заклікаюць краіны АБСЭ пазбавіцца ад структураў і паводзінаў, скіраваных на тое, каб прыхарошваць мінуўшчыну. Афіцыйная Масква назвала рэзалюцыю (цытую) “зьневажальным антырасейскім выпадам“ і “гвалтам над гісторыяй“.

На гэтую тэму мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Ільля Копыл, Менск: “Асабіста я вітаю рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая зраўняла СССР з нацысцкай Нямеччынай. Зраўняла фашызм і сталінізм. Але чаму сталінізм? А дзе ленінізм? Сталінізм — гэта працяг ленінізму. На маю думку, калі параўноўваць фашысцкі рэжым і савецкі, то, па-першае, абодва рэжымы злачынныя, але, па-другое, на сумленьні савецка-бальшавіцкага рэжыму злачынстваў значна больш. Фашысцкі рэжым праіснаваў 12 гадоў, а савецкі — 75. Як пісала газэта “Гаспадзін народ” у 1989 годзе, савецкая ўлада за 75 год зьнішчыла 110 мільёнаў чалавек. Рэзалюцыя Парлямэнцкай асамблеі — першы крок. Другі крок — суд над КПСС. Такі суд юрыдычна абгрунтаваны. І гэта будзе акт справядлівасьці перад ахвярамі камуністычнага рэжыму”.

Слухачы працягваюць адгукацца на афіцыйнае сьвята — Дзень рэспублікі (Дзень незалежнасьці), якое адзначалася ў Беларусі 3 ліпеня. Спасылаючыся на вынікі рэфэрэндуму 1996 году, сьвяткаваньне Дня незалежнасьці перанесьлі на 3 ліпеня. Раней 3 ліпеня было Днём вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама Днём Менску.

Cпадарыня: “Менск, можа, і абсурдна, і недарэчна параўноўваць са старажытным Рымам. Рым — з глыбіні вякоў са сваёй раскошай, золатам, што прыносілі народы яго імпэрыі. Ды параўнаньне ёсьць. Кіраўнікі Рыму і беларускага анкляву Менску для сваіх грамадзян дазволілі адно: віна і відовішчаў. Такі прынцып урэшце і загубіў наймагутнейшы Рым. А гэта пачатак канца і ў Беларусі. Толькі не народа. У яго ўсё ж ёсьць выратавальны скарб — працавітасьць. Тут пачатак канца кіраўнікоў. Гэта нябачна лунала над зялёнымі страшнымі мундзірамі, урадавай трыбунай і над прымусова-добраахвотнымі натоўпамі ўздоўж сьвяточнай дарогі. І расейшчына — толькі трактары зь лядоўнямі беларускія. Толькі б не памыліцца расейскім правадырам цяперашнім, занятым спаборніцтвам з Эўропай за Беларусь. Лукашэнка, працуючы ў саўгасе, добра вывучыў паводзіны свайго электарату. Гісторыя можа выдаць хоць і кароткі, ды горкі фарс”.

Зіноўеў: “Пытаньне “Беларускай Атлянтыдзе”. Лукашэнка ў траўні 1995 году сказаў пра Армію Краёву ў 1944—45 гадах. Яна ж дайшла да Вільні з Чырвонай арміяй, а там адабралі зброю і ў лягеры яе адправілі. Я думаю, вось таму ён і сьвяткуе толькі 3 ліпеня”.

Апошняе тэлефанаваньне камэнтуе аўтар праграмы “Беларуская Атлянтыда” Вячаслаў Ракіцкі:

“Наш слухач слушна заўважыў, што сьвяткаваньне Дня незалежнасьці ня можа быць 3-га ліпеня. Ва ўсім сьвеце прынята сьвяткаваць дзень незалежнасьці ў зьвязку з абвяшчэньнем дзяржаўнасьці. Што да Беларусі, адзіны магчымы дзень для сьвяткаваньня незалежнасьці — гэта 25 сакавіка 1918 году. Тады была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Сучасная Беларусь — правапераемніца БНР. Беларуская незалежнасьць у найноўшым часе зьвязаная з адраджэньнем незалежнасьці БНР”.

Наш слухач дзеліцца развагамі пра стасункі з Расеяй, пра аплату энэрганосьбітаў і пра міжнародныя крэдыты:

Cпадар: “Зьявіліся падставы для чарговай, ужо газавай вайны з Расеяй. Што ж атрымліваецца? Беларускія спажыўцы, па-мойму, у час расплачваюцца за газ зь дзяржавай. Тады чаму квітнеючая Беларусь ня можа своечасова расплаціцца з Газпромам? Куды ідуць грошы? Што ж мы за дзяржава такая? Што браць — бяром, а аплату з нас даводзіцца выкалочваць скандаламі. Навошта Беларусі кепская слава? Забягаю наперад, прадбачу, што такая ж доля спасьцігне і нашых крэдытораў, калі давядзецца вяртаць ім пазыкі”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG