Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці скароціцца сьпіс “невыязных”?


Анатоль Лябедзька трымае пашпарт, на якім стаіць пячатка “У выездзе адмоўлена”

Камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ абмяркоўвала праект закону аб перамяшчэньнях грамадзянаў Беларусі за мяжу і на тэрыторыю краіны.


Прадстаўнікі апазыцыі, якія трапілі ў “чорны сьпіс” асобаў, якім забаронены выезд за тэрыторыю Беларусі, лічаць, што дзеяньні ўладаў груба парушаюць дзейнае заканадаўства і служаць рычагом ціску на дзеячаў дэмакратычнай супольнасьці.

Вялікая частка законапраекту прысьвечаная пытаньням выезду непаўналетніх грамадзянаў Беларусі. Плянуецца, што яны змогуць выяжджаць зь Беларусі ў суправаджэньні аднаго з законных прадстаўнікоў бяз згоды другога. У выпадку, калі адзін з законных прадстаўнікоў ня згодзен, ён мае права зьвярнуцца ў суд з заявай аб вызначэньні іншага парадку выезду. Гэта ня тычыцца тых выпадкаў, калі непаўналетні выяжджае для лячэньня і аздараўленьня. На падставе рашэньня суду аб вызначэньні парадку, адрознага ад агульнага правіла, зьвесткі пра дзіця і вызначаны судом парадак яго выезду ўключаюцца ў банк зьвестак пра грамадзян, чыё права на выезд часова абмежаванае.

Дэпутаты адмовіліся паведаміць “Свабодзе” вынікі паседжаньня, якое адбывалася пад старшыняваньнем Яўгена Мельнікава:

“Ён сказаў, што яго сёньня ня будзе. Ён будзе заўтра”.

Паводле новага закону, грамадзяніну, якому часова не дазваляюць перасякаць мяжу, будзе дазволены выезд, калі ён мае патрэбу ў тэрміновым лячэньні, або мусіць удзельнічаць у крымінальным працэсе, або едзе на пахаваньне сваяка.

Цягам году некаторыя апазыцыянэры сутыкаліся зь перашкодамі на беларускай мяжы, калі спрабавалі выехаць у замежжа.

Раней старшыня беларускага КДБ Юры Жадобін на прэсавай канфэрэнцыі заяўляў, што ў краіне ёсьць 1867 дэструктыўных элемэнтаў і спэцслужбы іх добра ведаюць.

Прозьвішчы актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху ўнесены ў так званы “чорны сьпіс”, які, акрамя КДБ і МУС, падае й Міністэрства абароны, тлумачачы гэта тым, што юнакі дасягнулі прызыўнога ўзросту. Пры гэтым крымінальных спраў за ўхіленьне ад службы ў войску супраць хлопцаў няма.

Пасьля выбуху бомбы падчас сьвяточнага канцэрту 4 ліпеня сьледчыя дапыталі дзясяткі тысяч грамадзянаў. Шмат хто зь іх пасьля гэтага трапіў у “сьпіс невыязных”. Апынуліся там і прозьвішчы лідэраў усіх незарэгістраваных моладзевых арганізацый. На ўсе запыты яны атрымліваюць адказ, што тэрыторыю Беларусі ім пакідаць “немэтазгодна”, і спасылку на крымінальную справу, нягледзячы на тое, што яны ня маюць статусу падазраваных.

Многія студэнты, якія вучацца ў літоўскіх ВНУ, пазбаўленыя магчымасьці трапіць на сэсію з-за штампу ў пашпарце “У выезьдзе за мяжу адмоўлена”. Сярод іх лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

Зьміцер Дашкевіч і Анатоль Лябедзька ў часе "марша невыязных"
“Зьвяртаўся ў розныя дзяржаўныя інстытуты з просьбай патлумачыць мне прычыну маёй “невыязносьці”, удзельнічаў у розных акцыях пратэсту ў сувязі з тым, што ў Беларусі ёсьць палітневыязныя. У апошнім адказе, які мне даслала рэспубліканская пракуратура, напісана, што быццам бы я выязны і быў выязны ўвесь час.

Бліжэйшым часам я паспрабую гэта праверыць. Я вучуся ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце і, калі летась вызваліўся са Шклоўскай калёніі, паспрабаваў паехаць на вучобу, каб працягнуць сваё навучаньне. Тады мне паставілі на беларуска-літоўскай мяжы штамп у пашпарт”.

6 лістапада і 10 сьнежня летась лідэр АГП Анатоль Лябедзька ўдзельнічаў у вулічных акцыях пратэсту разам зь лідэрам “Правага альянсу” Юрасём Карэтнікавым, актывістамі “Маладога фронту” Паўлам Кур’яновічам і Настай Палажанкай. З шыльдамі на грудзях “Я палітневыязны” яны наведалі МУС, Генэральную пракуратуру і адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.

Гаворыць Анатоль Лябедзька:

“Ня маю вялікага аптымізму, што прызначаныя дэпутаты прымуць такое заканадаўства, якое зьліквідуе інстытут палітневыязных зь Беларусі. Я вымушаны літаральна на гэтым тыдні праводзіць нейкія публічныя акцыі дзеля таго, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці, у тым ліку й уладаў, што ў краіне існуе прыгоннае права, як некалькі стагодзьдзяў таму, калі людзі былі прывязаныя да нейкай мясцовасьці. Так і на сёньняшні дзень. Гэта пытаньне не прававое. Яно палітычнае”.

Анатоль Лябедзька атрымлівае адказы на свае шматлікія звароты. Пакуль яму пішуць, што пытаньне разглядаецца.
XS
SM
MD
LG