Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны сход зноў зоймецца амністыяй


Сёньня дэпутаты Нацыянальнага сходу пачынаюць разгляд законапраекту аб амністыі, прымеркаванай да 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

Ініцыятарам амністыі стаў Аляксандр Лукашэнка. Як паведаміла прэсавая служба кіраўніка дзяржавы, законапраект аб амністыі ўнесены у Нацыянальны сход сёлета ў студзені.

Прыняцьце закону аб амністыі дазволіць вызваліць амаль 2,5 тысячы вязьняў турмаў і прыклада 1,8 тысячы асуджаных, якіх утрымліваюць ў месцах абмежаваньня волі – на гэтак званай “хіміі” ды пад хатнім арыштам. Яшчэ некалькі тысяч асуджаных атрымаюць скарачэньне тэрмінаў і змогуць раней выйсьці на волю, паведамляюць ў міліцыі.

Нагадаю, летась ужо была амністыя, якая тычылася асуджаных паводле артыкулаў аб эканамічных злачынствах. Тады вышлі на волю вязьні, якія здолелі кампэнсаваць страты. Вызваліўся, але па асабістаму указу Лукашэнкі, і былы міліцыянт Сяргей Парсюкевіч. Былы палітвязень вітае гэты законапраект, паколькі мяркуе, што без рэгулярных амністый турэмная сыстэма Беларусі проста ня вытрымае нагрузкі.

“З большага гэта добрая справа. У тым ліку і таму, што там рэальна ёсьць людзі невінаватыя. Пытаньне, куды гэтыя людзі пададуцца, калі выйдуць? Працы ж няма. Ва ўсялякім разе вось мае знаёмыя выходзяць, а добра працаўладкавацца – праблема. Альбо ёсьць такая праца, на якую пражыць фактычна немагчыма”.

У міністэрстве ўнутраных спраў зазначаюць: працаўладкоўваць былых вязьняў – справа іншых структураў, тут патрэбна міжведамасная праграма. Кажа супрацоўнік МУС Алег Сьлепчанка.

“Як я разумею, гэта толькі ўскосна нас тычыцца. Каб потым меней было рэцыдыву. А што да сацыяльнай адаптацыі, мусіць быць дзяржаўная праграма, гэта ўсё ў адміністрацыі прэзыдэнта распрацоўваецца”.

Паводле дадзеных Вярхоўнага суду, у месцах зьняволеньня Беларусі зараз утрымліваюць 37 тысяч чалавек. Зь іх толькі 17 тысяч патрапілі за краты ўпершыню, а астатнія 20 тысяч – другі, трэці і больш разоў. Незалежныя дасьледчыкі кажуць пра тое, што захады дзяржавы па дапамозе людзям, якія выйшлі на волю, недастаткова фінансуюцца. У выніку да 40 % тых, хто аднойчы быў у турме, зноў трапляюць на лаву пасудных, і гэты працэнт яшчэ большы сярод тых, хто апынаўся за кратамі два і болей разоў. Таксама адмыслоўцы адзначаюць рост рэцыдыву сярод непаўналетніх злачынцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG