Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: сталыпінскі гальштук


Існуе меркаваньне: сьлед у гісторыі вымяраецца лічбай загубленых жыцьцяў. Чым больш зьнішчыў, тым мацней упісаў сваё імя ў падручнікі. Сапраўды: Берыю ведаюць лепей за Цанаву, а Франка дробны злодзей побач з Гітлерам.

Чужыя героі


Радзіму маю мучаюць па-ранейшаму чужынскія сны, чужыя героі не даюць спакою. Пераважна героі-мучыцелі. Мучаецца чыноўнік: чаму ў нас, у былым каралеўскім горадзе, іхнае ЧК прысутнічае — Урыцкі, Сьвярдлоў, Дзяржынскі, з НКВД зусім слабавата, а апрычніна славутая пакуль увогуле ніяк не замацаваная? І хочацца чыноўніку ўсіх зьдзівіць… Вачам не паверыш: на парадку дня мэмарыяльная шыльда — каму б вы думалі? Аўтару сталыпінскага гальштука!

Неадкладна заманулася начальству ўвекавечыць гарадзенцам на пацеху царскага прэм’ера і міністра ўнутраных справаў Сталыпіна. Маўляў, няма чаго бухцець: пры ім павесілі, зрабіўшы славутыя “сталыпінскія гальштукі”, не тры тысячы чалавек, як паўсюль пішуць, а толькі шэсьцьсот. Адчуйце розьніцу! Усяго шэсьцьсот — згодна з афіцыйнымі зьвесткамі!

Пры чым жа тут Горадня? Аказваецца, ён тут губэрнатарам быў. Ну й што? Ці мала было губэрнатараў царскіх? Ці ўсім дошкі вешаць? Сьценаў ня хопіць. Галоўнае — за што? За тое, што беларусаў, каб разрадзіць абстаноўку, каб запабегчы бунтам, выселіў ажно ў Хабараўскі край, зноў жа “сталыпінскімі вагонамі”? Зразумела, што ўсе яны сталі нам расейцамі.

За “дружбу народаў”?


Дарэчы, Сталыпін і году ў Горадні не пакіраваў, абсалютна выпадковы для гораду чалавек. Шчырыя аматары любяць сёньня паўтараць сталыпінскую цытату: “Ім патрэбныя вялікія патрасеньні, нам патрэбная вялікая Расея”. Так-так, ён любіў паўтараць: “Я — перакананы манархіст”, прыхільнік “расейскіх нацыянальных пачаткаў”. І чаму начальству гэтак заманулася сёньня чалавеку гэтаму шыльду прыбіць на гарадзенскую камяніцу?

Дзеля справядлівасьці: Сталыпін разумеў, што царская імпэрыя ў выглядзе выкапня захавацца ня зможа, ён нават плянаваў стварыць міністэрства нацыянальнасьцяў, гаварыў пра патрэбу поўнага раўнапраўя, незалежна ад таго, хто ты і куды ходзіш маліцца. Словам, ён быў такі ж манархіст, як астатняе царскае чынавенства, але з больш сучаснымі поглядамі. Дык хіба за гэта ён заслужыў у нас нейкі бонус?

Мураўёўскі гальштук?


Дарэчы, самі рускія крыху прыніжаюць аўтарства Сталыпіна. Яны перш успамінаюць пра “мураўёўскі гальштук” — “шыбенічную пятлю”, названую паводле імя генэрала Мураўёва, вядомага як “вешальнік”. Побач — наконт сталыпінскага — нядбайна пазначаецца — “тое ж самае”.

Словам, Сталыпін усяго толькі добры вучань Мураўёва, таксама гарадзенскага губэрнатара. Мураўёўская вуліца была ў царскай Горадні самай вялікай, сучаснай. Мабыць, гэта “непаразуменьне”, што старую назву пакуль не вярнулі: цяпер гэта вуліца пісьменьніцы Элізы Ажэшкі.

Дошкі бываюць розныя. Сталыпіну? Раз-два і гатова! Так і будзе напэўна. Бо хочуць да ўгодкаў царскай губэрні зрабіць, мала часу засталося. Дошка Кастусю Каліноўскаму? Гэта таму, паплечнікаў якога Мураўёў вешаў? Надта ж падазроная асоба! Самога Каліноўскага таксама павесілі, праўда? А дыму без агню не бывае! Але ж вось вашае рашэньне, айцы гораду: мэмарыяльная шыльда нацыянальнаму герою Беларусі на сьцяне дома, дзе ён спыняўся. За 1995 год рашэньне…

Столькі вады Нёманам сплыло ў Балтыйскае мора, а шыльды ніякай няма! Але на парадку дня гучнае сьвяткаваньне губэрнскіх угодкаў, знак адмысловы рыхтуюць, каб узнагародзіць найлепшых людзей. Толькі вось чаго — ужо губэрні ці пакуль яшчэ вобласьці?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG