Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times пра візавыя складанасьці для беларусаў


Маладая дасьледчыца зь Беларусі, доктар біялягічных навук Алена Шкуматава працуе ў Масачусэцкім цэнтры тэхналёгій (Massachusetts Institute of Technology, MIT) у ЗША.


У ім малады навуковец мае сваю так званую “fish lab” (рыбную лябараторыю). Вывучаючы мікра-РНК маленькіх акварыюмных рыбак, беларуска імкнецца разгадаць адну з самых складаных загадак біялёгіі – кадаваньне генаў. Рашэньне гэтай праблемы магло б дапамагчы ў барацьбе з шмат якімі захворваньнямі, сярод якіх – рак, шызафрэнія, хвароба Паркінсана. Аднак, мяркуе Алена Шкуматава, пэрспэктыўныя дасьледаваньні, прынамсі ў ЗША, ёй хутчэй за ўсё давядзецца спыніць. Галоўным чынам з-за таго нэгатыўнага досьведу, які яна атрымала летась, зьвярнуўшыся ў амбасаду ЗША ў Маскве, каб працягнуць амэрыканскую візу.

Як піша New York Times, меркаваная кароткатэрміновая паездка з ЗША дадому ў Беларусь ператварылася для Алены Шкуматавай “у трохмесячны жах”. Алена кажа, што, маючы справу з супрацоўнікамі амэрыканскай амбасады, мусіла перажыць нямала прыкрасьцяў.

Нагадаем, што на момант атрыманьня Аленай амэрыканскай візы консульства ЗША ў Беларусі ў выніку абвастрэньня дыпляматычных дачыненьняў зь Менскам прыпыніла сваю дзейнасьць. Па візы беларусы сталі езьдзіць у суседнія дзяржавы.

Алена лічыць, што тыя тры месяцы “каштавалі ёй шмат нэрваў”.

“Напрыклад, -- працягвае яна, -- калі вы пішаце запыты ў амбасаду праз электронную пошту, то часта не атрымліваеце аніякага адказу. Калі ў амбасадзе ў Маскве згубілі мой пашпарт, то цягам дзевяці дзён я ўвогуле мусіла жыць без дакумэнтаў”.

У выніку масачусэцкая “fish lab” прастойвала тры месяцы. А вучонай, каб апярэдзіць канкурэнтаў, як мага хутчэй трэба было апублікаваць вынікі апошніх дасьледаваньняў.

Калі Алена Шкуматава вярнулася ў ЗША, яна даведалася ад сваіх калегаў з Індыі і Пэру, што тыя таксама мелі падобныя праблемы.

Як піша New York Times, гісторыя доктара біялёгіі Алены Шкуматавай зь Беларусі -- адна з сотняў тысяч. Такое спрэс здараецца са студэнтамі і маладымі навукоўцамі, якім патрэбная амэрыканская віза. Тыя, хто працуе ва ўнівэрсытэтах і навуковых установах ЗША, добра ведаюць, як вырасла за апошні год колькасьць скаргаў на амэрыканскіх чыноўнікаў у выніку затрымак зь візамі.

У размове з аўтарам артыкула прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША на ўмовах ананімнасьці распавёў, што двух-трохмесячная затрымка ў выдачы амэрыканскай візы -- дастаткова тыповая з'ява, і яе можна патлумачыць “кадравым дэфіцытам”.

Як лічыць кіраўнік праграмаў з Амэрыканскай асацыяцыі спрыяньня навуцы Альбэрт Тэйч (Albert H. Teich), цяперашняе становішча ня вельмі спрыяльнае для амэрыканскіх унівэрсытэтаў, якія разьлічваюць на замежны інтэлект. На паседжаньні Нацыянальнай акадэміі навук ды іншых навуковых арганізацый ЗША Тэйч заявіў, што з гэтай сытуацыяй трэба абавязкова азнаёміць цяперашнюю адміністрацыю ЗША.

Паводле выданьня, аб’ектыўна цяжка прывесьці нейкія аргумэнты супраць праверкі замежнікаў, якія прыяжджаюць у ЗША на працяглы час з навукова-дасьледчымі мэтамі. Як лічаць некаторыя экспэрты, найбольшаму кантролю ў мэтах бясьпекі маюць падлягаць грамадзяне Кітаю, Індыі, Пакістану і краін Блізкага Ўсходу.

Тым часам прадстаўнікі міжнароднага студэнцкага бюро Масачусэцкага тэхналягічнага цэнтру адзначаюць, што апошнім часам маладыя людзі проста ня ў стане прыехаць у кампус з дому своечасова. Праблемы ўзьнікаюць, калі яны з прычыны тых ці іншых сямейных абставінаў часова пакідаюць ЗША. Каб вярнуцца назад на вучобу, ім патрэбны доўгі час на адкрыцьцё чарговай візы.

Візавыя патрабаваньні вар’іруюцца ў залежнасьці ад краіны, а таму, паводле супрацоўнікаў міжнароднага студэнцкага бюро Масачусэцкага цэнтру, для некаторых яго студэнтаў ды асьпірантаў працэдура атрыманьня візавага дазволу займае непрадказальна доўгі час, піша New York Times.

Паводле доктара біялёгіі Алены Шкуматавай, для беларусаў усё ускладняецца яшчэ і таму, што ў амэрыканскім консульстве ў Менску колькасьць супрацоўнікаў абмежаваная.

Як кажа Алена, яе цяперашняя амэрыканская віза заканчваецца ў сьнежні наступнага году. Каб далей працаваць у ЗША, давядзецца ізноў праходзіць малапрыемную працэдуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG