Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выжыць бяз працы?


Чарга ў цэнтар занятасьці ў Баранавічах
Чарга ў цэнтар занятасьці ў Баранавічах

Атрымаць статус беспрацоўнага, і тым больш дапамогу, ня так лёгка, таму людзі ня маюць ахвоты зьвяртацца у службу занятасьці. А тым часам колькасьць беспрацоўных расьце – людзей скарачаюць, вяртаюцца гастарбайтэры з Расеі, Украіны. Як яны выжываюць?

Паводле інфармацыі Белстату, беспрацоўных у Беларусі крыху больш за 40 тысяч, меней за 1%. У гэтыя лічбы не паверыў нават кіраўнік ураду, назваўшы гэтыя лічбы “гламурнымі”. З зарэгістраваных ў службе занятасьці толькі палова атрымлівае дапамогу па беспрацоўі, сярэдні памер якога 47 тысяч рублёў (17 даляраў). Трывогу пра мізэрны памер дапамогі па беспрацоўі пакуль выказваюць толькі прафсаюзы -- і незалежныя, і афіцыйныя. Старшыня савету Беларускага прафсаюзу аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаўніцтва Валеры Кузьміч кажа:

“Дапамога па беспрацоўі ў 47-50 тысяч — гэта нікуды ня ўкладваецца. Трэба казаць хаця б пра бюджэт пражытковага мінімуму. Але трэба ставіць пытаньне і пра перагляд мінімальнага спажывецкага бюджэту, бо разьлікі састарэлыя, заніжаныя, гэта крайне недастаткова”.

Але ўлады пакуль не зьбіраюцца павялічваць памер дапамогі па беспрацоўі. Асноўны аргумэнт – гэта можа прывесьці да зьяўленьня слоя ўтрыманцаў, якія наагул ня захочуць працаваць, а будуць жыць на дапамогу. Але ж кожны працаўнік штомесяц адлічвае ў фонд занятасьці працэнт ад свайго заробку, таму можа разьлічваць на пэўную, так бы мовіць, страхоўку на пэрыяд беспрацоўя. Тым больш, кіраўнік дзяржавы пастаянна кажа пра сацыяльна арыентаваную эканоміку.

На думку Аляксандра Кавалёва, ва ўмовах крызысу сапраўды трэба адмаўляцца ад падвышэньня заробкаў. Але ніжэйшы пункт, памеры сацыяльных выплат павінны наблізіцца да мінімальнага заробку:

“Калі гэта дапамога па беспрацоўі была на ўзроўні мінімальнага заробку мінус адзін рубель – і менш, чым мінімальны заробак, і пры гэтым, калі дапусьціць, што мінімальны заробак – гэта тое, што дазваляе чалавеку выжыць, тады б такая лічба дапамогі была ня штучная, нармалёвая і звычайная. Але ў сёньняшніх умовах, калі яна каля 50 тысяч, і калі сапраўды беспрацоўя будзе шмат, я думаю, нікуды ня дзенуцца ўлады, пры масавым беспрацоўі будуць яны вымушаныя нейкім чынам здымаць сацыяльную напружанасьць. І, можа, нават павышэньнем гэтай дапамогі”.


На думку эканаміста Аляксандра Кавалёва, дзяржава павінна шукаць шляхі пераразьмеркаваньня працоўных. Заўсёды быў дэфіцыт кадраў, да прыкладу, у сельскай гаспадарцы, некаторых іншых галінах.

“Лепш працаваць хоць трошкі, чым сядзець на той дапамозе ў 50 тысяч. Я лічу, што выйсьце з крызысу – на шляхах пераліву капіталу ў тыя галіны, якія бліжэй стаяць да канечнага пакупніка прадукцыі. Мы павінны будзем вырабляць тыя тавары, без якіх чалавек не абыходзіцца. Нічога ня будзе з прадуктовай галіной – бо колькі людзі елі, столькі і будуць есьці. І гэтая галіна будзе на сваім узроўні на аб’ёму вытворчасьці”.

Будуць людзі набываць адзеньне, абутак, тавары першай неабходнасьці, хадзіць у цырульні. Вырабляць трэба толькі тое, што рэалізуецца. Пра гэта заявіў і старшыня Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч. Дарэчы, ён ацаніў што ад 500 да 900 тысяч працаздольнага насельніцтва нідзе не працуе і ня вучыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG