Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шварцэнбэрг едзе ў Беларусь


У чацьвер у Беларусь прылятае Карэл Шварцэнбэрг – міністар замежных справаў Чэхіі – краіны, якая старшынюе цяпер у Эўразьвязе. У ходзе візыту Шварцэнбэрга ў Менск будзе абмяркоўвацца ўдзел Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства”.

Раней Карэл Шварцэнбэрг паінфармаваў, што кіраўнікі МЗС краінаў Эўразьвязу абмеркавалі паміж сабой удзел Беларусі ў рамках новай праграмы, афіцыйны старт якой будзе абвешчаны на травеньскім саміце ў Празе. Пакуль, праўда, застаецца няясным, ці будзе запрошаны на гэтую сустрэчу кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

У сакавіку міністар замежных справаў Чэхіі заяўляў, што ў выпадку прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі Беларусь “сутыкнецца зь вельмі сур'ёзнымі праблемамі” ў сувязі з магчымым удзелам у праграме “Ўсходняе партнэрства”, бо апынецца “па-за эўрапейскім кантэкстам”. Яшчэ раней, выказваючыся пра пэрспэктывы супрацоўніцтва Эўразьвязу зь Беларусьсю, Карэл Шварцэнбэрг гаварыў пра пажаданасьць усталяваньня шчыльнейшых стасункаў зь Беларусьсю. На думку Шварцэнбэрга, Эўразьвяз павінен прапанаваць Беларусі “эўрапейскую альтэрнатыву, але гэта патрабуе, каб Беларусь зьмяніла свае паводзіны ў дачыненьні да ўласных грамадзянаў”.

На працягу апошніх месяцаў у Беларусі ўжо пабываў шэраг іншых высокіх службовых асобаў Эўразьвязу, у прыватнасьці вярхоўны прадстаўнік у пытаньнях замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўразьвязу, генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна, старшыня палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Ёран Ліндбланд і дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні.

На мінулым тыдні дырэктар упраўленьня Ўсходняй Эўропы, Паўднёвага Каўказу і Цэнтральнай Азіі генэральнага дырэктарату ў пытаньнях замежных сувязяў Эўракамісіі Гунар Віганд, знаходзячыся ў Менску зь візытам, заявіў, што поўная нармалізацыя адносінаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю магчымая “толькі калі Беларусь зробіць далейшыя крокі ў пяці асноўных сфэрах, вызначаных міністрамі замежных справаў краін Эўразьвязу”. Гэта – рэформа выбарчага заканадаўства, свабода аб'яднаньняў, стварэньне ўмоваў для дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, свабода прэсы і зьняцьце абмежаваньняў для свабоды асобы.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG