Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Андэрсан: “Калі я выйду ў адстаўку, то проста памру”


Ян Андэрсан
Ян Андэрсан

Сёньня ў менскім Палацы спорту адзіны канцэрт у Беларусі дасьць славуты брытанскі рок-гурт “Jethro Tull”.

Заснавальнік, вакаліст, флейтыст, гітарыст каманды Ян Андэрсан напярэдадні выступу падзяліўся рэцэптам сцэнічнага доўгажыхарства, расказаў пра жыцьцёвыя і музычныя прыярытэты, прызнаўся ў апазыцыі да “Beatles”, ня выключыў сумеснай працы зь беларускімі фольк-камандамі, а таксама расказаў пра вырошчваньне перцаў і ратаваньне дзікіх катоў.

За 40-гадовую гісторыю існаваньня “Jethro Tull” праз гурт прайшлі блізу трох дзясяткаў музыкаў. Да гэтага часу вытрымалі маратон толькі двое — уласна Ян Андэрсан і гітарыст Марцін Бар. Ян Андэрсан параўноўвае свой калектыў з футбольнай камандай, якая не абыходзіцца бяз вымушаных заменаў:

мы чымсьці нагадваем футбольную каманду ...
“Хто будзе на сцэне сёньня? Перш за ўсё, гітарыст Марцін Бар, які 39 гадоў грае ў калектыве, які сам па сабе знакавая фігура — усім добра вядомы голас ягонай гітары. За бубнамі — Дуан Пэры, 25 гадоў у “Jethro Tull”, з 1984-га. На бас-гітары — Дэйв Гуд’ер, часьцей выступае як запрошаны музыкант у сола-праектах Яна Андэрсана, а ня “Jethro Tull”. За клявішнымі — Джон О’Хара, які ўдзельнічае ў маім праекце “Sympfo Tull” — тыя ж песьні, якія ўсе ведаюць у рок-выкананьні, аранжыраваныя для сымфанічнага аркестру. Апроч мяне, яшчэ чатыры музыканты і аркестар з 30—40 чалавек. Увогуле мы чымсьці нагадваем футбольную каманду. Нехта руку пашкодзіў, ня можа гуляць, камусьці захацелася паехаць з жонкай у адпачынак. Таму часта даводзіцца набіраць іншых людзей, якія выконваюць у групе функцыі музыкантаў”.

Як удакладняе Ян Андэрсан, у часе гастроляў да “Jethro Tull” нярэдка далучаюцца рэгіянальныя артысты — ад ужо згаданых сымфанічных аркестраў да фольк-музыкаў. У зьвязку з апошнімі Андэрсан выказаў спадзяваньне на магчымую супрацу зь беларускімі этна-выканаўцамі:

“У прынцыпе, я вельмі часта працую з запрошанымі музыкамі. Нават з тымі, хто ніякага дачыненьня ня мае да рок-музыкі. Мне вельмі падабаецца індыйская музыка. Ёсьць вядомая выканаўца на музычным інструмэнце сітар — Анушка Шанкар, дачка вядомага Раві Шанкара, дык ня так даўно мы гастралявалі па Індыі. Я даваў канцэрты, дзе запрошанымі гасьцямі былі скрыпачкі. На жаль, я зусім ня ведаю беларускай фальклёрнай музыкі, хоць мне сказалі, што тут ёсьць вельмі цікавыя калектывы і фольк вельмі разьвіты. Мяне гэта зацікавіла, і як толькі я дабяруся да інтэрнэту, пастараюся пакапацца — што ў вас ёсьць цікавага? Тэарэтычна я не выключаю магчымасьці сумеснай працы, бо мне заўсёды гэта цікава. Я насамрэч зь вялікай цікавасьцю слухаю менавіта такую музыку. Ні ў якім разе ня трэба, каб гэта была рок ці поп-музыка, а менавіта чысты акустычны фольк”.

Не сакрэт, што ў музычным сэнсе людзям з такім вялізным творчым досьведам дагадзіць досыць цяжка. Ян Андэрсан не хавае, што ў музыцы досыць пераборлівы:

я ненавіджу, калі граюць на гавайскай гітары ...
“Я не магу сказаць, што нешта мне падабаецца ці не падабаецца. Я ня супраць слухаць музыку, але звычайна праз 5—10 хвілін страчваю ўсякую цікавасьць да таго, што слухаю. Хвілін пяць магу слухаць “Motorhead”, і гэтага дастаткова. Магу слухаць ангельскую фальклёрную ці сярэднявечную музыку, магу слухаць амэрыканскі джаз. Але, зноў жа, у мяне цярпеньня хапае на 10 хвілін, бо я слухаю музыку з утылітарнага гледзішча. Я спрабую вылавіць у кожным жанры, у кожным творы нейкія кавалкі, якія падштурхоўваюць мяне на пэўную крэатыўнасьць; я спрабую гэтыя кавалачкі сабраць і склеіць у пэўны гібрыд, каб склалася сваё ўяўленьне музычнага твору з усяго, што я пачуў. Але існуюць два шумавыя эфэкты, якія мне не падабаюцца жахліва. Найперш, я ненавіджу, калі граюць на гавайскай гітары, проста не пераношу. І другое, калі граюць на бубнах у карыбскім стылі. Два гэтыя цуды я не ўспрымаю ўсім сэрцам”.

Сёлета Яну Андэрсану споўніцца 62 гады. Зьнешне ён мала нагадвае эксцэнтрычнага доўгавалосага юнака мяжы 1960—70-х, аднак па-ранейшаму падцягнуты і актыўны на сцэне, любіць зьдзіўляць напаўакрабатычнымі нумарамі. У чым сакрэт добрай формы?

шмат ляжу на канапе і гляджу СNN ...
“Нічога асаблівага я не раблю, што дапамагае мне заставацца ў добрай форме. Я вельмі шмат ляжу на канапе і гляджу СNN. А часам, калі мы спыняемся ў гатэлі, пазіраю з вакна, як Марцін Бар намотвае кругі вакол гатэлю, намагаючыся падтрымаць сябе ў форме, і гэта дае мне дадатковыя сілы. А калі казаць сур’ёзна, у той час, калі мы не гастралюем і я дома, то досыць часта карыстаюся бегавой дарожкай. Але казаць, што я раблю нешта адметнае дзеля падтрыманьня формы, то не. Само па сабе тое, што я раблю на сцэне — шоў ці пэрфоманс, — вельмі неслабое фізычнае практыкаваньне, якое падтрымлівае ў добрым тонусе. Гэта як аэробіка: паляпшаецца кровазварот, пачашчаецца пульс. У год я даю каля ста канцэртаў, і можаце сабе ўявіць, якая гэта фізычная нагрузка. У мяне боязь, што калі я выйду ў адстаўку і пайду на пэнсію, то проста памру. Таму што мне гэтага будзе не хапаць зь фізычнага пункту гледжаньня”.

Ян Андэрсан кажа, што ў кароткіх прамежках паміж актыўнай гастрольнай дзейнасьцю, напісаньнем новых твораў часу на іншыя заняткі застаецца ў абрэз. Ці існуюць усё ж захапленьні, якім аддаецца больш увагі?
люблю вырошчваць вострыя перчыкі...

“Мне цяжка сказаць, што ў мяне ёсьць пэўнае хобі, яны неяк ня вельмі ў мяне прыжываюцца і ўдаюцца. Увогуле, калі гэта цягне на хобі, дык я вельмі люблю вырошчваць вострыя перчыкі. Бо, шчыра кажучы, я вельмі люблю ежу з пахошчамі, са шматлікімі спэцыямі. І іншае — я вельмі люблю жывёлаў. У мяне ёсьць пара вельмі сымпатычных катоў, а таксама я задзейнічаны ў праекце захаваньня папуляцыі рэдкага віду дзікіх катоў. Гэта штосьці накшталт рысі”.

Пры канцы 2008 году было 40 гадоў падзеі, якая фактычна дала “Jethro Tull” пуцёўку ў доўгае творчае падарожжа. Такім адпраўным пунктам стаў удзел у тэлевізійным шоў “Rolling Stones Roсk and Roll Circus”, дзе Андэрсан апынуўся ў кампаніі з удзельнікамі “салянкі” “The Dirty Mac” у складзе Джона Ленана, Эрыка Клэптана, Кіта Рычардса, Ёка Она ды іншых. Гэты факт згадаў Віктар Маразевіч, гаспадар “Beatles-café”, дзе і адбылася сустрэча Яна Андэрсана са сваімі прыхільнікамі. Як знаўцу творчасьці “Beatles”, спадара Маразевіча цікавіла стаўленьне Андэрсана да лівэрпульскай чацьвёркі:

“Калі мне было 16 гадоў, мы гралі адну песьню “Вeatles”. Але мы здымалі яе не з таго, як гэта рабілі бітлы, а з кавэру той песьні ў выкананьні “Rolling Stones”. Я ніколі ня быў вялікім прыхільнікам “Вeatles” — не таму, што яны мне не падабаюцца. Гэта сапраўды была адна з самых аўтарытэтных камандаў у той час. “Вeatles” у 1960-я паказалі ўсяму сьвету: Брытанія можа рабіць ня проста добрую, а цудоўную музыку, такую, каб зацьміла амэрыканскую, якая для многіх была сымбалем музыкі як такой. Але, строга кажучы, прыхільнікам “Вeatles” ня быў ніколі… Што я адразу зрабіў, як трапіў у гатэль, дык зайшоў на сайт “Beatles-café”, спампаваў мэню і разаслаў сваёй камандзе, уключна з тэхнікамі. Каб тыя ведалі, што тут можна замовіць з кухні, якая падабалася “Вeatles”. Вы, напэўна, ведаеце, што бітлы спажывалі вэгетарыянскую ежу. У нашай групе таксама некалькі вэгетарыянцаў, у прыватнасьці — гітарыст Марцін Бар, які вельмі перажывае, ці не падсунуць яму, прыкладам, сьвіную катлету”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG