Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жэнэве разглядаюць скасаваньне гандлёвых санкцыяў


“У Беларусі назіраецца прагрэс у сфэры правоў працоўных”, — з такой заявай учора ў Жэнэве на 98-й сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы выступіў віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Патупчык.


У сваім дакладзе ён сьцьвярджаў, што Беларусь, на якой цяжка адбілася глябальная рэцэсія, працуе над удасканаленьнем правоў працоўных. Паводле спадара Патупчыка, адміністрацыя прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі дасягнула “істотнага прагрэсу” ў пытаньні свабоды прафсаюзаў.

Ажыцьцяўленьне гэтых захадаў можа дазволіць краіне вярнуцца ў Генэральную сыстэму прэфэрэнцыяў ЭЗ, спасылаецца на словы прысутных на канфэрэнцыі эўрапейскіх дыпляматаў агенцтва Reuters.

Нагадаем, што ў 2007 годзе за парушэньні правоў прафсаюзаў Эўразьвяз прыпыніў для Беларусі рэжым гандлёвых прэфэрэнцыяў і такім чынам павысіў на 3% экспартнае мыта для беларускіх тавараў. Міжнародная арганізацыя працы (МАП) выпрацавала для беларускага ўраду шэраг рэкамэндацыяў, пры выкананьні якіх санкцыі з краіны могуць быць зьнятыя.

Чакаецца, што сёньня камітэт па нормах і стандартах МАП прыме рашэньне адносна выкананьня беларускім урадам гэтых рэкамэндацыяў і выключэньня краіны з адмысловага параграфу.

Як падаюць заходнія СМІ, далёка ня ўсе ўдзельнікі дыскусіі па беларускім пытаньні падзяляюць аптымізм высокага беларускага ўрадоўца.

Выданьні спасылаюцца на выказваньні запрошаных на сэсію МАП прадстаўнікоў незалежных беларускіх прафсаюзаў.

Паводле старшыні беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, “асноўныя рэкамэндацыі МАП усё яшчэ не выконваюцца. Нягледзячы на тое, што апошнім часам афіцыйны Менск прыкладае намаганьні для разьвіцьця дыялёгу з гэтай арганізацыяй, істотных зьменаў у сытуацыі не назіраецца”. Кіраўнік найбуйнейшага ў краіне незалежнага прафсаюзу перасьцярог дэлегатаў, каб тыя не прымалі “абвешчаных намераў за рэальныя зьдзяйсьненьні” і пачакалі ад Менску канкрэтных дзеяньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG