Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Гомельскую вобласьць абвінаваціў Расею ў тым, што яна не выконвае дамоўленасьцяў і не здымае абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі. Ён заявіў, што “трэба перастаць поўзаць на каленях па расейскіх кабінэтах”, і калі расейцы не пускаюць на свае рынкі, трэба шукаць іншыя вэктары экспарту. Маўляў, у Расеі “больш несумленнага стаўленьня да нас”. Калі Беларусь не выбірае газ, ёй прад’яўляюць штрафныя санкцыі. Дамовіліся пра цану на газ у 150 даляраў за тысячу кубамэтраў, а прыяжджаюць і кажуць, што трэба плаціць больш.

СЛУХАЦЬ:


Паводле Лукашэнкі, калі б у Расеі скасавалі абмежаваньні, якія перашкаджаюць доступу беларускіх тавараў на расейскі рынак, то “нам было б лягчэй напалову”. Аднак за гэта расейскі бок прапануе Беларусі падзяліцца сваёй уласнасьцю. Кіраўнік краіны заявіў, што “ніхто ў цяперашніх умовах нічога прадаваць ня будзе. Трэба паціху дывэрсыфікаваць экспарт і выходзіць на іншыя рынкі”. З чым жа зьвязаныя такія абвінавачаньні з боку кіраўніка краіны на адрас яе хаўрусьніка?

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук патлумачыў:

Яраслаў Раманчук
“З тым, што не далі крэдыту, з тым што патрабуюць за камэрцыйныя крэдыты актывы ў заклад, ёсьць пытаньне аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. І наагул з тым, што Расея павінна быць крыніцай крызісу, які прыйшоў на Беларусь. Каб Лукашэнка мог потым сказаць: вось Расея нас не пускае — і таму мы вымушаны рабіць непапулярныя захады і рэформы”.

Паводле Яраслава Раманчука, беларускі бок таксама не пускае расейскія тавары на свой рынак. І гэта адказ на тое, што Расея адмаўляцца даваць грошы без усялякіх умоваў.

“Мы бачым такую жорсткую рэакцыю, бо цана на газ у першым квартале — 213 даляраў, з нафтаю таксама ўжо такой датацыі ня будзе. Расейцы ня хочуць пускаць беларускія тавары на свой дзяржаўны заказ.
Тое, што прайшлі чуткі, што будуць будавацца нейкія пункты пропуску тавараў на беларуска-расейскай мяжы, сьведчыць пра тое, што саюзная дзяржава дэ-факта падыходзіць да свайго лягічнага канца.
Гэта крызіс стасункаў, крызіс той мадэлі, якая была абрана паміж Беларусьсю і Расеяй. І тое, што прайшлі чуткі, што будуць будавацца нейкія пункты пропуску тавараў на беларуска-расейскай мяжы, сьведчыць пра тое, што саюзная дзяржава дэ-факта падыходзіць да свайго лягічнага канца”.

Таксама Аляксандар Лукашэнка зьвінаваціў расейскі бок: маўляў, той ня робіць канкрэтных крокаў па выкарыстаньні расейскага рубля ў якасьці рэгіянальнай рэзэрвовай валюты. І не дае крэдыту ў 100 мільярдаў расейскіх рублёў. Паводле маскоўскага палітоляга Андрэя Суздальцава, афіцыйны Менск адмаўляецца інфармаваць расейскі бок адносна плянаў продажу вытворчых актываў. Ён мяркуе, што Расея ня супраць даць крэдыт у 100 мільярдаў рублёў — але дзеля таго, каб на гэтую валюту перайшоў гандаль энэрганосьбітамі. А беларускі бок перайначвае: маўляў, няма рублёвай масы для гандлю.

Андрэй Суздальцаў
“Выбачайце, але чым жа гандлявалі раней? Якую масу выкарыстоўвалі? Хадзіў даляр. Ну праканвэртуйце даляр на рубель, і будзе вам рубель. Гэта такая беларуская манера: грошы былі, грошы зьніклі. Яны хочуць, каб Расея пракрэдытавала беларускі экспарт на расейскі рынак. Крэмль павінен купіць беларускія тавары, якімі забітыя склады ў Беларусі. А што будзе рабіць Крэмль з гэтымі трактарамі і МАЗамі? А потым высьветлілася, што гэтыя грошы патрэбныя для вырашэньня сацыяльных пытаньняў у Беларусі. Каб паказаць насельніцтву, што Масква аплочвае дрэйф Лукашэнкі на Захад. Таму ніякага пераходу на расейскі рубель няма. Вырашаецца праблема ўлады. Патрэбны грошы на ўладу”.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG