Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрымаў валюту? Прадай дзяржаве!


У Беларусі зьмяняецца парадак валютнага рэгуляваньня. Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які дазваляе Нацыянальнаму банку вызначаць для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў — рэзыдэнтаў Беларусі памер абавязковага продажу валюты на ўнутраным рынку.


Пакуль што нарматыў абавязковага продажу замежнай валюты на ўнутраным рынку Беларусі складае 30% ад сумы валютнай выручкі.

Сёньня ж начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў удакладніў, што новы ўказ прыняты дзеля “апэратыўнага рэгуляваньня сытуацыі”, а таксама паабяцаў, што “нарматыў продажу валюты будзе рэгулявацца ў бок зьмяншэньня”.

Карэспандэнты “Свабоды” ў рэгіёнах зьвярнулася да эканамістаў, прадпрымальнікаў, прамыслоўцаў. Якое іх меркаваньне пра новы дакумэнт у рэгуляваньні абавязковага продажу валюты?

МАГІЛЁЎ

“Прадпрымальнікі пакрыюць страты Нацбанку”

Так заяўляе старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі прадпрымальнікаў Тацяна Казлоўская, зь якой гутарыў сёньня журналіст Андрэй Белагубаў.

“Калі прадпрыемства прадавала банку, напрыклад, трыццаць гэтых працэнтаў, то курс быў значна меншы, чым калі б яно прадавала саму валюту. А астатнюю суму мы прадавалі па большым курсе. Цяпер гэтым указам прэзыдэнт разьвязаў рукі банку, каб банк мог усталяваць свае працэнтныя адносіны”, — лічыць Тацяна Казлоўская.

Указ прэзыдэнта тлумачыцца неабходнасьцю падтрымліваць гарантаваны аб’ём прапановы валюты і захоўваць золатавалютныя рэзэрвы. Нацыянальны банк ужо пасьпяшаўся запэўніць, што не зьбіраецца зьмяняць цяперашні парадак ва ўзаемаадносінах са сваімі кліентамі.
грашыма бізнэсоўцаў Нацыянальны банк будзе кампэнсаваць свае страты. ...

Бізнэсоўцы, аднак, ня надта вераць гэтым запэўніваньням і лічаць, што іхнімі грашыма Нацыянальны банк будзе кампэнсаваць свае страты. Гаворыць Тацяна Казлоўская:

“У нас палітыка скіравана на падтрымку стратных прадпрыемстваў. Аднак стратныя прадпрыемствы ня могуць прынесьці даход банку ў тым памеры, каб банк мог пакрыць выдаткі, зьвязаныя зь фінансаваньнем стратных прадпрыемстваў. Вось і зьяўляюцца нейкія магчымасьці, зьвязаныя з продажам валюты, курсамі банку й гэтак далей”.

Наступствы ўказу адчуюць на сабе найперш прыватныя прадпрыемствы — імпартэры. Так лічыць незалежны эканаміст Андрэй Юркоў:

“Імпартэрам стане горай тут працаваць. Які сэнс ім тут працаваць і не вывозіць адсюль свой капітал? Тут жа ўсё роўна яго забяруць, ці то на аграгарадкі якія загоняць. Ці дэвальвуюць. Вынік — болей сюды наагул ніхто свайго капіталу лішняга даваць ня будзе. Гэта будзе змушаць прадпрымальнікаў далей трымацца ад гэтай Беларусі й далей адсюль трымаць грошы”.

У Магілёве амаль 40 дзяржаўных прадпрыемстваў працуюць цяпер са стратамі. У Бабруйску — 24. Колькі сельгаспрадпрыемстваў працуюць рэнтабэльна, невядома.

ГОРАДНЯ


“Няправільна адбіраць валюту ў прыватных прадпрыемстваў”

На Гарадзеншчыне рэакцыю на новыя захады ў справе валютнага рэгуляваньня зьбіраў Міхал Карневіч.
зараз у абавязковым парадку прадаюць 30% валюты ...

На заводзе газавай апаратуры ў Наваградку пакуль яшчэ мала ведаюць пра новы ўказ прэзыдэнта, але загадчыца фінансавага аддзелу прадпрыемства спадарыня Ірына кажа, што і зараз яны ў абавязковым парадку прадаюць 30% валюты.

Спадарыня Ірына кажа, што памятае тыя часы, калі існавалі два курсы валюты, і яўна для прадпрыемства гэта было ня вельмі зручна.

Спадарыня Ірына: “Ну вядома, гэта будзе нам нязручна, калі абавяжуць прадаваць яшчэ валюту, прадпрыемства толькі страціць”.

Спадарыня Ірына кажа, што ў крызіс зьменшыліся паступленьні валюты на прадпрыемства, бо продаж прадукцыі зьнізіўся. Наагул, зь яе слоў, зручней, калі валютай прадпрыемства можа распараджацца само.

Спадарыня Ірына: “Было б нашмат зручней, каб прадпрыемства само шукала больш выгадны для сябе курс продажу валюты. Вось, да прыкладу, завод газавай апаратуры ў Берасьці, як сумеснае прадпрыемства, распараджаецца цалкам сам сваёй валютай і шукае выгадны для сябе курс продажу”.

Былы лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі лічыць, што дзяржава павінна вельмі ўважліва вызначыць, каму і колькі неабходна аддаваць валюты.

Валер Леванеўскі
“Зноў-такі павінны быць праведзены разьмежаваньні. Калі гэта прадпрыемства дзяржаўнае і прадае тавар на валютны рынак, то яно і павінна ў дзяржбюджэт прыносіць болей валюты, каб падтрымліваць эканоміку дзяржавы. А калі гэта прыватнае прадпрыемства зь невялікім абаротам, то, зразумела, няправільна адбіраць у яго апошнія грошы, бо яно, як правіла, ад дзяржавы не бярэ крэдытных рэсурсаў”.

ГОМЕЛЬ

“Валютная абавязалаўка” закране і звычайных грамадзянаў

Вяртаньне да прымусовай здачы валюты дзяржаве нэгатыўна адаб’ецца на фінансавым становішчы прадпрыемстваў.

Распавядае адзін са спэцыялістаў аб’яднаньня “Гомсельмаш”:

“Гэта палачка-выручалачка, бо трэба ж напаўняць беларускі скарб валютай. Любое прадпрыемства ў гэтым выпадку будзе страчваць. Адна справа — па камэрцыйным курсе мяняць валюту на беларускія рублі, іншая — па фіксаваным, калі скажуць: будзеш прадаваць па такім вось кошце. Канечне, прадпрыемствы будуць страчваць, асабліва тыя, што маюць экспартны кірунак.

Напрыклад, для “Беларуськалію” ці беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў гэтыя страты будуць істотнымі”.

Само аб’яднаньне “Гомсельмаш” прадае ў далёкае замежжа няшмат сваёй тэхнікі. Іншая рэч — у Расею, дзе беларускія прадпрыемствы маюць свае рахункі ў банках.

Ці трэба будзе прадаваць дзяржаве расейскія рублі, сяльмашаўцы пакуль ня ведаюць:

“Невядома, як будзе тычыцца гэтая навіна расейскіх рублёў. “Гомсельмаш” — ён так робіць. У Расею прадае і ў Расеі ж купляе мэтал, гідраўліку праз трэція рукі, шмат што з электратэхнічных вырабаў. З Расеяй ідзе гандаль крыху ня так, як з далёкім замежжам”.

Што да індывідуальных прадпрымальнікаў, якія абавязаны таксама прадаваць валюту, то большасьць зь іх у гомельскім рэгіёне ня мае выхаду на замежныя рынкі і з валютай не працуе. Гэтым займаюцца, як правіла, гуртовыя фірмы. “Валютная абавязалаўка”, на думку рэчыцкага лідэра руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Алега Шабетніка, падштурхне рост цэнаў:
“Валютная абавязалаўка” падштурхне рост цэнаў ...

“Вядома, гэта будуць вялікія страты. І гэта закране пакупнікоў, простых грамадзян Беларусі. На мой погляд, па-любому падымуцца цэны. Страты прадпрымальнікам трэба будзе кампэнсаваць. Я ня памятаю ніводнага ўказу ці дэкрэту, каб была ад яго прадпрымальнікам палёгка. З кожным годам усё горш і горш”.

“Цяперашняя ўлада будзе ўзмацняць адміністрацыйныя захады”

Эканаміст і сябра Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Леў Марголін лічыць, што ва ўмовах фінансавага крызісу цяперашняя ўлада будзе павялічваць колькасьць адміністрацыйных захадаў. Экспэрт нагадвае, што да сёньня прадпрыемствы абавязаныя былі прадаваць толькі 30 працэнтаў ад сумы валютнай выручкі.

“Калі Нацбанк будзе павялічваць норму абавязковага продажу валютнай выручкі, то вядома, што для прадпрыемстваў гэта будзе вельмі дрэнна. Бо, напрыклад, сёньня прадпрыемства атрымала валютную выручку і прадало яе па сёньняшнім курсе. А калі праз два ці тры дні гэтаму ж прадпрыемству спатрэбілася валюта для аплаты сыравіны ці прадукцыі з-за мяжы, то для гэтага трэба набываць. Але на той час можа быць іншы курс”, — кажа Леў Марголін і нагадвае, што якраз такая практыка існавала ў Беларусі напрыканцы 1990-х гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG