Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З чым едзе Карэл Шварцэнбэрг


Карэл Шварцэнбэрг
Карэл Шварцэнбэрг

Сёньня ў Менск з двухдзённым візытам прыбывае дэлегацыя чэскага прадстаўніцтва ў Эўразьвязе на чале зь міністрам замежных спраў Чэхіі Карлам Шварцэнбэргам.


Сёньня Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла, што Карэл Шварцэнбэрг правядзе шэраг сустрэчаў з афіцыйнымі службовымі асобамі Беларусі.

Андрэй Папоў
Аднак пакуль дакладна вядома толькі пра адну такую сустрэчу — зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Паводле МЗС, “асноўнай тэмай перамоваў стане цяперашні стан і пэрспэктывы супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўразьвязам”. Таксама плянуецца абмеркаваньне шэрагу актуальных пытаньняў беларуска-чэскіх стасункаў. На пытаньне, ці адбудзецца сустрэча з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў сказаў:

“Тое, што напісана ў нас на афіцыйным сайце, — гэта ўсё, што я магу паведаміць зараз”.

Паводле прадстаўніка чэскай амбасады, сёньня ў Карла Шварцэнбэрга, які прыбывае вечарам у Менск, не заплянавана ніякіх сустрэчаў. Падрабязнасьці наконт праграмы візыту таксама пакуль што не падаюцца. Чакаецца, што Карэл Шварцэнбэрг правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле дыплямата, пакуль няма афіцыйнага пацьверджаньня гэтай сустрэчы. Але яна, хутчэй за ўсё, адбудзецца. Ці будзе перададзена запрашэньне кіраўніку краіны для ўдзелу ў саміце ў Празе, пакуль невядома.

Згодна з чэскай амбасадай, цягам візыту будуць абмяркоўвацца пытаньні супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, у тым ліку ўдзел Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства”. Паколькі гэта першы візыт у Беларусь кіраўніка чэскага зьнешнепалітычнага ведамства, будуць таксама абмяркоўвацца некаторыя аспэкты двухбаковых дачыненьняў.

Другі дзень візыту спадар Шварцэнбэрг плянуе пачаць з сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі. Вядома, што ў ёй будуць браць удзел Аляксандар Казулін, Аляксандар Мілінкевіч, Павал Севярынец і іншыя асобы.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька зьвярнуў увагу, што падрыхтоўка да візыту спадара Шварцэнбэрга адбывалася ў стылі “а-ля Саляна”. Вельмі мала інфармацыі падавалася пра мэты і фармат гэтага візыту. Як і ў выпадку зь візытам Саляны, заплянавана сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, а ня з партыямі з АДС. Паводле спадара Лябедзькі, пазыцыю АДС будзе прадстаўляць Аляксандар Казулін:

Анатоль Лябедзька
“Мы супраць таго, каб дыялёг адбываўся без пасярэднікаў, без парадку дня і без умоваў — гэта азначае, без абмеркаваньня пытаньняў дэмакратыі і правоў чалавека. Запрашэньне і прыезд Лукашэнкі — гэта ёсьць палітычная капітуляцыя Эўропы перад Беларусьсю. Што рабіць? У нас ёсьць дарожная мапа”.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, які возьме ўдзел у сустрэчы з Карлам Шварцэнбэргам, пытаньне, паедзе ці не А.Лукашэнка на саміт у Прагу, — другараднае. Ён лічыць, што ўдзел Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве” — гэта “жыцьцёвы шанец для краіны і паступовая эўраінтэграцыя пры захаваньні добрасуседзкіх стасункаў з Расеяй”.

“Для мяне асноўнае — наколькі шырока мы будзем супрацоўнічаць. Гэта найперш будзе залежаць ад посьпехаў у дэмакратызацыі і лібэралізацыі. Пакуль яны малыя і няпэўныя, нестабільныя. Ёсьць крокі назад. Гэта мяне больш турбуе. А хто паедзе? Я думаю, што паедзе нехта зь міністраў: можа — прэм’ер, можа — міністар замежных спраў”.

* * *
Раней Карэл Шварцэнбэрг адзначыў, што кіраўнікі МЗС краінаў Эўразьвязу абмеркавалі паміж сабой удзел Беларусі ў рамках новай праграмы, афіцыйны старт якой будзе абвешчаны на травеньскім саміце ў Празе. Пакуль, праўда, застаецца няясным, ці будзе запрошаны на гэтую сустрэчу кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

У сакавіку міністар замежных спраў Чэхіі заяўляў, што ў выпадку прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі Беларусь “сутыкнецца зь вельмі сур'ёзнымі праблемамі” ў сувязі з магчымым удзелам у праграме “Ўсходняе партнэрства”, бо апынецца “па-за эўрапейскім кантэкстам”. Яшчэ раней, выказваючыся пра пэрспэктывы супрацоўніцтва Эўразьвязу зь Беларусьсю, Карэл Шварцэнбэрг казаў пра пажаданасьць усталяваньня шчыльнейшых стасункаў зь Беларусьсю.

На працягу апошніх месяцаў у Беларусі ўжо пабываў шэраг іншых высокіх службовых асобаў Эўразьвязу, у прыватнасьці — вярхоўны прадстаўнік у пытаньнях замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўразьвязу, генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG