Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта трэба не Фэрэры-Вальднэр, а Беларусі”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 23 чэрвеня.


22 чэрвеня эўракамісар у справах зьнешніх сувязяў Бэніта Фэрэра-Вальднэр наведала Менск. На перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам яна заявіла, што Брусэль надалей чакае выкананьня Менскам 5 патрабаваньняў Эўразьвязу. Гэта зьмены ў выбарчым заканадаўстве, свабода мэдыяў, свабода сходаў, рэгістрацыя недзяржаўных арганізацыяў, вызваленьне палітзьняволеных.

Водгук на гэтую падзею:

Нарачанскі селянін: “Прыехаў дыктатар гандлёвы ў Беларусь, які са свайго боку дыктуе нам зноў нейкія свае дэмакратыі, усё іншае”.

Меркаваньне слухача камэнтуе кіраўнік аналітычнай службы БелаПАН Аляксандар Класкоўскі:

“Я адзначыў бы два моманты. Па-першае, спадарыня Фэрэра-Вальднэр, дыпляматка вельмі дасьведчаная і вытанчаная, ужывала мяккія фармулёўкі. Нават, на думку беларускай апазыцыі, занадта мяккія. Маўляў, трэба больш рашуча патрабаваць дэмакратызацыі... Другі прынцыповы момант: гэта трэба не спадарыні Фэрэра-Вальднэр, гэта трэба Беларусі. Інакш — і малочны канфлікт з Расеяй гэта паказаў — у сёньняшняй закансэрваванай сытуацыі мы знаходзімся ў тупіку. І толькі праз рэформы і праз збліжэньне з Эўропай мы можам выйсьці з гэтага гістарычнага тупіка”.

У Іране працягваюцца сутычкі паміж паліцыяй і дэманстрантамі, якія ня згодныя з афіцыйнымі вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.

Паліцыя выкарыстоўвае дручкі і сьлезацечны газ. Пратэстоўцы распальваюць на вуліцах Тэгерану вогнішчы і заяўляюць, што паліцыя іх не запужае.

Паводле афіцыйных вынікаў, дзейны прэзыдэнт Махмуд Ахмадзінэджад набраў 63 працэнты галасоў (24 мільёны), а яго апанэнт Мір Хусэйн Мусаві — 34 працэнты (11 мільёнаў). Мусаві дамагаецца не перападліку галасоў, а новых выбараў. Ён заклікаў сваіх прыхільнікаў працягваць мірныя пратэсты.

Галіна: “У Ярмошынай фальсыфікацыя вынікаў галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларусі адбываецца і заканчваецца элегантнай перамогай Лукашэнкі. Увесь сьвет бачыць, чым скончыліся выбары прэзыдэнта Ірана ў беларускім варыянце. Мусаві і Ахмадзінэджад, верагодна, выйшлі па выніках галасаваньня ў першым туры ў другі тур. З гэтай прычыны, няйнакш, адбылася фальсыфікацыя, і Ахмадзінэджад пазьбегнуў другога туру. Выбаршчыкаў таксама абурыла тое, што найвышэйшая духоўная ўлада пайшла на падман сваіх вернікаў. Каб наступіў мір у Іране, неабходна праводзіць новыя чэсныя выбары”.

24 чэрвеня а 18 гадзіне ў Менску ва ўправе Партыі БНФ адбудзецца прэзэнтацыя 16-й кнігі з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” — “Акцэнты Свабоды” Юрыя Дракахруста. Гэтая кніга — зборнік выбраных перадачаў праграмы Беларускай службы Радыё Свабода “Праскі акцэнт”, якія выйшлі ў эфір у 2001—2008 гадох. Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Пятро Жураўлёў, Менск: “Хачу выказаць “Свабодзе” і асабіста спадару Юрыю Дракахрусту сваю вялікую ўдзячнасьць за выданьне кнігі “Акцэнты Свабоды”. Сабраныя разам “Праскія акцэнты” ўражваюць сваёй актуальнасьцю і сучаснасьцю, у іх простыя адказы на складаныя пытаньні. На мой погляд, гэтая кніга павінна стаць настольнай для кожнага зь лідэраў апазыцыйных партыяў. А нам, паспалітым беларусам, яна дасьць магчымасьць лепш разьбірацца ў складанасьцях сучаснага грамадзка-палітычнага жыцьця. Асабіста я зь вялікім задавальненьнем набуду гэтую кнігу, як толькі яна зьявіцца ў продажы”.

22 чэрвеня, дзень пачатку Другой усясьветнай вайны для Савецкага Саюзу, у беларускім календары пазначаны як Дзень усенароднага смутку ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны. У вечаровай праграме “Ваша Свабода — Вынікі дня” гучаў досьлед пра тое, як дзяржава клапоціцца аб вэтэранах. На гэтую тэму мы таксама атрымалі тэлефанаваньне:

Ларыса, Менск: “22 чэрвеня ўсе адзначаюць гэты дзень. Мы таксама адзначаем яго са сьлязьмі на вачах. Мы ахвяры вайны. Нашы бацькі, менскія падпольшчыкі, былі арыштаваныя і кінутыя за калючы дрот на вуліцы Шырокай, а потым вывезены ў канцлягеры ў Нямеччыну. Мы, дзеці 5 і 10 гадоў, былі кінутыя на волю лёсу. Цяпер мы старыя і просім кампэнсацыі як ахвяры нацызму. Але ўва ўсіх касах лічаць, што мы такімі не зьяўляемся, як і нашы бацькі. На днях атрымалі чарговую адмову”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG