Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь трымаюць у візавай “рэзэрвацыі”


Урад Харватыі скасаваў візы для грамадзянаў Украіны і Расеі на ўвесь сэзон адпачынкаў — ад 1 траўня да 30 кастрычніка.

СЛУХАЦЬ:


Рашэньне прынятае з мэтай павелічэньня прыбыткаў ад турыстычнай галіны — для 5-мільённай Харватыі гэта адзін з найважнейшых артыкулаў бюджэту. Унікальная прырода Адрыятыкі прыцягвае блізу 10 мільёнаў турыстаў штогод, хоць многія сыходзяцца ў меркаваньні, што кошты на адпачынак тут завышаныя. Чаму ў пералік ня трапілі беларусы, якія вымушаныя плаціць за кожную візу ў сярэднім 50 эўра?

Летась турыстычная галіна прынесла ў бюджэт Харватыі 7,5 мільярда эўра. Каб захаваць станоўчыя тэндэнцыі падчас сусьветнага фінансавага крызісу, Кабінэт міністраў скасаваў візавыя фармальнасьці для дзяржаваў, грамадзяне якіх падчас адпачынку пакідаюць у Харватыі немалыя грошы. Ад пачатку траўня і да канца кастрычніка рэжым вольнага ўезду ўводзіцца для расейцаў і ўкраінцаў. Па выніках 2008 году колькасьць турыстаў з Украіны перавысіла 30 тысяч, з Расеі — 175 тысяч. Дзеля захаваньня прывабнасьці кірунку зноў дазволяць прызямляцца ў аэрапортах самалётам расейскай вытворчасьці, на якія ў Эўропе накладзены мараторый з-за экалягічнай і шумавой неадпаведнасьці міжнародным нормам.

Чаму ў сьпісе краінаў, якія атрымалі ад харвацкага ўраду візавую палёгку, няма Беларусі? Як лічаць спэцыялісты турыстычнай кампаніі “Ваяжтур”, пры цяперашнім патоку беларускіх турыстаў паклапаціцца пра іх інтарэсы папросту няма каму:

“Беларусаў у гэтым сьпісе няма і ніякай палёгкі ў гэтым годзе не прадбачыцца. Справа ў тым, што несувымерная колькасьць турыстаў, якія туды ўяжджаюць. Прыкладам, плынь тых жа расейцаў і ўкраінцаў у дзясяткі разоў большая, чым беларусаў. Адпаведна, яны і лабіруюць сытуацыю ў інтарэсах свайго турыстычнага бізнэсу. У нас абсалютна ня тыя аб’ёмы. Самалёт лятае раз на два тыдні. Гэта 150 месцаў, калі палічыць разам з індывідуаламі; усяго 7 самалётаў — каля тысячы беларусаў афіцыйна ляцяць. Хтосьці, магчыма, едзе на машыне. Ад сілы арыенціровачна 2 тысячы”.

Адна з праблемаў на шляху актывізацыі харвацкага кірунку — адсутнасьць консульства Харватыі ў Беларусі. Усе візавыя справы вырашаюцца праз адпаведныя падразьдзяленьні ў Маскве ці Варшаве. А гэта ня толькі лішні час, але і дадатковыя сродкі. Як паведамілі ў консульскім аддзеле амбасады Рэспублікі Харватыя ў Маскве, у зьвязку з новымі правіламі супрацоўнікі аддзелу яшчэ самі слаба ўяўляюць, як будзе будавацца іхная праца:

“У нас яшчэ няма новай афіцыйнай інфармацыі. Консул, на жаль, заняты з кліентамі, але ён таксама сказаў: мы пакуль яшчэ ня маем ніякіх новых інструкцый з Заграбу. Але можаце затэлефанаваць пасьля сьвятаў — у панядзелак мы не працуем — тады напэўна будзем штосьці ведаць”.

Карэспандэнт: “Але ж беларусы будуць у вас працягваць абслугоўвацца?”

“Таксама нічога сьцьвярджаць не магу да атрыманьня новых афіцыйных распараджэньняў”.

Як паведамілі ў кампаніі “Ваяжтур”, на гэты сэзон кошт харвацкіх візаў яшчэ не вядомы. Летась з улікам дастаўкі дакумэнтаў цана набліжалася да 60 эўра:

“Кошт консульскага збору на дадзены момант яшчэ канчаткова ня вызначаны. Мяркую, што ён можа быць ад 35 эўра — афармляецца нацыянальная віза, Харватыя яшчэ не ўступіла ў Шэнген. Пад канец мінулага сэзону было 55 эўра. Але тут улічвайце, што гэта ня чыста консульскі збор, але ў тым ліку і паслугі па дастаўцы дакумэнтаў у амбасаду”.

Зрэшты, візавая дыскрымінацыя беларусаў захоўваецца практычна па ўсіх напрамках. У той час як расейцы ці ўкраінцы плацяць візавыя зборы ў памеры 35 эўра, зь беларусаў бяруць амаль удвая больш — 60 эўра. Сёлета Ізраіль і Расея перайшлі на бязьвізавы рэжым зносінаў, а беларускі бок на падобную ініцыятыву Тэль-Авіву чамусьці не адгукнуўся.

Пры шэрагу нюансаў бязьвізавымі для Беларусі зьяўляюцца краіны СНД, за выключэньнем Туркмэністану, а таксама Куба, Вэнэсуэла, Пэру, Ямайка, Македонія, Сэрбія, КНДР, Манголія, Малайзія і Кітай у выпадку групавых турпаездак. Бясплатная эгіпецкая віза ставіцца па прылёце ў аэрапорце. На такую ж схему, паводле інфармацыі турагенцтваў, ад 1 чэрвеня гатовы пайсьці Тайлянд. А вось Чарнагорыя ад кастрычніка пераходзіць зь Беларусьсю на візавы рэжым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG