Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакей: беларусы пасьлізнуліся на чэмпіёнах сьвету


Хакейная зборная Беларусі спыніла дагэтуль упэўненае шэсьце на чэмпіянаце сьвету ў Швэйцарыі. У ¼ фіналу беларусы ва ўпартым паядынку саступілі дзейным чэмпіёнам сьвету, расейцам, зь лікам 3:4.

Такім чынам, у выніковым сьпісе беларусы зоймуць як мінімум восьмае месца.

Насуперак прагнозам — маўляў, супэрнікі будуць насьмерць біцца ад першых хвілінаў сустрэчы — гульня атрымалася нашмат спакайнейшай, чым нават у групавой стадыі. Агульны тэмп быў непараўнальны з тымі жарсьцямі, якія кіпелі падчас матчаў з фінамі, славакамі, нарвэжцамі і нават вугорцамі. Зрэшты, такую акуратнасьць можна зразумець — залішнія эмоцыі маглі саслужыць кепскую службу, тады як на кон быў пастаўлены далейшы ўдзел у чэмпіянаце сьвету.

Пры відавочнай перавазе ў колькасьці кідкоў па варотах Андрэя Мезіна, у першым пэрыядзе зборная Беларусі магла выйсьці наперад. Аднак у выніку рэдкай атакі шайба трапіла ў штангу расейскай каманды. У астатніх выпадках ужо традыцыйна геройстваваў згаданы Мезін — безумоўна, адзін з найлепшых брамнікаў сёлетняга чэмпіянату. У гэтым сэнсе, і экспэрты, і аматары хакею салідарныя ў адным: каб ня Мезін, наўрад ці беларусы трапілі ў ¼ фіналу.

Зборная Беларусі можа ўвайсьці ў гісторыю хакею за самы хуткі гол.
Другі пэрыяд аказаўся фэерычным. Спачатку выдаленьнем расейскага гульца скарыстаўся Канстанцін Кальцоў — 1:0. Празь некалькі хвілінаў супэрнікі раўнавагу аднавілі. Быў момант, калі беларусы засталіся ўтрох і расейцы цягам амаль двух хвілінаў літаральна расстрэльвалі Мезіна. Той выстаяў. За 5 хвілінаў да заканчэньня пэрыяду адзначыўся Алег Антоненка — майстар у выкананьні булітаў. Аднак лік 2:1 трымаўся нядоўга: цягам 5 сэкундаў каманда Вячаслава Быкава ня толькі лік зраўняла, але і выйшла наперад. І толькі за паўхвіліны да заканчэньня другога пэрыяду Руслан Салей зноў вярнуў матчу ранейшую інтрыгу. Усяго ў другім тайме было закінута 6 шайбаў.

У заключнай траціне матчу гледачы пабачылі толькі адну шайбу і, да расчараваньня беларускіх заўзятараў, яна аказалася ў варотах беларускай зборнай. Беларусы прапусьцілі контраатаку на сваю палову поля, чым скарыстаўся Ільля Кавальчук. Магчымасць аднавіць вынік за некалькі сэкундаў да канца матчу меў Міхаіл Грабоўскі, аднак гэтым разам не падфарціла. Агульны лік — 4:3 на карысьць зборнай Расеі, якая гуляла супраць беларусаў у ранзе чэмпіёнаў сьвету.

Галоўны трэнэр хакейнай каманды “Мэталюрг” са Жлобіну Яўген Лебедзеў лічыць, што ў пэрспэктыве каманда Беларусі можа разьлічваць і на большы посьпех — аднак дзеля гэтага трэба мэтанакіравана рыхтаваць лідэраў. Цяперашніх на ўвесь маратон папросту не хапае:

Яўген Лебедзеў
“Згадайце, што падчас леташняга чэмпіянату сьвету і з Чэхіяй, і з Расеяй нашы прайгралі толькі па сэрыі булітаў, у авэртайме. То бок, мне здаецца, што вялікая група хакеістаў у зборнай Беларусі псыхалягічна ўстойлівая і можа спакойна даваць бой любому супэрніку. Плюс да ўсяго — надзейная гульня Андрэя Мезіна. Урэшце так і атрымалася. Але надалей трэба расьціць, гадаваць лідэраў. Цяпер іх у камандзе мала. Адзін-два для каманды зусім недастаткова, трэба каб было хоць бы чатыры-пяць”.

Як адзначаюць спэцыялісты, Беларусь на сёлетнім першынстве пакінула добрае ўражаньне. Магчыма, хакеістам яшчэ бракуе гульнявога майстэрства, аднак выхаванцы Глена Хэнлана на ўсе сто скарысталіся тактычнай задумай канадзкага трэнэра — згуляць на ўтрыманьне патрэбнага ліку і давесьці справу ў сэрыі булітаў.

Нагадаю, што пасьля няўдалага старту з камандай Канады (параза зь лікам 1:6) беларусы пасьлядоўна перамаглі ў сваёй групе зборныя Славаччыны, Вугоршчыны, а ў наступным раўндзе — Нарвэгію і Фінляндыю. Лёс сустрэчаў з камандамі Славаччыны і Фінляндыі вырашыўся ў сэрыі хакейных пэнальці. Перадусім дзякуючы разважлівасьці і “халоднай галаве” Алега Антоненкі, які закінуў вырашальныя шайбы. Дадатковы час спатрэбіўся і ў сустрэчы з Нарвэгіяй, аднак ужо напачатку чацьвёртага пэрыяду хутка паставіў кропку Руслан Салей. Апроч паразы ад Канады, таксама была прайграная гульня з Чэхіяй, якая, па вялікім рахунку, значэньня для Беларусі ўжо ня мела.

Па выніках сёлетняга чэмпіянату сьвету зборная Беларусі можа ўвайсьці ў гісторыю хакею за самы хуткі гол за ўвесь час правядзеньня чэмпіянатаў: у матчы з Фінляндыяй Сяргей Дзямагін закінуў шайбу ўжо на 5 сэкундзе сустрэчы.

Адзначым, што з трыбуны хакейнай арэны у Бэрне за сустрэчаў зборных Беларусі і Расеі назіраў старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі Ўладзімер Навумаў. Супраць ягонай паездкі ў Швайцарыю пратэставалі беларускія і міжнародныя праваабаронцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG