Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАП лічыць, што Беларусь павінна падвоіць высілкі


Камітэт нормаў і стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы заклікаў урад Беларусі “падвоіць высілкі для забесьпячэньня поўнай свабоды аб’яднаньняў працоўных”.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай 11 чэрвеня ў Жэнэве па выніках абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Як адзначаецца ў дакумэнце, камітэт прыняў пад увагу інфармацыю пра захады беларускіх уладаў для выкананьня рэкамэндацыяў МАП. Аднак камітэт просіць беларускі ўрад прадставіць дакладны плян з пазначэньнем канкрэтных тэрмінаў, неабходных для поўнага выкананьня ўсіх рэкамэндацыяў.

Сярод пазытыўных крокаў беларускага ўраду камітэт адзначыў міжнародны сэмінар у Менску ў пытаньнях абароны працаўнікоў ад дыскрымінацыі паводле іх прафсаюзнай прыналежнасьці, а таксама сэмінар у пытаньнях выкананьня рэкамэндацыяў МАП, які быў арганізаваны ўрадам у супрацоўніцтве з МАП. Асобна адзначалася рашэньне аб уключэньні ў Нацыянальны савет у працоўных і сацыяльных пытаньнях трох прадстаўнікоў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў; тое, што БКДП зьяўляецца часткай трохбаковага Генэральнага пагадненьня, а таксама зьмяншэньне ў 10 разоў арэнднай платы для прафсаюзных офісаў.

У той жа час у дакумэнце выказана заклапочанасьць, што ўсе гэтыя захады пакуль не прывялі да істотных зьменаў. У прыватнасьці, першасныя арганізацыі незалежных прафсаюзаў па-ранейшаму маюць цяжкасьці з рэгістрацыяй.

Рашэньне аб прэфэрэнцыях Эўразьвязу для Беларусі залежыць ад МАП

Сёньняшняму паседжаньню камітэту МАП папярэднічалі даклад беларускага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Патупчыка, зь якім ён выступіў перад дэлегатамі чарговай сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы, а таксама дыскусія вакол сытуацыі з правамі працоўных у Беларусі. Для ўдзелу ў дыскусіі на канфэрэнцыю ў Жэнэву былі таксама запрошаныя і прадстаўнікі незалежных беларускіх прафсаюзаў.

Адзін з удзельнікаў дыскусіі, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук выступіў апанэнтам афіцыйнага беларускага дакладчыка. Высокі беларускі ўрадовец, віцэ-прэм’ер і колішні міністар працы Ўладзімер Патупчык сьцьвярджаў, што ў Беларусі назіраецца прагрэс у сфэры правоў працоўных. У сваю чаргу лідэр найбольшага ў краіне незалежнага прафсаюзу перасьцярог жэнэўскіх дэлегатаў, каб тыя не прымалі “абвешчаных намераў за рэальныя зьдзяйсьненьні” і пачакалі ад Менску канкрэтных дзеяньняў.

На пытаньне “Свабоды”, чые аргумэнты падаліся для сяброў МАП найбольш слушнымі, Аляксандар Ярашук адказаў:

“Заўтра будзе афіцыйны дакумэнт, пакуль яго яшчэ няма. Калі ж у некалькіх агульных словах, тое, што было агучана на слых, то камітэт адзначыў намаганьні беларускага ўраду, якія могуць прывесьці да прагрэсу, і заклікаў, каб гэтыя намаганьні і надалей прыкладаліся. Бо ў наступным годзе МАП ізноў будзе вяртацца да гэтага пытаньня.

Што да пытаньня вяртаньня Беларусі ў сыстэму гандлёвых прэфэрэнцыяў Эўразьвязу, то гэта не належыць да кампэтэнцыі МАП”.

У 2003 годзе Адміністрацыйная рада МАП пастанавіла пачаць у дачыненьні да Беларусі расьсьледаваньне ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў пра парушэньне іх правоў. Беларусь пяць разоў уносілася ў спэцпараграф дакладу міжнароднай канвэнцыі працы як краіна, дзе парушаюцца правы прафсаюзаў. МАП выпрацавала шэраг рэкамэндацыяў беларускаму ўраду, у выпадку выкананьня якіх краіна будзе выключаная са спэцпараграфу.

У 2007 годзе за парушэньні правоў прафсаюзаў Эўразьвяз прыпыніў для Беларусі рэжым гандлёвых прэфэрэнцыяў і такім чынам павысіў на 3% экспартнае мыта для беларускіх тавараў. Міжнародная арганізацыя працы ў сваю чаргу выпрацавала для беларускага ўраду шэраг рэкамэндацыяў, пры выкананьні якіх Эўразьвяз можа зьняць з краіны гандлёвыя санкцыі.

Як падае “Reuters”, у часе ўчорашняй дыскусіі па беларускім пытаньні прысутнічалі таксама і адказныя дыпляматы эўрапейскіх краін.

Адзін зь іх на ўмовах ананімнасьці заявіў, што апошнія крокі афіцыйнага Менску сьведчаць пра тое, што ён разьлічвае на аднаўленьне прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам. Паводле дыплямата, Беларусь, на якой цяжка адбілася глябальная рэцэсія, а таксама пагаршэньне стасункаў з Расеяй, добра разумее, што зьняцьце гандлёвых санкцыяў – гэта адзіны шлях да вяртаньня Беларусі да актыўнага экспарту ў краіны Балтыі і Польшчу. Гэтае вяртаньне магчымае толькі ў выпадку прызнаньня Міжнароднай арганізацыяй працы істотнага прагрэсу ў сытуацыі з правамі прафсаюзаў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG