Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белая Ліпа: без жаніхоў і працы


Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 5 сакавіка.


Перад вандроўкай высьветліў, што па Сеньненшчыне за апошнія гадоў восем ня крочыла нага ніводнага свабодаўскага падарожніка. Мясьціны гэтыя аддаленыя ад асноўных транспартных магістраляў — дабіраўся з трыма перасадкамі. Тым ня менш, калі ішла апошняя выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў, менавіта тут, у вёсцы Ходцы, апазыцыйнаму кандыдату Сяргею Вазьняку ўпершыню за часы Лукашэнкі ўдалося засьведчыць ды давесьці да суду факт фальсыфікацыі вынікаў выбараў. А ў Белай Ліпе — нават перабудаваць на патрабаваньне выбаршчыкаў шматкватэрны дом. Якраз жа патэлефанаваў і даўні знаёмы — камуніст-апазыцыянэр Мікалай Петрушэнка, які таксама меўся праехаць па старых адрасах выбарчай кампаніі.

У вёсцы Белая Ліпа, што за 20 км ад Сянна, ідзем да мясцовага ФАПу, што адчынілі ў адным са шматкватэрных катэджаў. Спадар Петрушэнка пазнае знаёмага мэханіка ЖКХ, 45-гадовага Анатоля Барсукова.

Петрушэнка: “Гэты чалавек нам расказаў, падтрымаў у часе праверкі — “я той, хто ставіў перад кандыдатам пытаньне”. Мы ж ставілі яго перад пракурорам, Мінздравам...”

ФАП перад выбарамі адчынілі на першым паверсе. Узрушэньне жыхароў выклікала тое, што заходзіць ва ўласныя кватэры ім давядзецца разам з хворымі. Кажа спадар Барсукоў.

“І сухотныя, і на каросту — і дзеці маглі заразіцца, і жонка! Я хачу сказаць Вазьняку вялікі дзякуй — талковы чалавек. За яго галасаваў. А чаму ён ня выйшаў — гэта ўлада зрабіла. А я іх не баюся. Што яны мне зробяць — з працы выганяць? А я знайду за такія грошы! А трэба справядлівасьць шукаць, яна павінна быць...”

Паводле запытаў экс-кандыдата Вазьняка чыноўнікам давялося прызнаць факт “парушэньня санітарных нормаў ды правіл уладкаваньня мэдычных устаноў”. І ўрэшце прабіць у ФАП асобны ўваход. Пытаюся ў суразмоўцаў, чаму побач недабудаваныя, абгарэлыя дамы, кацельня, у якой крыж-накрыж забітыя вокны ды дзьверы.



Барсукоў: “Паглядзіце — у кацельнай яшчэ колькі мазуту ёсьць, а начальства ўсё закінула, разбурыла. Кацельная ацяпляла праўленьне, дамы. Забілі дзьверы, вокны — я забіваў. А цяпер і я дровы купляю. І плачу яшчэ грошы ў калгас за камунальныя. Во суседка Лена ідзе...”

Алена: “Ой, дровы даводзіцца на другі паверх насіць, яны дарагія. Дзялянку ўзяць немагчыма, бо вобласьць выкупіла лес. Плацім 170 тысяч за прычэп — купляю два прычэпы на зіму. А я працую тэхнічкай у школе — заробак 303 тысячы...”

Былога калгаснага сталяра, 40-гадовага Васіля Доўгага, сустракаем на цэнтральнай вуліцы. Чатыры гады ў Белай Ліпе не працуе — езьдзіць гастарбайтэрам у Маскву. У вёсцы адпачывае паміж вандроўкамі. Пра іх з ахвотай загаварыў.

Доўгі: “Зарабляў тут “мінімалку” — 100—200 тысяч рублёў. У Маскве 35—37 тысяч за 20 дзён. Тут вадакачка не працуе, калёнкі цераз адну. Каналізацыя забітая ўся цалкам. Клюб тры гады як разабралі. Можна было б самім усё зрабіць, каб грошы знайшлі. Высоцкі Валянцін Іосіфавіч быў старшынём, жонка яго галоўным эканамістам. Іх звольнілі за развал. Стаў Сапота Ўладзімір, зьнялі, потым Лёша Плешкаў на паўгода стаў — джыпы, тэхніку сабе закупіў. Цяпер ізноў вяртаюць Высоцкага. І тыя ж норавы. Пацан на машыне заляцеў крыху, прыходзіць да старшыні — “дай любую працу”. Высоцкі кажа — “у мяне няма працы да вясны”. Той кажа — “дык мне што, ісьці браць банк?!” Ну як старшыні казаць — “я цябе не вазьму”!”

Нібы ў якасьці жывой ілюстрацыі сказанага падышоў 22-гадовы даглядчык на фэрме Аляксандр Гайдукоў.

Гайдукоў: “Першы месяц працую, 150 заплацяць. У суткі з 8 да 12 і з 2 да 5. А куды ехаць?!”

Яшчэ кілямэтраў 10 — і мы ў Ходцах. Тры гады таму ў былым шпіталі адчынілі дом-пансіянат для састарэлых. Тут дажываюць век 20 бабулек з усёй Сеньненшчыны. 13 чалавек пэрсаналу, зь іх толькі адна мэдсястра. Але ўсярэдзіне чыста, сьвежапафарбавана. На сьценах іконы, карціны, кветкі. У сталоўцы шпарка завіхаецца шчуплая жанчына, што адна на дзяжурстве — спадарыня Раіса Пальчык.


Пальчык: “Чалавек 15 жадаюць сюды ў пансіянат. Бабулькі атрымліваюць пэнсію — 80% забіраем, 20 ім на іхныя патрэбы. Сьцены фарбавалі, столь бялілі мы самі...”

Яшчэ нядаўна Раіса Іванаўна мела статус сацыяльнага работніка. Цяпер, як і іншыя, ня ведае, у якія званы біць.

Пальчык: “Калі мы прыйшлі сюды, нам спачатку плацілі 380 тысяч. Былы дырэктар Суднік паабяцала, што калі ў вас будуць ляжачыя хворыя, будзем плаціць вам прэмію. А са студзеня сталі вельмі маленькі заробак плаціць — 280 тысяч, прэміі ня сталі даваць. Новы дырэктар раённага цэнтру сацыяльнай дапамогі Тамара Міхайлаўна Сьмірнова кажа, што ня ведае чаму. У нас бабка можа і галавой рубануцца, бо нічога ўжо не ўсьведамляе. Яшчэ бабуля памірае, ляжыць, усё пад сябе — за ёй прыбіраць. У кантракце не напісана нічога пра ляжачых хворых. Заключылі кантракт на год...”

Пакуль Мікалай Петрушэнка тлумачыць, у якія інстанцыі скардзіцца, знаёмлюся з тутэйшымі жыхаркамі. Самая знакамітая — амаль 90-гадовая спадарыня Настасься Салаўёва.

Салаўёва: “Падыміце кнігу “Памяць” раённую — там усе мае заслугі, фотаздымак мой, праца — ордэн Леніна, мэдалі “За трудовую доблесть”, “Ветеран труда”. Працавала 23 гады зьвеньнявой на ільну. Добрыя нормы былі — і “двойка”, і “паўтарачка”. Сын памёр, а дачка на Ўкраіне замужам ужо 60 год. Адна засталася, абясьсілілася...”

Начальства пра некалі знакамітую ільнаводку ня ўзгадвае. Памянёны старшыня Высоцкі нават капейкі ня даў бабулькам на калядны стол. Але 81-гадовая спадарыня Ларыса Краўчанка, дзякуючы пансіянату, яшчэ жыве на гэтым сьвеце.

Краўчанка: “Мы жанчыны вайны. У нас у Чароўках абутку не было, у лапцях. А маразы, а сьнягі. Мужа ў партызанах забілі. А мы ж аралі, бульбу сеялі. З тае пары ў мяне радыкуліт, ногі застуджаюцца. А сюды патрапіла — ногі забалелі, скруціла. І сагнулася, і нагамі не магу хадзіць. І тры дні праседзела ў хаце — вады не было папрасіць у каго, таму што тры чалавекі ў вёсцы — два па краёх, адна я пасярэдзіне. (Плача.) Тады пазваніла ў Сянно Тамары Мікалаеўне. Яна машыну зь дзяўчынкай прыслала, і забралі мяне сюды. Яны падлячылі, і цяпер троху хаджу...”

* * *

У Ходцах нават узімку зачароўваюць маляўнічыя сасновыя ды бярозавыя гаі ўздоўж возера зь берагамі, пакрытымі жоўтым пясочкам. Чым не агратурыстычны рай? Пытаемся ўжо ў старшыні сельсавету, спадарыні Шабусавай. Надзея Іванаўна, былая банкаўская служачая, уступіла на пасаду за тры месяцы да нашага прыезду. Яна ў разгубленасьці.

Шабусава: “Азёр у нас шмат: Белаліпскае, Ходцаўскае і Саро — самыя вялікія. Толькі думаем, як займацца агратурызмам. Мо ў гэтым годзе абяцаюць адшукаць нам людзей, якія будуць гэтым займацца. Ёсьць некалькі пустых будынкаў, але патрэбны вялікія ўкладаньні. Але не знаходзіцца ахвотных...”

Словы пра тое, што “нехта”, а ня самі чыноўнікі, будзе шукаць ахвотных на выгадную справу, непрыемна чапляюць. У сельсавеце ж 43 вёскі, каля 900 хатаў. У 2007 запачаткаваны аграгарадок. З інтанацыі адчуваецца, што першыя “посьпехі” ня ўражваюць і Надзею Мікалаеўну.

Шабусава: “Зроблены рамонт школы, сельсавету , на пошце, заканчваецца ў клюбе. Газыфікавана прыблізна 10—15%. Ахвотныя ёсьць, але дарагавата для людзей з-за аддаленасьці трасы — будзе ім абыходзіцца мільёнаў 15—16 і вышэй на хату. Адкуль такія грошы? Ёсьць праблемы па дарогах — выбіваюцца машынамі пастаянна. Сёньня мы іх загрэйдзіравалі, падсыпалі, на наступны год займаемся гэтай жа працай...”

Петрушэнка: “А Папкоў прыяжджаў сюды пасьля абраньня?”

Шабусава: “Пасьля абраньня — не...”

Я разумею пытаньне свайго спадарожніка. У часе выбараў, на якіх афіцыйна перамог былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Папкоў, у Ходцах быў засьведчаны ды запратакаляваны факт фальсыфікацыі. На мясцовай жывёлагадоўчай фэрме за амаль два дзясяткі выбарцаў датэрмінова прагаласавала брыгадзір Фаіна Ананенка. Дабраславіла на падлог ды выдала фальшывыя бюлетэні сябра выбаркаму, настаўніца пачатковых клясаў Натальля Нікіціна. За што апошнюю параўнальна нядаўна асудзілі ды аштрафавалі на 20 базавых велічынь. Паколькі Нікіціна сустракацца з журналістамі катэгарычна адмаўляецца, пытаемся пра рэакцыю тутэйшых уладаў у старшыні сельсавету Шабусавай.

Шабусава: “Канечне, была вельмі разгубленая. Уся камісія дапамагла і скінулася на гэты штраф. Такое магло здарыцца з кожным. Яна апынулася крайняй...”



Ідзем да адзінага ў вёсцы апазыцыянэра, сябра ПКБ, экс-старшыні калгаса, спадара Галубцова. Пакуль 77-гадовы Ўладзімір Міхайлавіч распрагае на двары каня, Петрушэнка знаёміць зь мілавіднай жонкай, якая ад прадстаўленьня заліваецца звонкім сьмехам.

Петрушэнка: “Надзея Іванаўна, Галубцову баявая падруга!” (Сьмех.)

Пытаемся, што Галубцовы цягнуць па гаспадарцы. Спадар Уладзімір таксама падышоў.

Галубцова: “Конь, карова, куры, пару сьвіней не купілі — на кірмашы не было. Парася зараз каштуе 200 тысяч рублёў, а кг камбікорму — паўтары тысячы. Дык і тых не было...”

Карэспандэнт: “Аграгарадок выратаваў Ходцы?”

Галубцоў: “За 2—3 гады ўсё дайшло да ручкі. Сходы з насельніцтвам не праводзяцца. Не патрабуюць сеяць лён, бульбу, а толькі зерне і траву. Тры месяцы таму эканамістаў прыслалі, і заробак ізноў падае. Няма ратацыі, бо сеецца адно зерне, ураджай упадзе — і будзе бяда. Засьценкі абвясьцілі — хто пойдзе туды? Да гэтага 70 год рыхтавацца. Во хтосьці да нас ідзе...”

Гэта ня ўседзелі ды прыйшлі паслухаць, пра што мы гаворым, старшыня Шабусава ды дырэктарка пансіянату Шчарбакова. Што ж, Мікалай Петрушэнка слова не пазычае.

“Хачу нагадаць, што адыходзіць штогод 2,5% вясковага насельніцтва. Памешчык з СВК “Белая Ліпа”, якога не хвалюе лёс бабулькі з высокімі ўзнагародамі! Агратурызм — кабыла не валялася, нават ня ведаюць чыноўнікі. Жывуць, як тыя трутні. Старанна адпіхваюць, калі ўзьнікаюць новыя ініцыятывы. Час іх абганяе. Але на ўвесь белы сьвет фактычна заяўляюць, што і далей будуць мухляваць выбарчымі бюлетэнямі. Цяжка прыхільнікам дэмакратыі. Але ж спакою слугам рэжыму мы не дадзім!”

На прыпынку Белая Ліпа, па вяртаньні назад, уступаем у гаману з трыма неразлучнымі сяброўкамі, якія нават адказваюць хорам:



Карэспандэнт: “У якой клясе вучыцеся?”

Дзяўчаты: (хорам ): “У дзявятай! Мы пешшу ходзім за 2 км. Праблема з транспартам, няма дыскатэкі. Быў бы, маглі б езьдзіць у суседнія вёскі...”

Карэспандэнт: “У вёсцы хочаце заставацца?”

Дзяўчаты: (хорам ): “Не-е! Дрэнныя дарогі, пэрспэктыў няма, жаніхоў! (Сьмех.) Заробак маленькі — тысяч 200, пражыць нерэальна...”

Карэспандэнт: “А кім хацелі б працаваць?”

Дзяўчаты: “Юрыстам... Праграмістам... Інжынэрам якім-небудзь — Белая Ліпа не для нас...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG